«Васіль Цёркін» – на дзве прасторы

«Васіль Цёркін» – на дзве прасторы

У Санкт-Пецярбургу адбылася цікавая выстаўка. У час працы сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі наш зямляк – ураджэнец Бабруйска галоўны рэдактар ваеннай газеты Заходняй ваеннай акругі «На страже Родины» (Санкт-Пецярбург) палкоўнік Сяргей Мартынкевіч прадставіў кіраўнікам ведамстваў, усім удзельнікам калегіі ўнікальныя матэрыялы, прысвечаныя паэме Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін».

Уся справа ў тым, што вытокі легендарнага мастацкага вобраза – на старонках газеты «На страже Родины», якую зараз і рэдагуе палкоўнік С.Мартынкевіч. Менавіта з гэтым выданнем звязаны і вобраз Васіля Цёркіна, і творчы лёс Аляксандра Твардоўскага як ваеннага карэспандэнта. А ў 1942 – 1945 гг. вялікі рускі паэт служыў у «Красноармейской правде», газеце Заходняга, а пасля 3-га Беларускага фронта, удзельнічаў у вызваленні Мінска, Беларусі. На старонках франтавой газеты (а яе правапераемнікам з’яўляецца «Белорусская военная газета. Во славу Родины», якая зараз выходзіць у Мінску як газета Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь) і друкаваліся заключныя раздзелы паэмы пра самага славутага ў свеце байца.

Сярод матэрыялаў выстаўкі – рарытэты, надзвычай цікавыя для спасціжэння гісторыі рускай літаратуры ў Беларусі, беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў. Нагадаем, што Аляксандр Твардоўскі ва ўсе гады свайго жыцця быў добрым сябрам беларускіх пісьменнікаў, беларускай літаратуры. Дык чаму б не стварыць выданне кшталту такога зборніка «Аляксандр Твардоўскі і яго “Васіль Цёркін” у расійскім і беларускім франтавым друку»? Несумненна, такая кніга магла б стаць вартым падарункам да 75-годдзя Вялікай Перамогі, падзеі, якую і ў Беларусі і ў Расіі будуць урачыста адзначаць у маі 2020 года.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Опубликовано:
Просмотров:
122
Поделиться в соц.сетях