«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» — 2021

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» — 2021

Добрай традыцыяй стала правядзенне фестывалю «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» ў музеі «Замкавы комплекс “Мір”». Упершыню такія стасункі пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў з чытачамі прайшлі 15  чэрвеня 2019  года. Другі кніжны фестываль праводзілі, нягледзячы на пандэмію каронавіруса, і ў 2020 годзе — 20 чэрвеня.

Ва ўстанове «Музей “Замкавы комплекс «Мір»”» адбылася рабочая сустрэча з нагоды абмеркавання, якімі будуць III «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» ў 2021 годзе. Папярэдняй датай правядзення форуму, прысвечанага гістарычнай, асветніцкай літаратуры Беларусі і суседніх краін, вызначаны 20-21 чэрвеня.

Дырэктар «Замкавага комплексу “Мір”» Аляксандр Лойка адзначыў, што папулярызаваць сучасную кнігу на тэмы гісторыі і асветніцтва варта, выкарыстоўваючы выразныя сродкі прапаганды. «Сёння, нягледзячы на лічбавізацыю, развіццё інфарматызацыі, цікавую, вартую ўвагі кнігу чытаюць і людзі сталыя, і моладзь, і падлеткі. Важна толькі арганізатарам культурна-асветніцкага жыцця разглядаць мастацкую, адукацыйную літаратуру як частку культуры»,  — заўважыў кіраўнік музея.

Мастацтвазнаўца Ала Зміёва ў абмеркаванні праграмы III  «Кніжных сустрэч у Мірскім замку» акцэнтавала ўвагу на сувязь кнігі з выяўленчым мастацтвам. Нагадала, у прыватнасці, што сёлета і выстаўка экслібрыса Беларусі, і выстаўка, звязаная з адлюстраваннем гісторыі беларускага кнігадрукавання выяўленчымі сродкамі, і вернісаж кніжнай графікі ў дзіцячым кнігавыданні Беларусі і Эстоніі склалі выдатную пляцоўку для дыскусій, абмеркавання розных пытанняў сучаснага кнігавыдання, сучаснага літаратурнага працэсу. Ала Барысаўна сказала і пра тое, што варта было б шырэй прадставіць у 2021 годзе беларускі кніжны знак, а мо і запрасіць да ўдзелу ў фестывалі калекцыянераў і кніжных графікаў з іншых краін. «А чаму б ні правесці конкурс на лепшы кніжны знак у гонар Мірскага замка і яго 500-годдзя?» — прапанаваў Аляксандр Лойка.

Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Аляксандр Карлюкевіч выказаўся пра неабходнасць прыцягнення да ўдзелу ў III «Кніжных сустрэчах у Мірскім замку» пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, іншых краін. І ўжо цяпер пра сваю цікавасць да фестывалю ў Міры выказалі гістарычныя пісьменнікі з Масквы  — Яўген Анташкевіч, Мікалай Чаркашын, Ларыса Чаркашына, Валерый Казакоў, галоўны рэдактар «Литературной газеты» Максім Замшаў, з Варшавы — Яцэк Палкевіч, з Кіева  — Ірына Данеўская, Галіна Тарасюк, Уладзімір Даніленка, з Ташкента  — Рысалат Хайдарава, Сіражытдзін Саідаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
576