Тэматычны эфір да дня нараджэння Янкі Купалы

Тэматычны эфір да дня нараджэння Янкі Купалы

Сёння 7 ліпеня, у дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў спецыяльны тэматычны эфір. У праграме перадач - ігравое кіно паводле твора песняра, хранікальна-дакументальны фільм, праекты "Запіскі на палях" і "Майстры і куміры", тэлеверсія фолк-оперы "Адвечная песня" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і тэматычная канцэртная праграма "Як на свет радзіўся Янка...".

Тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў насычаны тэматычны эфір і запрашае гледачоў разам адзначыць 136-годдзе з дня нараджэння аднаго з родапачынальнікаў нацыянальнай паэтычнай думкі.

З 4 ліпеня ў эфіры тэлеканала выходзіць праект "Мой Купала". Гэта цыкл міжпраграмных відэаролікаў, у якіх студэнты творчых ВНУ і вядомыя дзеячы тэатральнага мастацтва і кіно чытаюць свае ўлюбёныя вершы Янкі Купалы.

7 ліпеня адкрые купалаўскі эфір а 14:20 камедыйная стужка Юрыя Цвяткова "Пасля кірмашу" ("Беларусьфільм", 1972 г.) паводле бессмяротнай "Паўлінкі". Паводле сюжэта, сялянская дачка Паўлінка кахае сельскага настаўніка Якіма, але яе бацька жадае парадніцца з дваранскім родам і марыць выдаць яе за дурнога і нікчэмнага шляхціца Быкоўскага. Пасля застолля, якое зладзілі бацькі Паўлінкі ў гонар прыезду Быкоўскага, госця ў цемры прымаюць за злодзея і бяруць пад арышт...

Далей а 15:25 у эфір выйдуць "Запіскі на палях" - праект пра тое, што не распавядалася на ўроках беларускай літаратуры. Выпуск праграмы, прысвечаны Янку Купалу, правядзе ўрок па няпростым лёсе і жыцці народнага паэта.

Зважаем на тое, што падчас паказу фільма "Пасля кірмашу" і праекта "Запіскі на палях" можна будзе актываваць функцыю скрытага субцітравання.

Падхопіць тэматычны эфір а 15:50 тэлевізійная версія фолк-оперы РТБД "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2015 г.) паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы. Гэтая сучасная пастаноўка - унікальны сінтэз народных матываў і рок-музыкі - не раз станавілася дыпламантам беларускіх і міжнародных тэатральных форумаў.

Увечар а 22:30 гледачы ўбачаць хранікальна-дакументальны тэлепраект "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2012 г.) пра Янку Купалу на тэлебачанні. Фільм распавядзе тэлегледачам пра той відэаматэрыял, які захоўваецца ў архівах медыяхолдынга і так ці інакш звязаны з імем вялікага паэта. Да гэтых касет у розныя гады звярталіся лепшыя тэлерэжысёры, акцёры і мастацкія кіраўнікі тэатраў - для кожнага з іх Купала быў і застаецца сваім.

Завершыць памятны ліпеньскі эфір а 23:20 канцэртная праграма "Як на свет радзіўся Янка...".

8 ліпеня, а 11:40 увазе тэлеаўдыторыі будзе прапанаваны выпуск праграмы "Майстры і куміры", прысвечаны Янку Купалу. У гасцях у вядучай праекта Марыны Драгінай - дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах телеканала "Беларусь 3"

Опубликовано:
Просмотров:
509