Навінкі лета ад «Мастацкай літаратуры»
Людміла Рублеўская. Лясная гісторыя. 25 апавяданняў пра прыроду
Беларуская прырода ва ўсе часы натхняла пісьменнікаў на стварэнне адметных мастацкіх твораў. У гэтым пераконвае і зборнік «Лясная гісторыя», у які ўвайшлі 25 апавяданняў вядомых айчынных празаікаў: Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Міхася Стральцова, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Сіпакова і іншых майстроў слова.
Дзмітрый Пятровіч. Джэк. Аповесці, апавяданні, эсэ
У зборнік увайшлі лепшыя празаічныя творы беларускага пісьменніка Дзмітрыя Пятровіча (1971 – 2020).
Дзмітрый Пятровіч нарадзіўся 29 красавіка 1971 года ў г.Заслаўе Мінскай вобласці. Скончыў музычна-педагагічны факультэт, факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэтаімя імя М.Танка, потым магістратуру. Шмат гадоў настаўнічаў. Працаваў у газеце «Звязда» і выдавецтве «Мастацкая літаратура».
У 2010 годзе ўбачыў свет зборнік паэзіі «Белая квецень кахання», праз два гады – кніга прозы «Белая Жанчына», адзначаная Рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон» (2-е месца на конкурсе «Лепшы твор 2012 года»), у 2013 г. – другое, дапоўненае выданне гэтага зборніка. Зборнік вершаў «Адзіноты пажоўклыя дні» выйшаў у 2014г., кніга прозы «Анёлы» – у 2015 г. Аўтар больш за 100 песень на словы сучасных беларускіх паэтаў (у тым ліку на свае вершы).
Васіль Вітка. Шчыгол-флейтыст. Вершы. Серыя «Жывая класіка дзецям»
Першы зборнік вершаў Васіля Віткі выйшаў у Маскве ў 1944 годзе. Называўся ён «Гартаванне». Затым былі кнігі паэзіі «Поўдзень», «Вернасць», «Ружа і штык», «Паверка», «Беларуская калыханка», «Праводзіны лета» і іншыя. Ну і, вядома ж, шматлікія кнігі для дзяцей: «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», «Дударык», «Азбука Васі Вясёлкіна», «Хто памагае сонцу», «Мы будуем метро», «Мінскія балады», «Казкі і краскі»…
У 1972 годзе за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка» Васілю Вітку была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. А яшчэ паэт быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Андэрсена і занесены ў спіс вялікага дацкага казачніка – спіс, які ўключае лепшых казачнікаў усіх краін і народаў. І ўсё ж, несумненна, самай вялікай узнагародай для яго была любоў і захапленне яго творчасцю юных чытачоў, якія яго лічылі сваім – чалавекам, якому верыш, якому давяраеш, з якім цікава і весела.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Мастацкая літаратура».