«Транскрыпцыя любові»: тэма малой радзімы на старонках газеты «Ляхавіцкі веснік»

«Транскрыпцыя любові»: тэма малой радзімы на старонках газеты «Ляхавіцкі веснік»

Рэгіянальны друк Беларусі з’яўляецца адным з найбольш важ­ных складнікаў інфармацыйнай прасторы нашай краіны. Прэстыж рэгіянальных выданняў можна патлумачыць актуальнасцю інфармацыі, магчымасцю ўзняць важныя праблемы сваёй мясцовасці і іх аператыўнага вырашэння. Пытанні палітычнага, эканамічнага, культурнага і сацыяль­нага развіцця рэгіёна знаходзяць сваё месца на старонках раённых газет.

Газета «Ляхавіцкі веснік» – гэта выданне, якое вылучаецца аналітычнасцю, шырокай жанравай палітрай, навуковым падыхо­дам, сур’ёзным вывучэннем шматлікіх сацыяльных праблем. Раёнка ўсебакова асвятляе жыццё Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобласці і рэспублікі, інфармуе аб важных падзеях у краіне і за мяжой. На яе старонках пастаянна ўзнімаюцца праблемы эканомікі, сацыяльнай сфе­ры, культуры. Газета прапагандуе лепшыя ўзоры працы, расказвае пра цікавых асоб.

Апошнім часам рэгіянальны друк Беларусі перажывае кардынальныя змены: мясцовыя выданні вымушаны змяняць стратэгіі рэдакцыйнай палітыкі, нанова заваёўваць чытача. Чалавеку важна не толькі арыен­тавацца ў сваім рэгіёне, але і быць дасведчаным адносна падзей, што адбываюцца ў краіне і свеце.

25.05.2020 3

Як вядома, 2018–2020 гг. былі аб’яўлены Гадамі малой радзімы. У газеце «Ляхавіцкі веснік» на працягу 2018-2019 гадоў асаблівай папулярнасцю карысталася рубрыка «Транскрыпцыя любові», якая прысвечана малой радзіме. Прэм’ера адбылася 6 сакавіка 2018 года, а прэзентавала праект Вольга Пятроўна Барадзіна такімі словамі: «Чалавек нараджаецца з вялізным запасам любові. Да жыцця, да бацькоў, да сям’і, да братоў нашых меншых, да прыгажосці людской і навакольнай, самаробнай і прыроднай, той, што ў справах, і дадзенай звыш – Богам, сусветным розумам. Але сярод аб’ектаў любові ёсць адзін агульны для планеты людзей – Радзіма. У кожнага народа свая. Наша – Беларусь. А цяпер пытанне: што паўстае перад вачыма, калі ты гаворыш «любімая Беларусь»? У выявах любові ці не самых пер­шых, акрамя дарагіх твараў, той куточак, дзе нарадзіўся, рос, сталеў, дзе жывеш. І сталічнаму жыхару, і чалавеку, які жыве ў сціплым рай­цэнтры, утульным аграгарадку ці зусім маленькай вёсачцы, уяўляецца мілы сэрцу куточак, які завецца малой радзімай. Што яна для цябе? Што ты для яе? Якія думкі-пачуцці-памкненні выклікае? На што натхняе? Чаму вучыць? Што падказвае? Хто і якія яны – землякі?» (06.03.2018).

Пра Ляхавіччыну пісалі не толькі прафесійныя журналісты, але і таленавітая моладзь. Так, у рубрыцы «Транскрыпцыя любові» была надрукавана праца васьмікласніцы Жарабковіцкай СШ Веранікі Казакевіч, чыё прозвішча было названа ў ліку пераможцаў у рэспубліканскім конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі-2019». Такую высокую адзнаку атрымала яе эсэ ў намінацыі «Мая непаўторная малая радзіма», дзе ў цэнтры ўвагі – аграгарадок Жарабковічы, вясковыя вуліцы і жыхары. Тыя, чыя маладосць і стваральная праца прыпалі на няпростыя часы пасляваеннага аднаўлення, адбудоўвання, пачатак росквіту калгаса «Беларусь» – сённяшняга ААТ «Жарабковічы». Прозвішчы аднавяскоўцаў, прыгожыя лёсы, адметныя старонкі недалёкай, але такой уразлівай гісторыі – і пра ўсё гэта з абсалютнай любоўю, захапленнем і шанаваннем расказвае юная зямлячка, чые пачуцці і ўспрыманне жыцця даказваюць, з чаго пачынаецца Радзіма: «Жыве вёска! І будзе жыць заўсёды, бо кожнае чалавечае жыццё – гэта не працяжнік паміж датамі нараджэння і смерці. Гэта памяць людская, і ўсё, што мною напісана, зроблена з ад­ной мэтай: каб памяталі…» (28.06.2019).

У матэрыяле «Простае складанае лебядзінае шчасце» гімназістка Паліна Тататрыновіч з захапленнем распавядае пра райцэнтр Ляхавічы і адну з яго адметнасцяў – раку Ведзьму, на беразе якой штогод знаходзяць прытулак цудоўныя птушкі: «Спадзяюся, што яшчэ шмат гадоў мы зможам любавацца лебядзінай парай на Ведзьме. Лебедзі – доўгажыхары. Дваццаць чатыры гады прыгожага жыцця двух партнёраў у дзвюх стыхіях – вады і паветра. Гэта птушкі жыцця. Думаю, што варта ў нашым горадзе паставіць помнік у гонар гэтай лебядзінай пары і даць назву «Сям’і прысвячаецца». Гэта алегорыя будзе зразумелая ўсім» (19.04.2019).

Мінчанін Мацвей Шасцярнёў у матэрыяле «Тут усё маё» прызнаецца: «Мая малая радзіма знаходзіцца далёка ад сталіцы: памиж імі амаль 220 кіламетраў. Чаму не Мінск, падумаеце вы? Таму што менавіта тут збіраецца ўся сям’я, тут мае карані, тут усё маё. Ляхавіччына – цудоўны кавалачак нашай неабсяжнай Айчыны, дзе так прыемна сустракаць ціхія мірныя світанкі і любавацца захадам сонца…» (01.02.2019).

Па-свойму ў любові да родных краявідаў прызнаецца Вадзім Яфімчык, які выказвае свае пачуцці на ўніверсальнай мове фатаграфіі. У яго аб’ектыве – рака Шчара, Грушаўская сажалка і іншыя мілыя пей­зажы Ляхавіччыны. Фотагалерэя мастака таксама была прадстаўлена ў «Транскрыпцыі любові».

Малая радзіма – гэта не проста раён ці вобласць, рэчкі і лясы, архітэктурныя помнікі, а яшчэ і людзі. Працавітыя. Шчырыя. Адданыя зямлі. На старонках раёнкі ў рубрыцы, прысвечнай малой радзіме, ёсць шмат цікавых матэрыялаў пра людзей з вялікая літары: «Наш Панкратавіч. Ёсць людзі, якіх паважаюць. Якімі ганарацца» (12.04.2019); у матэрыяле «Марыць не шкодна – шкодна не марыць» пра лёс дырэктара вытворчага ўпраўлення «Баранавічыгаз» Уладзіміра Столяра; «Творчае партфоліа мастака. Год малой радзімы для ляхавіцкага мастака Эдуарда Бурвеля напоўнены асаблівым зместам» (06.04.2018). Адзін з самых знакамітых людзей Ляхавіччыны – пісьменнік Алесь Бадак, для якога крыніцай творчасці з’яўляецца родная вёска: «Калі думаю пра свае Туркі, уяўляю вясковую вуліцу, дарогу, шлях са школы дадому, да сяброў. Гэта вуліца вяртання да родных, блізкіх. Яна ціхая, яна непрык­метная. Дарэчы, вуліца, дзе жыве мая мама, цяпер так і называецца – Ціхая. Яна сапраўды такая. Кожная хата, міма якой праходзіш, кожны крок, які робіш, – гэта жыццё, гэта мая біяграфія, мой лёс, гісторыя. І калі ўяўляю Туркі, безумоўна, перад вачыма – родная хата. А яшчэ мая радзіма там, дзе мама. Да яе, дадому, лячу ў любую вольную хвіліну», – так сказаў Алесь Мікалаевіч у адным з інтэрв’ю (15.05.2018).

Такім чынам, нельга пераацаніць значнасць публікацый у рубрыцы «Транскрыпцыя любові», што прысвечаны малой радзіме, бо для кожна­га з нас – гэта самае важнае, самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому. З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і камень у полі, і стары крыж на раздарожжы – усё да болю знаёмае і дарагое сэрцу. Менавіта такія журналісцкія матэрыялы маюць моцны выхаваўчы і патрыятычны эфект, пасяляюць у моладзі гонар за сваю краіну, горад, вёску, сям’ю.

Л.Г.Шасцярнёва, БДУ

Iнфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Рэгіянальныя СМI Рэспублікі Беларусь у лічбавую эпоху: ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы».

Крыніца - mediana.by.

Опубликовано:
Просмотров:
789