Галоўныя лекi — пазiтыўны настрой

Галоўныя лекi — пазiтыўны настрой

Нават не верыцца, што ў вядомага пiсьменнiка i грамадскага дзеяча Уладзiмiра Сцяпанавiча Лiпскага такi пачэсны юбiлей: 80 гадоў! Бо i сёння, нягледзячы на неспрыяльны час сусветнай пандэмii, калi ў некаторых апускаюцца рукi, у галоўнага рэдактара часопiсаў «Вясёлка» i «Буся», старшынi Беларускага дзiцячага фонду, стваральнiка Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках багата клопатаў i задум, а яшчэ — па-маладому творчы настрой. 



Адной навiной ён i падзялiўся адразу: у выдавецтве «Адукацыя i выхаванне» выйшла новая кнiга Уладзiмiра Лiпскага «Цар», гiстарычны раман, дзеянне ў якiм адбываецца на пачатку XVII стагоддзя. 

— Так добра аформлена — не магу выпусцiць з рук, пад падушку кладу ноччу. Гэта мой першы раман. Плён пяцi гадоў жыцця… Аднойчы я прачытаў так званы «Дзённiк Марыны Мнiшак», дзе апiсваецца, як Марына едзе на каранацыю ў Маскву. I вось што мяне кранула. Будучая царыца праязджае праз усю Беларусь, прыпыняецца ў дваццаць адным месцы — гарадах, мястэчках, вёсках. I я аб’ехаў усе гэтыя дваццаць адну мясцiну. Па сутнасцi, атрымалася кнiга пра Беларусь 1605 года. Уявiце, Марына Мнiшак заязджае ў Брэст — з ёй дзве тысячы падвод, болей за дзве тысячы людзей. Дзве ночы начуе ў Бярэсцi, у крэпасцi. Я ўсё вывучыў — якая была крэпасць, хто прымаў гасцей. Далей — Камянец, затым — Шарашова… Сёння гэта проста вёска. А прыехаў туды — унiкальнае месца! Вулiцы сыходзяцца на плошчу, дзе старажытная драўляная каплiца. У Шарашове дзейнiчала славутая iканапiсная майстэрня. Далей — Новы Двор, ускраiна Белавежскай пушчы. Марына Мнiшак начуе там, абоз паварочвае, i едуць у Ружаны, рэзiдэнцыю Сапегаў, дзе, хутчэй за ўсё, госцю прымае сам Леў Сапега. Моўчадзь, Мiр… Поезд робiць круг, i дзве ночы Марына начуе ў Радзiвiла Сiроткi ў Нясвiжы. Далей — Мiкалаеў­шчына, Койданава, Мiнск… 

— Любоўная лiнiя ёсць?

— Абавязкова. Я ж пiшу пра маладых, крэатыўных, адукаваных людзей. Лiтаратуразнаўца Мiхась Кенька пераклаў раман на рускую мову, i ён выйдзе ў Маскве. Я лiчу, пiсьменнiкi павiнны запаўняць белыя плямы нашай гiсторыi.

— Але, напэўна, як вы даказваеце сваiм прыкладам, пачынаць трэба з малой радзiмы?

— Безумоўна! Снiцца мне вёсачка мая Шоўкавiчы, яе людзi, якiя ўжо ўсе на пагосце. Адзiн сусед Колька жыве. Побач з ягонай хатай стаяла наша, па-ранейшаму расце там дуб. Мы абгарадзiлi гэты дуб, пачатак Шоўкаўскай дубровы, паставiлi альтанку, з дапамогай мясцовых школьнiкаў высадзiлi алею лiпавую — ну, Лiпскi якiя яшчэ дрэвы можа пасадзiць? Прыцягнулi валун, на якiм прымацуецца гранiтная плiта, а на ёй — прозвiшчы ўсiх сем’яў, якiя жылi ў вёсцы. Кожны павiнен зрабiць нешта для памяцi вёсачак, якiя памiраюць. Часта прыгадваю дзяцiнства... Як лавiлi ўюноў, як з дарослымi касiлi, абганялi бульбу. Як аднойчы ў школе аб’явiлi: вырошчвайце кукурузу — i лепшае звяно пае­дзе ў Мiнск. Я арганiзаваў звяно, кожнае калiўца даглядалi. Так хацелася пабачыць Мiнск — не ўдалося, нехта ў раёне вырасцiў большую кукурузу. 

Сярод шматлiкiх узнагарод заслужанага дзеяча культуры Беларусi Уладзiмiра Лiпскага — Дзяржаўная прэмiя Беларусi, мiжнародная прэмiя iмя Альберта Швейцара, Расiйская лiтаратурная прэмiя iмя Аляксандра Грына, прэмiя Мiжнароднай асацыяцыi дзiцячых фондаў, лiтаратурныя прэмii Янкi Маўра i Васiля Вiткi.
— Але Мiнск Вы ўсё-ткi пабачылi… Вы неяк расказвалi, што Ваш бацька прадаў цяля за пяцьдзясят рублёў i адправiў Вас вучыцца.

— Так... У тэхнiкум харчовай прамысловасцi. Нi я, нi мае аднавяскоўцы не разумелi, што гэта за тэхнiкум, але я ехаў у Мiнск! Уся вёска праводзiла мяне. А ў канцы вёсачкi мама адарвалася ад натоўпу, яна невялiкая была ростам, худзенькая, рукi працягнула ка мне: «Сынок, ты ж не згубiся там хаця ў Мiнску!» Усё жыццё памятаю. Тут вось партрэт яе вiсiць у маiм кабiнеце… I я дакладваю ёй увесь час, што не згубiўся.

— Шкада, у гэтым годзе з-за эпiдэмii каранавiрусу не ўдасца вам сабраць род Лiпскiх, як Вы робiце.

— Я гэты вiрус назваў «Казюра». У маёй аповесцi-казцы ёсць такi герой — Казюра, якi шкодзiць дзецям. Так, Казюра адмянiў маё святкаванне, а я — не, я толькi перанёс! Значыць, пакуль застаюся маладым. 

— Вы i плаваннем займаецеся, наколькi ведаю…

— Нават чэмпiён Беларусi! Пяць год таму запрасiла федэрацыя па плаваннi на спаборнiцтвы ў Брэст, i я ў сваёй узроставай катэгорыi праплыў пяцьдзясят метраў вольным стылем за адну хвiлiну адну сотую секунды i стаў чэмпiёнам. Узяты мной бар’ер яшчэ нiхто не пераадолеў. Плаваю ўвесь час, толькi гэты… Казюра мяне трохi прыпынiў, пакуль прапускаю басейн. 

— Як працуе Беларускi дзiцячы фонд, якi Вы ўзначальваеце?

— Па-ранейшаму актыўна. Нездарма ж некалькi год таму фонд атрымаў прэмiю ­Прэзiдэнта «За духоўнае адраджэнне». Згадаю з апошняга нашу акцыю «Я бачу». Мы праехалi па школах трох абласцей — Гомельскай, Брэсцкай i Вiцебскай, абследавалi зрок дзяцей, усяго ахапiлi 50 тысяч школьнiкаў. Мне дапамагае, што я член Нацыянальнай камiсii па правах дзiцяцi. Падтрымлiваем i сувязь з Мiжнароднай асацыяцыяй дзiцячых фондаў, я член прэзiдыума гэтай арганiзацыi, якую ўзначальвае вядомы расiйскi пiсьменнiк Альберт Лiханаў. 

— Як атрымалася, што Iван Шамякiн запрасiў Вас на працу ў Саюз пiсьменнiкаў?

— У ЦК камсамола мне даручылi быць куратарам маладзёжнага i дзiцячага друку, i я пачаў цесна супрацоўнiчаць з лiтаратарамi. I сам паступова выходзiў на той шлях, на якi хацеў яшчэ са школы. Надрукаваўся ў «Вясёлцы», выйшла першая кнiжка для дзяцей. Тады i запрасiў Iван Шамякiн на пасаду адказнага сакратара саюза. Там тады працавалi Танк, Шамякiн, Сачанка, Вярцiнскi, Чыгрынаў, Макаль, Гамолка… Я яшчэ напiшу пра нашы сустрэчы, размовы, паездкi. А пасля Шамякiн рэкамендаваў мяне на пасаду галоўнага рэдактара «Вясёлкi», дзе знаходжуся вось ужо 41 год. Толькi што выйшаў красавiцкi нумар з чарговым выпускам майго праекта «Я тут жыву», дзе расказаў пра родныя Шоўкавiчы — «Сем цудаў маёй вёскi». 

— Карацей, нягледзячы нi на што, новых праектаў шмат?

— Яшчэ як! Стараемся, каб i часопiс «Буся», якi я стварыў для самых маленькiх, пашыраў аўдыторыю, выхоўваў любоў да роднага слова. Падрыхтаваў дзённiкавыя запiсы пад назвай «Усякi дзень — апошнi». У гэтым годзе ў мяне яшчэ адна важная падзея — у вераснi ў нас з жонкай Нiнай 60 гадоў, як мы разам. Брыльянтавае вяселле! 

— I як пачаўся гэты шчаслiвы шлюб?

— У тэхнiкуме быў рэдактарам насценнай газеты. Сiмпатычная студэнтка з другога аддзялення прынесла заметку. Я разоў пяць прасiў перапiсаць гэтую заметку — баяўся ўпусцiць аўтарку. Усё ўдалося: сын, дачка, трое ўнукаў…. Сын — архiтэктар, як мастак аформiў некалькi маiх кнiжак. Дачка — бiёлаг. Пра ўсiх дзяцей i ўнукаў у мяне ёсць кнiжкi, яны — мае героi, якiя навучылi мяне быць дзiцячым пiсьменнiкам. Канешне, мы ўсе ў трывозе ад сённяшняй сiтуацыi… Але я веру, што пазiтыўны настрой — самыя галоўныя лекi. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Опубликовано:
Просмотров:
671