Падрыхтавана да друку другая кніга зборніка «Родны небасхіл у сэрцы»

Падрыхтавана да друку другая кніга зборніка «Родны небасхіл у сэрцы»

У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку другая кніга зборніка «Родны небасхіл у сэрцы». Першая выйшла месяц таму і была прысвечана беларуска-расійскім гістарычным, культурным, гуманітарным сувязям. Другая кніга, як і папярэдняе выданне, выйшла ў серыі «Адрасы Беларусі ў свеце». Пад адной вокладкай гэтым разам расказваецца пра сувязі Беларусі, народа нашай краіны з дзяржавамі Цэнтральнай Азіі — Казахстанам, Узбекістанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам.

На старонках «Роднага небасхіла ў сэрцы» чытача чакаюць сустрэчы з ураджэнцамі Міншчыны, Магілёўшчыны, Гродзеншчыны, іншых куточкаў Беларусі. А гэта блізкія да нас сучаснікі: краязнавец, гістарычны пісьменнік Мікола Калінковіч з Лунінеччыны, беларускі і рускі паэт Міхась Карпенка з Хоцімшчыны, гістарычны празаік Леанід Чыгрын з дубровенскага Асінторфа, паэтэса, публіцыст Любоў Шашкова з Акцябршчыны.

У кнізе расказваецца і пра тых сяброў нашай краіны, якія спрыяюць сваёй творчасцю пашырэнню ведаў пра Беларусь і беларускую культуру: пра Святлану Ананьеву, Кайрата Бакбергенава, дактароў філалагічных навук Нурдаўлета Акыша з Казахстана, Алімжана Хамраева, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменннікаў Таджыкістана Ато Хамдама, перакладчыцу Бягуль Анабаеву, празаіка Максата Бяшымава, паэта Агагельды Аланазарава, дзіцячага пісьменніка Касыма Нурбадава з Туркменістана, перакладчыцу, гістарычнага раманіста Рысалат Хайдараву, журналіста Кучкора Наркабіла з Узбекістана.  

Менавіта дзякуючы іх творчым, арганізацыйным намаганням у Цэнтральнай Азіі і сёння выходзяць пераклады твораў беларускіх класікаў і сучасных літаратараў на розныя мовы — і асобнымі кнігамі, і на старонках літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных газет і часопісаў. Дзякуючы іх руплівасці жыхары гэтых дзяржаў набываюць магчымасць разгледзець калектыўны мастацкі партрэт Беларусі, беларускага народа, адкрыць для сябе менталітэт беларусаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
809