Паэзiя перыяду Вялiкай Айчыннай вайны. Залатая калекцыя беларускай лiтаратуры. Т. 19

Паэзiя перыяду Вялiкай Айчыннай вайны. Залатая калекцыя беларускай лiтаратуры. Т. 19

У прадмове да гэтага тому доктар фiлалагiчных навук, прафесар Алесь Бельскi сцвярджае: «Калi падвялi вынiкi Другой сусветнай вайны i вызначылi дзесяць фактараў, якiя абумовiлi перамогу над фашызмам, адным з галоўных, вызначальных была названая лiтаратура». Дзевятнаццаты том «Залатой калекцыi беларускай лiтаратуры» прадстаўляе гэтую магутную зброю — творы беларускiх паэтаў, напiсаныя ў трагiчную эпоху. Сярод аўтараў — i класiкi Якуб Колас, Янка Купала, Максiм Танк, Кандрат Крапiва, i паэты‑франтавiкi, слава да якiх прыйшла пасля вайны, — Анатоль Вялюгiн, Кастусь Кiрэенка, Пiмен Панчанка. I тыя, хто загiнуў падчас ваенных падзей, не паспеўшы напоўнiцу рэалiзаваць свой талент, кшталту Мiколы Сурначова i Аляксея Коршака. Хвалююча чытаць вершы, пад якiмi пазначаныя даты i месцы напiсання, што сведчаць: верш ствараўся ў самым пекле ваенных дзеянняў цi ў гiтлераўскiм астрогу. Янка Непачаловiч, якi быў сувязным партызанскай брыгады iмя С.М.Кiрава, у 1944‑м пiша верш «Явачная кватэра»:

Дуб‑волат пры цiхай паляне,

Што з бурай змагаўся не раз, 

Ад штаба ўручае заданнi

I звесткi прымае ад нас.

I гэта не выдуманая мастацкая дэталь, а свежы ўспамiн. А Паўлюк Прануза свой верш пазначыў так: «1945 г. Рэйхстаг». 

Не экскурсантам, а салдатам,

Абпаленым агнём баёў,

З гранатамi ды аўтаматам

На дах рэйхстага я ўзыйшоў.

Стваралiся ў той час не толькi творы грама­дзянскага пафасу, але i выдатныя ўзоры любоўнай лiрыкi, i пейзажныя вершы, i байкi. Аб’ёмiсты, больш за восем соцень старонак том дазваляе ўбачыць панараму паэзii ваеннай пары i адкрыць для сябе шмат новых яе складнiкаў.

Источник: "СБ Беларусь сегодня"

Опубликовано:
Просмотров:
1 116