Радзiмазнаўства i радзiмалюбства. I Рэспублiканскi краязнаўчы форум стаў квiнтэсенцыяй гэтых паняццяў

Радзiмазнаўства i радзiмалюбства. I Рэспублiканскi краязнаўчы форум стаў квiнтэсенцыяй гэтых паняццяў

Звыш 230 удзельнiкаў з усёй краiны — супрацоўнiкi ўстаноў культуры, адукацыi i навукi, краязнаўцы-аматары, журналiсты, пiсьменнiкi, навучэнцы школьных i студэнцкiх гурткоў, прадстаўнiкi дзяржаўных ведамстваў i грамадскiх арганiзацый. 220 работ — прэтэндэнты на ўзнагароды ў сямі намiнацыях конкурсу краязнаўчых выданняў за 2017—2019 гады i маштабная выстаўка гiсторыка-краязнаўчай лiтаратуры, у тым лiку з фондаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi. У мiнулую пятнiцу ў сталiцы прайшоў I Рэспублiканскi краязнаўчы форум, зладжаны Нацыянальным гiстарычным музеем i Беларускiм фондам культуры пра падтрымцы мiнiстэрстваў культуры, адукацыi i iнфармацыi, Саюза пiсьменнiкаў i Выдавецкага дома «Звязда». Мерапрыемства, якое можна без перабольшанняў назваць доўгачаканым, стала новай, важнай i вельмi патрэбнай пляцоўкай для дыялогу аднадумцаў, абмену вопытам i iдэямi, абмеркавання праблем i перспектыў айчыннага краязнаўства — або, паводле трапнага вызначэння пiсьменнiка Анатоля Бутэвiча, ланцужка «краязнаўства, радзiмазнаўства i радзiмалюбства».


Размова па сутнасцi

«Беларуская навука пастаянна сiлкуецца з краязнаўчых крынiц. На працягу ўсёй гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук усе гуманiтарныя даследаваннi па гiсторыi, культуры, фальклоры, этнаграфii i многiх iншых аспектах, з якiх складаецца аблiчча народа, грунтуюцца менавiта на краязнаўчых крынiцах, — падкрэслiў на адкрыццi форуму дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi Аляксандр Лакотка. — Усё гэта кладзецца ў скарбонку навуковага краязнаўства i працуе на росквiт i развiццё нашай дзяржавы».

За апошнiя сто гадоў у краязнаўчым кiрунку ў Беларусi было зроблена нямала. Так, ужо да пачатку 1928 года ў Беларусi прайшло два ўсебеларускiя з'езды краязнаўцаў i дзейнiчала больш за 300 краязнаўчых арганiзацый, працаваў шэраг краязнаўчых музеяў. Старшыня ГА «Беларускi фонд культуры» Тадэвуш Стружэцкi прыгадаў iншыя знакавыя падзеi i факты: у 1965 годзе было створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры, актывiсты якога пры падтрымцы мясцовых органаў улады адкрылi каля 800 народных мемарыяльных музеяў i пакояў; у другой палове 1980-х з iнiцыятывы Нiла Гiлевiча было заснавана Таварыства беларускай мовы iмя Францыска Скарыны; у гэты ж час НАН Беларусi падрыхтавала i выдала шэраг краязнаўчых энцыклапедычных выданняў; на працягу 1985—2005 гадоў быў паспяхова рэалiзаваны, напэўна, самы маштабны дзяржаўны i грамадскi краязнаўчы праект — выйшла ў свет 146-томная гiстарычна-дакументальная хронiка «Памяць»; у 1998 годзе была арганiзавана ўсебеларуская турыстычна-краязнаўчая экспедыцыя «Наш край»...

Вельмi важна, што досвед i традыцыi папярэднiкаў актыўна працягваюць сённяшнiя даследчыкi, руплiўцы краязнаўчага руху з усiх рэгiёнаў. Напрыклад, дзякуючы працы вiлейскiх краязнаўцаў на чале з Анатолем Рогачам у раёне з'явiлася каля двух дзясяткаў памятных знакаў i мемарыяльных дошак, была ўшанаваная памяць знiклых вёсак (а iх на Вiлейшчыне за апошнiя паўстагоддзя стала ажно 253); Валянцiна Логвiн склала мясцовую энцыклапедыю былых вёсак Асiповiцкага раёна «Не знiкай, мая вёсачка»; Таццяна Канапацкая з Лунiнца выдала сем краязнаўчых кнiг серыi «Лунiнецкая памяць» — змястоўных i цiкавых дадаткаў да раённай энцыклапедыi «Памяць», а Аркадзь Падлiпскi з Вiцебска — 10 кнiг серыi «Бiяграфiя вiцебскага дома» пра цiкавыя будынкi i памятныя адрасы роднага горада. І гэты пералiк апантаных людзей i здзейсненых iмi спраў можна працягваць вельмi доўга.

Зрэшты, у тым i адметнасць рэспублiканскага краязнаўчага форуму, што прамовы тут гаварылi не пабочныя назiральнiкi, а самi актывiсты, практыкi краязнаўчага руху. Згадвалi пра выбiтных асоб малой радзiмы — ад славутага акадэмiка Яўхiма Карскага да самабытнай мастачкi Нiны Бохан, рэдактара газеты «Беларуская справа» Алеся Вiльчыцкага, кiраўнiка слуцкiх млыноў у гады НЭПа купца Гутцайта, першага глыбоцкага краязнаўца Генрыка Вiньчу i многiх iншых. Рабiлi акцэнты на асобных эпiзодах гiсторыi i расказвалi пра маштабныя праекты, якiя ўдалося рэалiзаваць. Дзялiлiся напрацоўкамi ў вывучэннi матэрыяльных i нематэрыяльных аб'ектаў гiсторыка-культурнай спадчыны: сядзiбных комплексаў, паркаў, крынiц i рэк, пагоркаў, родных вёсак, асобных плошчаў i вулiц, а таксама старажытнай батлейкi i сучаснага стрыт-арту, разьбярства па дрэве, ільнаводства, ткацтва, пчалярства, ганчарнага майстэрства i нават пернiкавага промыслу. Выходзячы за межы гiсторыi i этнаграфii, закраналi пытаннi экалогii, геаграфii, лiтаратуры, развiцця турыстычнага патэнцыялу рэгiёнаў, патрыятычнага выхавання, рэканструкцыi традыцый праз творчасць... Словам, разнастайнасць iнтарэсаў удзельнiкаў форуму прымусiла пашкадаваць толькi пра адно: што нельга раздзялiцца на мноства частак, пабываць адначасова на чатырох секцыях i школьнай канферэнцыi ды асабiста паслухаць усе даклады, абмеркаваннi i дыскусii.

Мы з будучынi

Кажуць, усякая справа жывая, калi яна цiкавая дзецям i моладзi. Яскравы доказ гэтага мы ўбачылi i на форуме. Па-першае, на секцыi «Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыi», дзе педагогi дзялiлiся канкрэтным досведам, як зацiкавiць школьнiкаў i студэнтаў гiсторыяй i геаграфiяй, культурай i традыцыямi малой радзiмы (тут, як паказвае практыка, спрацоўваюць самыя розныя спосабы: музейныя заняткi i ўдзел у рэканструкцыi матэрыяльных ды нематэрыяльных аб'ектаў спадчыны, пошукавыя экспедыцыi i сумеснае складанне летапiсу сваёй вёскi цi горада, распрацоўка iнтэрнэт-праектаў i квэстаў, творчыя конкурсы, у тым лiку з удзелам бацькоў, i шмат iншых захадаў, якiя прыдумляюць i рэалiзуюць настаўнiкi). А па-другое, наўпрост у музейных калiдорах.

Менавiта тут мы пазнаёмiлiся, бадай, з самым юным удзельнiкам краязнаўчага форуму — Мацвеем Макарэвiчам, якi вучыцца ў чацвёртым класе сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў. На форум ён прывёз даследаванне пра векавыя дрэвы Стаўбцоўшчыны, тэму якога падказала яму мацi — настаўнiца пачатковых класаў Таццяна Вацлаваўна. Хлопчык з захапленнем успамiнае, як мама прапанавала дазнацца, колькi ж гадоў старому дубу i парку ў пасёлку Школьны, дзе захавалiся рэшткi былой сядзiбы шляхецкага роду Ленскiх; як прыязджалi навукоўцы з Акадэмii навук, абмяралi дрэвы, бралi ўзоры керну i назвалi прыблiзны ўзрост парку — 135 гадоў. «А дубу, па нашых разлiках, яшчэ больш — 170 гадоў, але дакладна сказаць нельга, бо ўнутры дрэва вялiзнае дупло вышынёй 3 метры i шырынёй каля 1,5 метра. Цяпер у нас мэта — каб гэтыя дрэвы набылi статус помнiкаў прыроды мясцовага значэння», — расказвае Таццяна Макарэвiч. А Мацвей за некалькi хвiлiн паспявае пераказаць нам гiсторыю касцёла ў Школьным i пахвалiцца здымкамi з тэлефона, дзе вiдаць, як стары дуб ледзьве адбымаюць пяць чалавек...

Студэнты Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта ўразiлi сучасным падыходам да вывучэння спадчыны. Хiба магло гадоў дваццаць таму каму-небудзь з краязнаўцаў прыйсцi ў галаву даследаваць гендарныя аспекты шкоднай магii ў народнай культуры беларусаў Падзвiння? А Iрына Бондар правяла работу менавiта ў гэтым кiрунку i выклiкала на студэнцкай канферэнцыi «Моладзь i краязнаўства» шчырую зацiкаўленасць. Наогул пяцёрка студэнтаў з полацкага гiстфака распрацавала вельмi цiкавыя i незвычайныя тэмы: Ганна Бабкова расказала пра дзiкарослыя раслiны ў купальскай абраднасцi беларусаў Падзвiння, iх сiмволiку i рытуальныя функцыi; Дзянiс Жукаў прааналiзаваў вобраз чорта ў мiфалагiчных уяўленнях нашых сучаснiкаў, Юрый Згiрскi даследаваў «жыццё за Польшчай» па ўспамiнах вясковага насельнiцтва Докшыцкай гмiны, а Настасся Цыганкова прадэманстравала, якiм паспяховым можа быць вывучэнне каляндарнай абрадавасцi, калi за краязнаўчую справу творча i старанна бярэцца фальклорны гурт «Варган».

— Чаго мы чакаем ад форуму? — перапытвае за ўсiх Дзянiс Жукаў. — Паглядзець, што гэта наогул за пляцоўка, як яна працуе. Бо нам ёсць што сказаць, i калi гэта будзе актуальна, то выкажам свае меркаваннi.

Заўважым: напрыканцы форуму ўсе работы «полацкага дэсанту» мадэратар студэнцкай канферэнцыi «Моладзь i краязнаўства» згадала як глыбокiя i яркiя. Спадзяёмся, розныя пакаленнi даследчыкаў насамрэч пачулi i зацiкавiлi адно аднаго.

Час абнаўляць «Памяць»

Падводзячы вынiкi конкурсу краязнаўчых выданняў за 2017—2019 гады, арганiзатары старалiся не абысцi ўвагай сапраўды вартыя работы, якiх аказалася вялiкае мноства, — таму ў лiку пераможцаў i дыпламантаў у розных намiнацыях некалькi дзясяткаў чалавек, а таксама ўстановы культуры, адукацыi, iнфармацыi i навукi. Гран-пры i магчымасць выдання кнiгi за кошт дзяржавы атрымаў Iгар Пракаповiч — вядомы на ўсю краiну ўраджэнец Пастаў, пiсьменнiк, географ, краязнавец i педагог, вынiкам руплiвай працы якога сталi ўжо 45 кнiг краязнаўчай тэматыкi. I хоць асабiста пераможца вiншаванняў не пачуў, паколькi знаходзiўся ў шпiталi, калегi i аднадумцы завочна вiталi ягоны тытул шчырымi авацыямi.

Па вынiках насычанай працы тэматычных секцый удзельнiкi форуму вылучылi шэраг прапаноў на перспектыву. Адна з iх, якая паўтаралася найбольш часта, — неабходнасць перавыдання летапiсу беларускiх гарадоў i раёнаў «Памяць». Матэрыялы для зборнiка збiралiся яшчэ ў 90-я гады мiнулага стагоддзя, i з таго часу мясцовыя краязнаўцы i навукоўцы назапасiлi шмат новай iнфармацыi. Таксама большасць краязнаўцаў пацвердзiла, што наспела неабходнасць стварыць рэспублiканскае краязнаўчае таварыства, якое аб'ядноўвала б усе iнiцыятывы i аказвала метадычную дапамогу рэгiёнам. Гэтыя меркаваннi, дарэчы, увайшлi ў вынiковую рэзалюцыю форуму, таксама як iдэя выдання «Энцыклапедыi краязнаўцаў Беларусi» (яе ўжо ўхвалiла выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi») i прапанова ладзiць рэспублiканскi форум не радзей чым раз на два гады i абавязкова запрашаць на яго не толькi айчынных даследчыкаў, але i дыяспары, беларусаў замежжа, многiя з якiх вядуць актыўную краязнаўчую дзейнасць.

Сярод iншых гучалi просьбы да Мiнiстэрства iнфармацыi — пашырыць iнфармацыйную падтрымку краязнаўства на ўсiх узроўнях, у прыватнасцi, стварыць у раённых СМI пастаянную рубрыку па краязнаўчай тэматыцы, да Мiнiстэрства адукацыi — увесцi на педагагiчных спецыяльнасцях курс «методыка краязнаўства», каб будучыя настаўнiкi ўжо мелi ўяўленне, як арганiзаваць гэту работу на месцы. Але найбольш удзельнiкi гаварылi пра важнасць такiх сустрэч. «Дзякуй за раскошу краязнаўчых стасункаў!» — эмацыянальна рэзюмавала агульныя ўражаннi лаўрэатка конкурсу краязнаўчых выданняў Таццяна Канапацкая з Лунiнца.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”
Опубликовано:
Просмотров:
867