Пяць аповесцяў Янкі Брыля

Пяць аповесцяў Янкі Брыля

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет чацвёрты том збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

Разам сабраны аповесці класіка беларускай літаратуры, напісаныя ў розныя гады, пачынаючы з 1953 – 1955 і да 1990 гадоў: «На Быстранцы», «Апошняя сустрэча», «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», «Муштук і папка». 

У каментарыях да чацвёртага тома чытаем: «… увайшлі аповесці, якія ілюструюць адыход Я.Брыля ад нормаў і канонаў сацыялістычнага рэалізму. Першыя крокі па гэтым шляху, яшчэ не вельмі ўдалыя на думку самога аўтара, усё ж паказальныя ў плане выбару жыццёвых прыярытэтаў». 

З вышыні сённяшняга часу і ранняя проза Янкі Брыля ўсё ж бачыцца адкрытай, шчырай і… вельмі ўдалай. Вось што пісаў у свой час пра аповесць «На Быстранцы» сябра Брыля і надзвычай аўтарытэтны крытык Уладзімір Калеснік: «Аповесць Янкі Брыля выклікала на сябе агонь і аказалася парушальніцай спакою не толькі ў літаратурным жыцці, яна абудзіла спрэчкі, нападкі, але засталася дакорам руціне і руцінёрам…»

І чацвёрты том з аповесцямі Янкі Брыля, і каментарыі да публікацыі гэтых твораў варта прачытаць шмат каму з сучасных «мастакоў слова» – шукальнікаў ісціны. Шкада толькі, што тыраж чацвёртага тома роўны ўсяго 600 экзэмплярам. Пэўна ж, і не ў кожную бібліятэку патрапіць як чацвёрты том, так і ўвесь дзесяцітомны збор твораў народнага пісьменніка Беларусі, вялікага таленту нашай Айчыны. Няўжо мінаюць, праходзяць часіны сапраўднай літаратуры?!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.


Опубликовано:
Просмотров:
703