Роўна 80 гадоў таму выйшаў першы падпольны выпуск газеты «Звязда»

Роўна 80 гадоў таму выйшаў першы падпольны выпуск газеты «Звязда»

Восемдзясят гадоў таму, 18 мая 1942 года, у акупаваным Мінску выйшаў першы падпольны выпуск газеты «Звязда».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».Гэта быў выстрал, кулямётная чарга, выбух — друкаванае слова бязітасна біла па ворагу. Такога ўдару ў спіну гітлераўцы нават не чакалі. Падпольшчыкі гучна заявілі аб сабе. Выпушчаная газета сведчыла: нягледзячы на масавыя забойствы патрыётаў, беларускі народ не скарыўся — працягвае змагацца і зробіць усё дзеля таго, каб захопнікі пакінулі іх зямлю.

Подзвіг журналістаў-падпольшчыкаў, здзейснены ў маі — кастрычніку 1942 года ў акупаваным Мінску, не мае аналагаў у свеце. Чатыры нумары падпольнай «Звязды», якія ўбачылі свет у захопленым горадзе, мацней любой зброі нанеслі ўдар па ворагу, прымусілі людзей паверыць, што Перамога будзе на нашым баку. Праўда, за гэта была заплачана вельмі высокая цана...

Многія з тых, хто быў задзейнічаны ў выпуску падпольнай газеты, а таксама прапаноўваў сваё жыллё пад рэдакцыйныя патрэбы, загінулі ад рук фашыстаў. Адзін з першых — рэдактар падпольнага выпуску «Звязды» № 1 Уладзімір Амельянюк, будучы Герой Савецкага Саюза. Непадалёк ад месца яго гібелі, на цяперашняй плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла ў Мінску, 24 верасня 1980 года быў адкрыты помнік. Сціплы надпіс на ім сведчыць, што тут увекавечана памяць першага рэдактара падпольнай «Звязды», а таксама іншых журналістаў-падпольшчыкаў, якія стваралі газету ў захопленым горадзе.

У тыле ворага

Сёння складана ўявіць, што матэрыялы гэтага нумара набіраліся ў логаве ворага — у нямецкай тыпаграфіі, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў сучасным Доме друку. Гэта стала магчымым дзякуючы рабочым друкарні: бацьку і сыну Воранавым, Барысу Пупко, Міхаілу Свірыдаву і Броні Гофман, якія з'яўляліся членамі адной з першых падпольных груп Мінска. Пасля таго як падпольшчык Уладзімір Амельянюк устанавіў з імі сувязь, рабочыя ажыццявілі набор матэрыялаў першага выпуску непасрэдна ў самой тыпаграфіі. Усё астатняе, што патрэбна было для выпуску газеты: наборныя касы, паперу, фарбы, гранкі, вярстаткі, ім удалося незаўважна вынесці. Дзеля ўвекавечвання подзвігу патрыётаў на будынку Дома друку на мінскім праспекце Незалежнасці ўсталявана мемарыяльная дошка.

Дэбютны падпольны нумар «Звязды» быў надрукаваны 18 мая 1942 года ў хаце Міхаіла Воранава і яго сына Міхаіла па адрасе: Рымарская, 13 (на сучаснай вуліцы Караля). Аб найважнейшай падзеі ў гісторыі Мінскага падполля сведчыць мемарыяльная шыльда, усталяваная на доме, на месцы якога ў гады акупацыі нелегальна знаходзілася рэдакцыя.

Ідэя стварэння падпольнай «Звязды» паступіла з кіруючых органаў Вялікай зямлі, — расказвае даследчык гісторыі Мінскага падполля кандыдат гістарычных навук Яўген Бараноўскі. — З матэрыялаў справаздач Мінскага гарадскога падпольнага цэнтра вынікае, што ў праграму дзейнасці падпольшчыкаў ужо на першым этапе іх існавання ўваходзіла ў якасці адной з цэнтральных задач арганізацыя падпольнай друкарні на базе матэрыялаў былых раённых друкарань. Але нельга лічыць выхад «Звязды» толькі выкананнем спушчанага «зверху» плана. Яе з'яўленне — вынік канцэнтрацыі ў адным месцы мужных і таленавітых людзей.

18-23_kopiya_7.jpg

Друкарню шукалі разведчыкі

Адказнасць за падрыхтоўку і выпуск першага нумара падпольнай газеты была ўскладзена на аднаго з актывістаў Мінскага партыйнага падполля, нядаўняга студэнта Уладзіміра Амельянюка, які да вайны скончыў тры курсы Камуністычнага інстытута журналістыкі. Кватэра па вуліцы Чарнышэўскага ў Мінску, дзе жылі яго бацькі, з'яўлялася канспіратыўнай: тут
сустракаліся кіраўнікі, члены падпольнага камітэта, партызанскія сувязныя. Акрамя таго, яна была прытулкам для многіх параненых савецкіх вайскоўцаў.

Уладзімір Амельянюк — легенда не толькі нацыянальнай, але і сусветнай журналістыкі. Гэта адзіны рэдактар у час Другой сусветнай вайны, якому было прысвоена найвышэйшае званне — Герой Савецкага Саюза (падобных прыкладаў на прасторах СССР не было). Надзвычай папулярную і ўплывовую да вайны газету ён узначаліў у няпоўныя 25 гадоў.

Многія матэрыялы гэтага выпуску былі напісаны асабіста Уладзімірам Амельянюком. Генадзь Будай, з якім яны сябравалі, працавалі ў дзяржынскай раённай газеце, пасля вучыліся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, а потым былі сярод арганізатараў патрыятычнага падполля, расказваў, што Уладзімір Амельянюк спяшаўся, рыхтуючы матэрыялы для першага нумара падпольнай «Звязды». «Яго блакнот папаўняўся фактамі аб баявых дзеяннях народных мсціўцаў, аб зверствах фашыстаў, — успамінаў падпольшчык. — Скрупулёзна адбіраў ён найбольш важныя паведамленні Маскоўскага радыё. Шмат якую інфармацыю хацелася змясціць у маленькім газетным лістку. Але трэба было «сціскаць», і Амельянюк па некалькі разоў перапісваў матэрыялы, стараўся ўдыхнуць у іх жар свайго сэрца, усю нянавісць да ворага».

І гэта адчуваецца амаль у кожным радку гэтага легендарнага выпуску. «Бязлітасна знішчайце фашысцкіх гадаў, пашырайце партызанскую барацьбу. Зрабіце ўсё, каб наблізіць час разгрому і гібелі крывавага фашызму!» — заклікала «Звязда».

Кожнае слова, быццам куля, страляла ва ўпор. Сваім з'яўленнем у тыле ворага газета ашаламіла фашыстаў. Мінскія падпольшчыкі гучна заявілі аб сваім існаванні. «Тыраж яе быў невялікі, але абслугоўвала даволі вялікае кола чытачоў, — успамінаў падпольшчык Георгій Сапун. — Першы, хто дастаў яе, пасля прачытання перадаваў суседу, знаёмаму, той іншаму, і так яна ішла па ланцужку і зачытвалася да дзірак. Нярэдка былі выпадкі, калі яна, так ідучы па ланцужку, вярталася зноў у першыя рукі. Але з кожным выданнем тыраж яе рос».

Для пошуку падпольнай друкарні з Берліна выклікалі вопытных разведчыкаў. Гітлераўцы ўсведамлялі: знішчэнне самай вядомай і аўтарытэтнай беларускай газеты нанясе непапраўны ўрон падпольнаму руху. Тым, хто ўкажа на нелегальную друкарню, акупанты абяцалі заплаціць 75 тысяч нямецкіх марак — па тым часе велізарныя грошы. У грамадскіх месцах і на заводах пачаліся павальныя вобыскі і арышты: тых, у каго знаходзілі хоць бы адзін экзэмпляр газеты, расстрэльвалі.

Выпадкова падпольшчыкаў выдала родная цётка: «Яе затрымалі ў краме, у яе было дзесяць картак хлебных, — расказваў Васіль Сайчык, які таксама быў удзельнікам Мінскага падполля. — Спыталі, дзе яна іх бярэ, тая і сказала, што Воранаў даў». Аказалася, што на кватэры ў падпольшчыкаў яшчэ друкаваліся хлебныя карткі, карткі для дадатковага пайка, пашпарты, біржавыя карткі, даведкі з месца працы, падробліваліся пячаткі і штампы. Менавіта дзякуючы Міхаілу Воранаву мінскім падпольшчыкам удалося здабыць два экзэмпляры спіса шпіёнаў, якія праз партызанскую брыгаду «Дзядзька Коля» былі адпраўлены ў Маскву. За гэта, а таксама за ўдзел у выпуску газеты, была заплачана вельмі высокая цана: ад рук фашыстаў загінула сям'я з трох чалавек — бацька, сын і яго жонка.

18-26_kopiya_10.jpg

Трагедыя сям'і Амельянюкоў

Праз некалькі дзён пасля выхаду першага нумара падпольнай газеты, 26 мая 1942 года, у ходзе перастрэлкі з агентам СД Уладзімір Амельянюк быў забіты. Адбылося гэта ў раёне месца, дзе цяпер герою, а таксама іншым журналістам-падпольшчыкам пастаўлены помнік.

Доўгі час у біяграфіі Уладзіміра Амельянюка было шмат белых плям. Некалькі гадоў таму некаторыя з іх удалося ліквідаваць. У першую чаргу, дзякуючы пляменніцы журналіста-падпольшчыка Надзеі Амельянюк. Яна расказала, што лёс яе бабулі і дзядулі, якія таксама супрацоўнічалі з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б, склаўся трагічна. Бацьку, Сцяпана Кандратавіча, 9 мая 1942 года забілі акупанты. Маці, Паўліну Сцяпанаўну, 24 мая 1945 года без прыкмет жыцця знайшлі на вуліцы — сэрца. Сястра Зінаіда трапіла пад бамбёжку яшчэ ў самым пачатку вайны.

18-27_kopiya_9.jpg

«Вайна нанесла шмат гора: разбіла вялікую дружную сям'ю (загінулі муж, сын, дачка, унукі), — сведчыла падпольшчыца Марыя Рынкевіч, якая таксама мела дачыненне да выпуску нелегальнай «Звязды». — Акупанты з кулямёта абстралялі іх хату».

Магілу сваёй бабулі даглядае Надзея Амельянюк. Яна — дачка роднага брата Героя Савецкага Саюза. Яе бацька, Мікалай Сцяпанавіч Амельянюк, на пяць гадоў быў старэйшы за свайго знакамітага брата-падпольшчыка. Ён адзіны, хто выжыў з гэтай вялікай сям'і. Хоць сам неаднойчы вісеў на валаску ад смерці. Для Мікалая Амельянюка вайна пачалася ў 1941 годзе. Каля Оршы яго часць трапіла ў акружэнне. Доўгія тры гады ён знаходзіўся ў палоне, за гэты час змяніў не адзін канцлагер, але выжыў. Пасля вызвалення саюзнікамі трапіў у амерыканскую дывізію, у складзе якой і заканчваў вайну. Дамоў вярнуўся ў 1946-м: на радзіме яго чакаў лёс ворага народа.

18-24_kopiya_4.jpg

Удзельнікам Вялікай Айчыннай Мікалая Амельянюка прызналі толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля вайны. Ён яшчэ паспеў расказаць пра лёс знакамітага брата: выступаў у дружынах імя Уладзіміра Амельянюка, быў частым госцем у Дзяржынскай школе № 2, дзе будучы герой працаваў піянерважатым, запрашалі яго і ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — менавіта брат журналіста-падпольшчыка перадаў у музей медаль «Залатая Зорка», прысвоены Уладзіміру Амельянюку пасмяротна да 20-годдзя Перамогі.

Доўгі час быў невядомы лёс жонкі журналіста-падпольшчыка Лідзіі і іх сына Генадзя. «Яны разам з маёй мамай і братам эвакуіраваліся з акупаванага Мінска ў пачатку вайны», — расказала Надзея Амельянюк. — Дзеці, мой родны брат Сярожа і Гена Амельянюк, памерлі па дарозе. Пасля вайны Ліда выйшла замуж, жыла ў Маскве, ад другога шлюбу нарадзіла сына. Памятаю, як аднойчы яна прыязджала да нас у вёску. Пакуль была жывая, падтрымлівала стасункі з маёй мамай».

18-22_kopiya_4.jpg

Нягледзячы на забойства Уладзіміра Амельянюка і падпольшчыкаў Воранавых, выданне «Звязды» ў акупаваным Мінску працягвалася. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».



Опубликовано:
Просмотров:
46