Як гісторыю напоўніць імёнамі?

Як гісторыю напоўніць імёнамі?

Адразу пасля абвяшчэння ўсенароднай акцыі па зборы матэрыялаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сталі паступаць работы, фатаграфіі і сканы старых дакументаў з усіх куткоў краіны, што захоўваюцца ў сем'ях. Ужо сабрана больш за дзве сотні тэкстаў, частка з іх нават надрукаваная — у першай кнізе «Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх».

Акцыя была ініцыяваная вучонымі напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі, але збор сямейных і прыватных гісторый працягваецца. У найбліжэйшы час плануецца не толькі выдаваць успаміны ў кнігах, але і стварыць асобны сайт. На электронным рэсурсе будзе змешчана больш матэрыялаў, чым у папяровым выданні, бо некаторыя сем'і дасылаюць вялікую колькасць копій дакументаў, лістоў з фронту, фатаграфій родных. Вучоныя просяць дасылаць таксама фатаграфіі і невялікую інфармацыю, у тым ліку і пра саміх аўтараў, якія захоўваюць і накіроўваюць гэтыя матэрыялы на адрас Інстытута гісторыі НАН (на сайце ўстановы ёсць асобная спасылка, звязаная з акцыяй, адсканаваныя дакументы, фатаграфіі і ўспаміны прымаюць на электронны адрас nl19411945@mаіl.ru).

Ваенная тэматыка заўсёды добра асвятлялася ў нашай краіне. Чаго толькі вартае 146-томнае выданне кніг «Памяці»! Наогул за пасляваенныя гады беларускімі вучонымі падрыхтавана каля 12 тысяч выданняў рознага кшталту ад фундаментальных прац да дакументальных зборнікаў. Але «Народны летапіс» — гэтая арыгінальная і непаўторная серыя (другую кнігу плануецца зрабіць да канца гэтага года). Падобная работа яшчэ не праводзілася ні ў кога з нашых суседзяў. Тут суаўтарамі становяцца простыя людзі і дасланыя імі гісторыі — вельмі каштоўная крыніца інфармацыі. У сямейных шафах захоўваюцца дакументы і звесткі, якіх не знойдзеш у архівах. «Гісторыя пачынаецца, калі яна персаніфікаваная, калі мы ведаем, не проста пра падзею, а і пра яе ўдзельнікаў: які камандзір падняў у атаку, хто кінуўся на амбразуру, што гэта былі за людзі. І такіх звестак у архівах няшмат, але яны захоўваюцца ў народнай, сямейнай памяці», — заўважае загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей ЛІТВІН.

Калі пра ветэранаў, якія дажылі да 70—90-х гадоў, яшчэ маглі быць нейкія публікацыі, то пра тых салдат і афіцэраў, і нават Герояў Савецкага Саюза, што памерлі ў пасляваенныя гады, звестак не хапае. Але іх яшчэ можна адшукаць — пра іх памятаюць дзеці, унукі, сямейныя гісторыі пераказваюцца праўнукам.

Важна не толькі запісаць аповеды сведак ваенных падзей, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш, але і абудзіць цікавасць моладзі да гісторыі сваёй краіны. «Выхаваць лозунгамі ці заклікамі немагчыма. Мы хацелі, каб падрастаючае пакаленне ўдзельнічала ў гэтай высакароднай справе па стварэнні летапісу», — адзначыў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр КАВАЛЕНЯ. Менавіта так — праз сям'ю, праз аповеды пра асабісты ўнёсак блізкіх людзей дзецям і моладзі будзе перадавацца праўда пра вайну, а гэта найлепшая прышчэпка ад фальсіфікацый. І што цешыць, дзеці і настаўнікі адгукнуліся на просьбу вучоных, свае сямейныя гісторыі дасылалі нават вучні пятых і першага класаў. Таксама далучыліся да акцыі работнікі музеяў.

У першай кнізе Народнага летапісу змешчаны гісторыі, запісаныя ў тым ліку і вучонымі, і журналістамі. Усяго надрукавана каля 40 матэрыялаў, у некаторых з іх гаворыцца пра некалькіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, згадана каля 60 імёнаў.

Выданне будзе карыснае для гісторыкаў, краязнаўцаў і настаўнікаў. І справа не толькі ў тым, што яно змяшчае ўнікальную інфармацыю, гэта своеасаблівы дапаможнік, які падказвае, як можна працаваць з індывідуальнай памяццю. Да таго ж беларускія вучоныя першымі на постсавецкай прасторы яшчэ ў 2004 годзе выпусцілі падручнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які прызнаны найлепшым у СНД. Сёння ён перавыдадзены, і ў ім з'явілася рубрыка, прысвечаная стварэнню народнага летапісу вайны.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
220
Поделиться в соц.сетях