Напрыканцы лета ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет тры кнігі

Напрыканцы лета ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет тры кнігі

Напрыканцы лета ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет тры кнігі. Калі пра выданні мінулага месяца можна было казаць, што іх чакае магчымы камерцыйны поспех, бо яны накіраваны на максімальна шырокую аўдыторыю (два з іх адносіліся да дзіцячай літаратуры, што адразу павышае шанцы кнігi на папулярнасць), то кнігі гэтага месяца будуць больш цікавыя спецыялістам у вузкіх сферах літаратуразнаўства і  даследаванняў сучаснага этапу развіцця лічбавых СМІ. Але пачнём агляд з таго, што вядома і блізка ўсім — дзіцячай літаратуры.


Жанна Міус (Усцінава Жанна Віктараўна) — пісьменніца, у якой у Выдавецкім доме «Звязда» выйшла вершамедыя ў дзвюх дзеях «Первоапрельский суп». Нарадзілася ў 1976 годзе у вёсцы Капачы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1993 годзе з адзнакай скончыла сярэднюю школу, у 1999 годзе — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала настаўнікам, затым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Друкавалася ў беларускіх выданнях: «Маладосць» (конкурс «Бацькаўшчына светлая мая»), «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Знамя юности», «Могилёвские ведомости», «Гаспадыня», «Вясёлка» і  іншых. З 2013 года сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг паэзіі «Лунный чай» (2013), «Странные детки» (2018) і прозы «Медвежья принцесса». З 2017 года актыўна займаецца папулярызацыяй дзіцячай літаратуры ў сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Одноклассники». Лідары праглядаў: «Мурашки по коже ходили», «Неуёмные снегождинки», «Доктораня на диване», «Неуклюжая лужа», «Мейкап на папе», «Залипательный смартфон». Выдавецкі дом «Звязда» прапанаваў на рэспубліканскі конкурс «Нацыянальная літаратурная прэмія — 2019» у намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» зборнік вершаў для дзяцей «Странные детки».

Новая кніга Жанны Міус — зборнік гісторый пра жыццё і прыгоды вучня чацвёртага класа самай звычайнай школы Колі Справядліўкіна. На першы погляд падаецца, быццам перад намі чарговая варыяцыя на тэму твораў для дзяцей і падлеткаў у стылі «Денискиных рассказов», дзе рэчаіснасць сама па сабе вельмі цікавая, а прыгоды чакаюць нават у звычайным гатаванні кашы, але насамрэч Жанна Міус абрала іншы пункт гледжання на дзяцінства. Яе герой можа знайсці прыгоды ў нашай рэчаіснасці, але разам з тым ён валодае здольнасцю прыдумляць уласны сусвет, у якім дзіцячыя нягоды сядзяць замест звяроў у клетках, а на языку ў Федзі пасля таго, як ён схлусіў, вырастае дрэва. Менавіта такiя напаўфантастычныя моманты (і чытач, і нават сам герой разумеюць, што гэта толькі фантазіі) з’яўляюцца найбольш яскравымі ў кнізе. Малюнкі Святланы Стахоўскай узмацняюць уражанне ад фантастычных прыгод.

Другая кніга — манаграфія Аляксандра Градзюшкі, якая мае назву «Рэгіянальныя медыя ў лічбавым асяроддзі».

Аляксандр Аляксандравіч Градзюшка — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры перыядычнага друку і  вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. Аўтар кніг «Сеткавая прэса ў сістэме СМІ» (2005), «Асновы журналістыкі. Арганізацыя працы рэдакцыі СМІ» (2005), «Асновы інтэрнэтжурналістыкі» (2012), «Сучасная вэб-журналістыка Беларусі» (2013), «Асновы творчай дзейнасці вэбжурналіста» (2019) і больш чым 250 навуковых работ, якія ў асноўным прысвечаны розным аспектам функцыянавання сучасных лічбавых сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. Аляксандр Градзюшка — выкладчык дысцыплін па вэб-журналістыцы. Удастоены звання «Выдатнік друку Беларусі». Лаўрэат прэміі «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў. З’яўляецца адным з самых аўтарытэтных экспертаў у галіне лічбавых медыя ў Беларусі. У апошняй на дадзены момант манаграфіі Аляксандра Градзюшкі абагульнены самыя актуальныя тэарэтычныя пошукі і практычныя дасягненні ў галіне лічбавай журналістыкі, прапанавана новае разуменне рэгіянальных СМІ з параўнальнага пункту гледжання і ў глабальным кантэксце, сістэматызаваны і абагульнены вопыт працы лакальных медыя Рэспублікі Беларусь у праекцыі тэхналагічных інавацый, пазначаны тэндэнцыі, а таксама спрагназаваны перспектывы і найбольш аптымальныя стратэгіі ўкаранення інтэрнэт-менеджменту ў сферу рэгіянальных СМІ нашай краіны.

Рэгіянальная журналістыка разглядаецца з розных бакоў: задачы мясцовай прэсы, арганізацыя працы рэдакцыі СМІ ва ўмовах лічбавізацыі, змястоўна-тэматычная структура, аўдыторыя і  формы ўзаемадзеяння з ёй, адносіны з заснавальнікамі, работа ў сацыяльных сетках, эканамічная эфектыўнасць, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў з улікам спецыфікі сучасных лічбавых медыя, тэндэнцыі мясцовых СМІ. Усе гэтыя шматлікія аспекты, на думку Аляксандра Градзюшкі, не могуць быць не ўлічаны, бо менавіта яны вызначаюць спецыфіку рэгіянальнай прэсы і яе асноўныя адрозненні ад усіх іншых відаў СМІ. У першую чаргу манаграфія адрасавана навукоўцам у сферы журналістыкі і выкладчыкам, але таксама будзе карысна аспірантам, магістрантам, студэнтам, самім журналістам і кіраўнікам рэгіянальных медыя ды спецыялістам органаў дзяржаўнага кiравання.

Трэцяе выданне — кніга Яўгена Гарадніцкага — манаграфія пад назвай «Чалавек Рэнесансу, прадвеснік постмадэрну», прысвечаная мастацкім асаблівасцям творчага свету аднаго з  самых выбітных беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя Уладзіміра Караткевіча.

Структура манаграфіі класічная, гэта дазваляе разгледзець творчасць класіка з усіх бакоў: пачынаючы ад уплыву некаторых момантаў яго біяграфіі на творчасць і заканчваючы незаўважнымі, але разам з тым важнымі мастацкімі асаблівасцямі, якія вызначаюць папулярнасць твораў Уладзіміра Караткевіча нават у сучаснасці. Пры гэтым аналізуюцца як канкрэтныя лінгвістычныя асаблівасці яго стылю, мастацкія сродкі, што ўжываюцца найбольш часта, так і спецыфіка асобных твораў, іх унікальны свет і ўплыў на беларускую літаратуру. Відавочна, гэтая кніга таксама будзе цікавая ў асноўным спецыялістам, якія вывучаюць ці канкрэтна творчасць Уладзіміра Караткевіча, ці пэўныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Але разам з тым манаграфія «Чалавек Рэнесансу, прадвеснік постмадэрну» — добры спосаб пасля прачытання таго ці іншага твора Уладзіміра Караткевіча (асабліва калі пэўны тэкст разглядаецца ў манаграфіі асобна) паглыбіцца ў дзіўны свет мастацтва. Тым больш што свет гэты, нягледзячы нават на самы падрабязны і скрупулёзны аналіз, усё роўна захоўвае рамантычны складнік.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
850