У Алмаце збіраюцца выдаць беларуска-казахскі літаратурны альманах

У Алмаце збіраюцца выдаць беларуска-казахскі літаратурны альманах

Гэтая ідэя нарадзілася падчас правядзення Міжнароднага сімпозіўма літаратараў “Пісьменнік і час”, які праходзіў у Мінску ў лютым 2019 года. Прадстаўнічая казахстанская дэлегацыя звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі ў апошні час выйшаў шэраг кніг, якія прапагандуюць казахскую літаратуру на беларускай мове. Шмат публікацый казахскіх аўтараў з’яўляецца ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

– Мы вырашылі выдаць у Алмаце альманах “Казахстан – Беларусь”, –  расказвае вядомы выдавец і пісьменнік Бахытжан Канап’янаў. – Мяркуем, што кніга будзе на трох мовах: казахскай, беларускай, рускай. Ужо вызначыліся і з укладальнікамі. З казахскага боку імі будуць паэтэса Любоў Шашкова і Святлана Ананьева.

Да работы над складаннем альманаха ўжо далучыліся беларускія калегі – Алесь Бадак, Віктар Шніп, Аляксей Чарота. “Канечне ж, –  зазначае Бахытжан Канап’янаў, –  мы перш-наперш пад адну вокладку збяром сучасную літаратуру. У Казахстане добра ведаюць Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Рыгора Барадуліна, а вось сучасныя пісьменнікі амаль зусім невядомыя. І гэта трэба выпраўляць. Я ўпэўнены, што і сёння ў Беларусі развіваецца багатая мастацкая літаратура”.

Мяркуецца, што альманах выйдзе накладам 5000 экзэмпляраў. Істотная частка тыражу патрапіць і ў Беларусь.

(крыніца - партал "Созвучие")



Опубликовано:
Просмотров:
659
Направления: