Запрашаем на выстаўку «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект»

Запрашаем на выстаўку «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект»

Адкрыццё выстаўкі, прысвечанай 50-годдзю стварэння першай беларускай універсальнай энцыклапедыі, адбудзецца 17 снежня ў 16 гадзін у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

«Дзяржаўным народам прызнаецца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар і энцыклапедыю», – сцвярджаў класік беларускай літаратуры Максім Танк. Універсальная энцыклапедыя – сімвал нацыі і дзяржавы. Шматтомныя выданні, на старонках якіх сканцэнтраваны запас ведаў чалавецтва, над якімі працавалі інтэлектуалы, лепшыя навукоўцы свайго часу, станавіліся адметнай з’явай у культурным жыцці кожнай нацыі.

Выстаўка прадстаўляе гісторыю еўрапейскіх энцыклапедычных выданняў ад антычных часоў да сучаснасці. Сярод экспанатаў – правобраз еўрапейскіх універсальных энцыклапедый – «Натуральная гісторыя» Плінія (у ліёнскім выданні ХVI ст.); першая энцыклапедыя сучаснага тыпу, кніжны шэдэўр эпохі Асветніцтва – французская «Энцыклапедыя, ці Тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў» Д. Дзідро (1751–1780); самая аўтарытэтная ўніверсальная энцыклапедыя на англійскай мове – «Брытаніка» (1875–1888); самая паспяховая нямецкая энцыклапедыя – «Энцыклапедыя Бракгаўза» (Германія, 1882–1887); універсальныя энцыклапедыі на нацыянальных мовах Польшчы, Чэхіі, Расіі, Украіны (ХIХ–ХХ стст.).

Асобны раздзел выстаўкі знаёміць з гісторыяй узнікнення айчыннага энцыклапедычнага праекта, уключае кірылічныя лексіконы ХVIІ ст., архіўныя матэрыялы і выданні, што адлюстроўваюць першыя спробы стварэння беларускай энцыклапедыі ў 20–30-я і 50-я гг. ХХ ст., а таксама ўнікальныя дакументы, фотаздымкі, працоўныя і творчыя матэрыялы другой палавіны ХХ ст. калектыву беларускіх энцыклапедыстаў пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Петруся Броўкі.

экцыклапедыя.jpg

У цэнтры экспазіцыі – выданне-юбіляр, першая ў гісторыі беларускага народа ўніверсальная «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (1969–1975) і «Беларуская энцыклапедыя» (1996–2004).

На выставачнай пляцоўцы 3-га паверха размешчаны лепшыя кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», адзначаныя ўзнагародамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў.

энцыклапедыя_.jpg

Экспазіцыя пабудавана на матэрыялах з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Петруся Броўкі (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры).

Выстаўка «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект» будзе працаваць з 17 снежня 2019 года да 17 лютага 2020 года штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят. Уваход – вольны.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.

Опубликовано:
Просмотров:
526