Кастрама – Беларусь: двухбаковыя гуманітарныя адносіны

Кастрама – Беларусь: двухбаковыя гуманітарныя адносіны

У Мінску на чале з намеснікам губернатара Юрыя Макава пабывала дэлегацыя Кастрамской вобласці. Прайшлі перамовы ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якое ва Урадзе краіны адказвае за развіццё адносін Беларусі з Кастрамской вобласцю. Удзельнікі дэлегацыі наведалі шэраг беларускіх прадпрыемстваў, з якімі ўжо наладжаны добрыя партнёрскія сувязі.

Гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Кастрамской вобласцю ў 2018 годзе склаў болей за 70 мільёнаў долараў. У Беларусі і Кастрамской вобласці ў апошнія гады рэалізавана даволі шмат сумесных ініцыятыў, якія самым непасрэдным чынам звязаны з гуманітарным складальнікам беларуска-расійскіх сувязяў.

З боку Кастрамской вобласці іх каардынуе загадчык інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Кастрамской вобласці Ірына Жабко. Выступаючы на сустрэчы ў Міністэрстве інфармацыі нашай краіны, спадарыня Жабко заўважыла, што развіццю стасункаў спрыяе шырокая інфармацыйная прастора. Толькі за апошні час на старонках друкаваных СМІ, у інтэрнэт-рэсурсах Кастрамской вобласці з’явілася болей за 300 публікацый, прысвечаных беларускай тэматыцы. Гэта датычыцца і тых падзей, якія адбываюцца ў Беларусі, і непасрэдна ініцыятыў, звязаных з сумеснымі праектамі Беларусі і Кастрамы, Кастрамской вобласці.

Спадарыня Ірына Жабко нагадала пра сяброўства славутага расійскага літаратуразнаўцы Ігара Дзядкова і народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Менавіта Ігар Дзядкоў падтрымаў памкненні Васіля Быкава да праўдзівага адлюстравання падзей Вялікай Айчыннай вайны. Кастрамскі крытык часта выступаў у друку з артыкуламі і рэцэнзіямі, прысвечанымі легендарнаму беларускаму пісьменніку, напісаў кнігу пра аўтара ваенных аповесцяў. Зараз паміж Беларуссю і Кастрамской вобласцю прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні дакументальнага фільма, прысвечанага гэтай тэме.

– Мы ведаем, як у Беларусі ставяцца да памяці пра Вялікую Айчынную вайну, – зазначыла Ірына Уладзіміраўна, – і таму ініцыюем разам з беларускім бокам творчы конкурс на лепшую публікацыю, прысвечаную ваеннай тэматыцы. Вынікі яго падвядзём у пярэдадзень 75-годдзя Вялікай Перамогі. А яшчэ добра было б развіваць адносіны паміж нашымі школьнікамі. Мяркую, што ў бліжэйшы час мы абавязкова прыйдзем да гэтага.

У час візіту ў Беларусь прадстаўнікі Кастрамской вобласці звярнулі ўвагу і на вартасці турыстычнага патэнцыялу. Безумоўна, магчымасці Беларусі ў прадстаўленні турыстычных паслуг патрабуюць болей шырокай рэкламы і інфармацыйнага суправаджэння.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Опубликовано:
Просмотров:
1 054