Маладыя парасткі на паэтычнай ніве Нясвіжскай зямлі

Маладыя парасткі на паэтычнай ніве Нясвіжскай зямлі

Свята паэзіі і музыкі падаравала чытачам Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы маладая паэтка Вераніка Луня падчас прэзентацыі свайго першага зборніка паэзіі “Табе. І толькі табе”.

Свята паэзіі і музыкі падарыла чытачам Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы маладая паэтка Вераніка Луня падчас прэзентацыі свайго першага зборніка паэзіі “Табе. І толькі табе”.

Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў Мінску. Яна ўключае вершы, напісаныя на  працягу шаснаццаці гадоў. Многія з іх нарадзіліся на Нясвіжчыне, бо сама Вераніка — ураджэнка Снова. Яна скончыла Сноўскую сярэднюю школу, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. 

Яшчэ школьніцай Вераніка (тады яна была Айралава) надрукавала на старонках раённай газеты свой першы верш, прысвечаны матулі.

Менавіта з гэтага твора яна пачала знаёміць са сваёй паэзіяй сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” падчас аднаго з пасяджэнняў. 

Разам з нясвіжскімі паэтамі Вераніка адправілася ў Мінск, каб прадставіць сваю творчасць на больш высокім узроўні – у народным клубе кампазітараў і  паэтаў “Жывіца” пад кіраўніцтвам члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, члена Беларускага саюза музычных дзеячаў Ірыны Карнаухавай. Тады юнай паэтцы было ўсяго 14 гадоў.

А потым яе вершы былі ўключаны ў калектыўны зборнік нясвіжскіх аўтараў “Букет валошак” і абласныя зборнікі “Подых нябёсаў”, “Калі бярэшся за пяро”, “На воблачку душы”, “Там за рэчкай, у бары”. 

У 2018 годзе маладая паэтка стала членам Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.

Калісьці Вераніка не ведала, якую назву даць вершу, прысвечанаму каханаму чалавеку, які пасля стаў яе мужам.

— Назаві “Табе. І толькі Табе”, — параіла маці.

Сёння матулі маладой аўтаркі ўжо няма на свеце, але лепшай назвы для сваёй першай кнігі, чым тая, што прыдумала мама, яна не знайшла. Толькі адрасавана яна не аднаму чалавеку, а кожнаму чытачу, якому надарыцца магчымасць узяць кнігу ў рукі.

Зборнік “Табе. І толькі табе” хутка з’явіцца на паліцах бібліятэк Нясвіжскага раёна, і кожны чытач зможа пазнаёміцца з творчасцю маладой паэткі.

Першае свята ўласнай паэзіі ў жыцці Веранікі Луні адбылося на яе роднай зямлі, сярод землякоў. "А дзе ж была музыка?", – спытаеце.

У зале словы вершаў пра каханне гучалі пад задуменную мелодыю саксафона ў выкананні Канстанціна Цямрызава.

Акрамя вершаў пра каханне Веранікі Луні, гучалі творы ўдзельніц раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Шаблоўскай і Наталлі Бордак, якія таксама былі вельмі прыхільна прыняты гасцямі бібліятэкі.


Крыніца: nesvizh-news.by

Опубликовано:
Просмотров:
636