Віктар Шніп: “Кнігавыданне можа развівацца толькі ў мірным грамадстве”

Віктар Шніп: “Кнігавыданне можа развівацца толькі ў мірным грамадстве”

Я ўсё жыццё працую з кнігай і жыву ў свеце літаратуры. І для мяне дабрабыт краіны і настроі грамадства вызначаюцца і па тым, як пачувае сябе кніга. Радуе, калі сёння ў кожнай бібліятэцы, у кожнай кнігарні бачу выданні “Мастацкай літаратуры”. Асабліва дзіцячыя, на беларускай мове, выдатна аформленыя, што выхоўваюць у павазе да роднай культуры, роднай мовы, расказваюць маленькім нашым грамадзянам пра іх краіну, яе прыроду, фальклор, гісторыю, славутых людзей. Нібыта страшны сон, успамінаецца, як на пачатку дзевяностых дзяржаўнае беларускае кнігавыданне перажывала сваю клінічную смерць. І гэтым скарысталіся дзялкі, якія, наствараўшы дробных выдавецтваў, пачалі за грошы аўтараў выдаваць кнігі. Не было ні рэдактуры, ні карэктуры. Галоўнае, у цябе ёсць грошы і ты хочаш друкавацца. Даеш грошы і атрымліваеш кнігу. Так раптам з’явіліся дзясяткі і сотні пісьменнікаў (у асноўным графаманаў), якія да сапраўднай літаратуры не мелі ніякага дачынення. А самае прыкрае, у продажы з’явілася вялізная колькасць выданняў таго кшталту, што разбуральна дзейнічаюць на чалавека. Прафесійныя ж пісьменнікі на доўгі час засталіся па-за літаратурным працэсам. І калі б не дзяржаўная фінансавая падтрымка, дзяржаўныя выдавецтвы не змаглі б вярнуцца да паўнавартаснага творчага жыцця, якім яны і жывуць цяпер, атрымліваючы датацыі на сацыяльна значныя выданні, каб яны былі танней для пакупнікоў. Але гэта толькі адзін аспект. Апошнім часам на беларускім кніжным рынку ёсць годная канкурэнцыя, бо з’явіліся заўважныя прыватныя выдавецтвы, якія выпускаюць якасную прадукцыю і атрымліваюць узнагароды Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Гэта прымушае нас працаваць крэатыўней, сачыць за запытам пакупнікоў. Страшна ўявіць, што настане час, калі зноў людзі не змогуць дазволіць сабе купляць кнігі і ўвогуле іх будзе цікавіць не літаратура, а пытанне, як выжыць. Што бібліятэкі страцяць магчымасць папаўняць свае фонды з дапамогай дзяржавы, пачнуць знікаць ці ператварацца ў нешта іншае, дзе беларускай кнізе не знойдзецца месца. 

У 1994 годзе было заснавана дзяржаўнае свята - Дзень беларускага пісьменства, якое штогод ладзіцца ў новых гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. У гэтым годзе яго запланавана правесці ў Бялынічах 5 і 6 верасня. І я хачу, каб сёлетні Дзень беларускага пісьменства прайшоў годна, як заўсёды, а не быў затаптаны натоўпамі з лозунгамі, якія клічуць не да ўмацавання незалежнасці нашай краіны.

Паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Опубликовано:
Просмотров:
589