Прэзентацыя выдання Новага Запавету на сучаснай беларускай мове

Прэзентацыя выдання Новага Запавету на сучаснай беларускай мове

15 лістапада 2017 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі "Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста".

У 2017 годзе да 500-годдзя з дня выдання першай кнігі Бібліі Францыскам Скарынай Беларускай Праваслаўнай Царквой быў выдадзены Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгіналу.

"Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста" – плён саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па благаслаўленню Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (цяпер – Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі) у супрацоўніцтве з Біблейскай супольнасцю Беларусі.

Арганізатары прэзентацыі: Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У мерапрыемстве прымуць удзел: духавенства Беларускага Экзархата на чале з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, кіраўніцтва міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, навукоўцы інстытутаў НАН Беларусі, кіраўнікі, выкладчыкі і навучэнцы духоўных школ і іншых навучальных устаноў.
Опубликовано:
Просмотров:
348