МаладосTEAM!

МаладосTEAM!

Першая сустрэча ў фармаце «МаладосTEAM на ўвесь свет” як частка новага піяр-кроку часопіса “Маладосць” пад назвай “Больш чым часопіс” адбылася 30 кастрычніка на кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

«МаладосTEAM на ўвесь свет” — гэта мабільны фармат жывых рэдактарскіх лекцый, распрацаваны спецыяльна для студэнтаў розных устаноў вышэйшай адукацыі. Цыкл лекцый уключае тэмы, актуальныя як для будучых лінгвістаў, філолагаў, журналістаў, выдаўцоў, так і ўвогуле для прадстаўнікоў творчай мэтанакіраванай моладзі. Адны з іх маюць пераважна асветніцкі характар, іншыя знаёмяць непасрэдна з выданнем. Анкетаванне, якое праводзіцца падчас лекцыі, мае падвойную мэту: часопісу яно дапаможа яшчэ больш выразна бачыць сваю мэтавую аўдыторыю, а студэнтам дасць магчымасць больш ведаць пра часопіс і адкрые перспектывы супрацоўніцтва з рэдакцыяй. Улічваючы апошнюю акалічнасць, найбольш прывабная аудыторыя для анкетавання і правядзення лекцый — студэнты першага і другога курсаў, але рэдактары “Маладосці” гатовы наведаць любую аўдыторыю любога курса любога ўніверсітэта. У бліжэйшым графіку рэдакцыі — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе таксама вучацца аўтары часопіса і дзе праект набудзе рысы прэзентацыі свежага нумара. На чарзе дзве сустрэчы на журфаку БДУ, падчас якіх студэнты ў класічнай лекцыйнай форме пазнаёмяцца з гісторыяй часопіса і нестандартнымі тэхналогіямі літаратуразнаўства. Далей чакаюць сустрэчы ў Мінскім лінгвістычным і Гродзенскімі купалаўскім універсітэтах, а пазней і ў многіх іншых — як па прапановах рэдакцыі, так і па запрашэннях саміх устаноў.

Стартавалі ж “Маладосцеўцы” з гэтым сваім праектам — «Больш чым часопіс» — у сценах Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Дзве вячэрнія студэнцкія “пары” былі аддадзены рэдактарам, якія правялі дзве лекцыі —“Пра што “Маладосць”. Учора і сёння часопіса-мары” і “Папяровая кніга, яе ўчора, сёння і заўтра”.

 Маладосць2.jpg

Сустрэча са студэнтамі выявіла іх жаданне ствараць — пісаць, фатаграфаваць, здымаць відэа — і быць запатрабаванымі. Некаторыя з іх у бліжэйшы час дакладна атрымаюць прапановы ад часопіса аб супрацоўніцтве, таму што і “Маладосць” зацікаўленая ў навейшых формах падачы інфармацыі і яе змесце.

Што паказала першае анкетаванне? Радок “ Кепскі тэкст — гэта…” працягваўся, да прыкладу, такімі выразамі: “шмат слоў, але мала сэнсу”, “тэкст, які быў напісаны, абы быць напісаным”, “набор думак, якія нельга пераказаць пасля прачытання”, “тэкст без ідэі” (варыянт — “без формы”), “сухі тэкст на сумную тэму”, “неадрэдагаваны”, “насычаны канцылярызмамі, лішнімі словамі, літаральна вадой”. На пытанне “Якой павінна быць сучасная публіцыстыка?” атрыманы сярод іншых такія адказы: “Новай, выкарыстоўваць слэнг”, “Шчырай, не баяцца спрэчак”, “Смелай і хуткай”, “Сэнсава ёмістай, даваць не толькі інфармацыю, але і нагоду для роздуму”. Радок “Уяві, што табе трэба прадаць рубрыку. Як бы ты назваў яе, каб прадаць даражэй?” змяшчаў даволі цікавыя варыянты, і аўтарам іх у бліжэйшы час будуць зроблены творчыя прапановы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса “Маладосць”. 

Опубликовано:
Просмотров:
758