Новая кніга пісьменніцы Алены Масла «Адкрыцці стагоддзяў» выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі»

Новая кніга пісьменніцы Алены Масла «Адкрыцці стагоддзяў» выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі»

Дзе жывуць цуды?

Каб іх убачыць, не абавязкова выпраўляцца ў далёкае рызыкоўнае падарожжа. Варта ўважліва паглядзець вакол: прыручаныя цуды суседнічаюць з чалавекам штодзень. Новая кніга пісьменніцы Алены Масла «Адкрыцці стагоддзяў» расказвае менавіта пра  іх: электрычнасць, вадаправод, камп’ютар, сацыяльныя сеткі, караблі, аўтамабілі, радыё, інтэрнэт ды іншыя вынаходніцтвы, якія сталі абавязковай часткай сучаснага жыцця. Пазнавальныя нарысы, якія складаюць кнігу, абавязкова ўтрымліваюць інфармацыю пра беларусаў ды іх дасягненні ў адпаведнай галіне.

Напрыклад, з кнігі вы даведаецеся, што зрабілі для развіцця ракетабудаўніцтва і асваення космасу выхадцы з беларускіх земляў Казімір Семяновіч і Барыс Кіт, а таксама якім бачыўся космас Язэпу Драздовічу, нашаму мастаку, тады, калі да яго асваення наперадзе былі дзесяцігоддзі.  А ці ведалі вы, што Пол Бэран – «бацька» інтэрнэту, нарадзіўся ў Гродне? Наш зямляк Наркевіч-Ёдка, згодна з захаванымі дакументамі, раней за ўсіх вынайшаў радыё, але не зафіксаваў сваё адкрыццё, бо быў заняты доследамі з электрычнасцю. Дзе ў Беларусі можна атрымаць «марскія» прафесіі, што за славутыя Кася і Бася маюцца ў Гродне — пра гэтыя ды іншыя цікавосткі чытачы даведаюцца з кнігі «Адкрыцці стагоддзяў».


Кніга напісана жывой мовай. Гісторыі, расказаныя Вучонымі Рыбамі, Мячом-прафесарам, Ягусяй Прыўкраснай, казачнікам Баем, чытаюцца з цікавасцю і добра запамінаюцца. Бонусам кнігі будзе жартаўлівая віктарына, з якой чытачы даведаюцца, якія казачныя прадметы і героі ўвасобіліся ў сучасным жыцці. Ёсць і  практычныя парады па стасунках у сацыяльных сетках, па захаванні экалагічнага асяродзя і інш.


Кніга цудоўна аформлена. Спалучэннем фотаілюстрацый і графічных малюнкаў выдатнага мастака Віталя Дудурэнкі, В.Арлова стварыла сучасны дызайн выдання.


Кніга прызначаецца як для чытання дзецьмі, так і для правядзення заняткаў на ўроках. Выдаўцы спадзяюцца, што яна будзе цудоўным падарункам, упрыгожыць кніжныя паліцы і дапаможа карысна бавіць час сям’ёй і падчас заняткаў у школе.


  Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.

Опубликовано:
Просмотров:
785