Найноўшае — ад бібліятэкі

Найноўшае — ад бібліятэкі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра адкрыла доступ да відэаархіва найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровічам і беларускай кніжнасці. Як адзначаецца ва ўстанове, ён будзе паступова папаўняцца.

Сёлета адзначаецца 550 гадоў з дня з’яўлення знакамітага Жыровіцкага цудатворнага абраза Багародзіцы і 500 гадоў з часу заснавання Жыровіцкага манастыра. Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала свой падарунак да юбілею. Матэрыялы адкрытага відэаархіва ўключаюць відэазапісы выступленняў вядомых айчынных і замежных вучоных, іх прэзентацыі, даклады, фотадакументы і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія раскрываюць раней невядомыя старонкі мінулага.

Асновай для відэаархіва сталі матэрыялы XVI Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, што адбыліся 15 мая. Сёлета яны праходзілі ў фармаце відэаканферэнцый у  рэжыме рэальнага часу. На партале бібліятэкі было зарэгістравана больш чым 100 прамоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Вучоныя прадставілі амаль 60 артыкулаў для публікацыі ў матэрыялах канферэнцыі. Сімвалічна, што сёлетнія чытанні былі прысвечаны 500-годдзю заснавання знакамітага Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Манастыры здаўна былі цэнтрамі культуры і кніжнасці: тут перапісваліся і выдаваліся каштоўныя кнігі, былі заснаваны першыя бібліятэкі і школы. На працягу пяці стагоддзяў у Жыровіцкім манастыры ствараліся і захоўваліся найлепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, духоўнай культуры народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”


Опубликовано:
Просмотров:
723