Мір-2020: свята кнігі і мастацтва

Мір-2020: свята кнігі і мастацтва

20 чэрвеня ў Міры, на Карэліччыне, пройдзе II фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку». Заснавальнікі, арганізатары гэтага творчага праекта – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, ААТ «Белкніга», Замкавы комплекс «Мір».

Сёлета ўплыў на правядзенне гэтага свята накладвае, несумненна, пандэмія каранавіруса. Таму большасць мерапрыемстваў, запланаваных у праграме фестывалю кнігі, пройдзе ў камерным, лаканічным фармаце, з разлікам на тое, што асноўная іх аудыторыя будзе ў Інтэрнэт-прасторы. Відавочным падаецца анлайн-рэжым «Кніжных сустрэч у Мірскім замку». Але ж звернемся да праграмы свята.

Адкрыюцца «Сустрэчы…» урачыстай цырымоніяй, дзе сваю імпрэзу правядзе народны ансамбль старадаўняй музыкі «Контрданс». Пасля нямногіх гасцей свята запросяць на адкрыццё выстаўкі работ мастака Юрыя Крупянкова «Памяці мястэчка». І пакуль усе, хто пажадае, будуць знаёміцца са шчымлівымі палотнамі чуйнага да гісторыі майстра (на трэцім і чацвёртым паверхах паўночна-ўсходняй вежы замка), літаральна праз лічаныя хвіліны пачне сваю працу выстаўка «500 год. Мастацтва, кніга, мастацтва кнігі».

Куратар гэтага і іншых праектаў мастацтвазнаўца Ала Зміёва пракаментуе ў Слановай зале усходняга корпуса палаца (а гэта другі паверх) тыя творы, якія сабраны на выстаўцы, раскажа пра здзяйсненні ў галіне кніжнай графікі Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенкі і іншых выбітных мастакоў нашай Бацькаўшчыны, чыя творчасць звязана з кнігай, кніжнай графікай. У паўночным корпусе палаца на другім паверсе нас чакае сустрэча з выстаўкай «Рэтраспектыва беларускага экслібрыса». А тым часам ў краме «Сувеніры» (таксама паўночны корпус палаца, але ўжо першы паверх) будуць урачыста адкрыты кніжныя паліцы ААТ «Белкніга».

У вялікай канферэнц-зале пісьменнікі, дзеячы нацыянальнай культуры збяруцца на круглы стол «Замкавы комплекс “Мір” – аб’ект сусветнай спадчыны ЮНЭСКА». Мадэратарам круглага стала выступіць дырэктар Замкавага комплекса «Мір» Аляксандр Лойка. Лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» вядомы філакартыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Ліхадзедаў уручыць падборку кніг з уласнай бібліятэкі музею «Замкавы комплекс “Мір”», Мірскай бібліятэцы, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Як толькі круглы стол завершыцца, яго ўдзельнікаў і ўсіх гасцей арганізатары запрашаюць на выстаўку «Дзіцячая кніжная ілюстрацыя Беларусі і Эстоніі», адкрыццё якой адбудзецца ў фае вялікай канферэнц-залы. А ў самой зале будзе працаваць выстаўка старых паштовак і кніг з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Побач – і выстаўка кніг, самых розных выданняў, прысвечаных Мірскаму замку.

Завершыцца свята правядзеннем яшчэ аднаго круглага стала – «Кнігі – сведкі гісторыі». Напрыканцы яго сярэдняй школе гарадскога пасёлка Мір ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь будзе ўручана бібліятэка асветніцкай, гістарычнай літаратуры. 

Летась, у 2019 годзе, першыя «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» прайшлі таксама на пачатку лета – 15 чэрвеня. Будзем спадзявацца, што традыцыя правядзення яшчэ аднаго кніжнага свята ў нашай краіне прадоўжыцца і з часам набудзе новае, болей шырокае гучанне.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by

Опубликовано:
Просмотров:
1 041