Як заахвоціць дзіця да чытання

Як заахвоціць дзіця да чытання

Як заахвоціць дзіця да чытання і адкрыць яму хараство літаратуры, калі свет прапаноўвае спакусы бавіць час зусім па-іншаму? Гэта пытанне стала лейтматывам круглага стала па тэме «Папулярызацыя чытання як спосаб інтэлектуальнага развіцця асобы», які адбыўся ў прэс-цэнтры Дома прэсы. 

Як зазначыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, грамадскай арганізацыяй робіцца шмат, каб у юнацтва не змяншалася ўвага да чытання: у дзіцячых садках, навучальных установах, воінскіх часцях ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, якія знаёмяць чытачоў як з класікай, так і з уласнымі творамі.

Штогод праводзіцца конкурс на лепшыя творы па сямі намінацыях, творчае спаборніцтва для школьнікаў «Жывая класіка», конкурс «Мастацтва кнігі». Традыцыйнай стала акцыя «Лета з добрай кнігай» — калі ўлетку пісьменнікі адпраўляюцца ў лагеры адпачынку. Карыстаецца папулярнасцю праект, які ажыццяўляе факультэт пачатковай адукацыі Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка: у школах праводзяцца адкрытыя ўрокі па творы сучаснага аўтара, якога запрашаюць у якасці госця.

Развіццё культуры чытання варта развіваць з самага маленькага ўзросту. З гэтай мэтай наладжана супрацоўніцтва паміж дзіцячымі бібліятэкамі і дашкольнымі ўстановамі. У межах сумесных мерапрыемстваў, як зазначыла загадчыца ясляў-сада № 256 г. Мінска Алена Дзяменцьева, ладзяцца экскурсіі ў кніжніцы, пад кіраўніцтвам выхавальнікаў дзеці ставяць інсцэніроўкі па любімых творах, ствараюць кнігі сваімі рукамі, вучацца даглядаць за імі.

Каб заахвоціць да чытання, паспяхова выкарыстоўваюцца і сучасныя сродкі — гаджэты, жыцця без якіх не ўяўляюць цяперашнія школьнікі. Так, дзіцячая пісьменніца Вольга Нікольская ўводзіць у свае творы і мабільнікі, і камп’ютары, з якімі ўзаемадзейнічаюць яе героі, — каб дзеці, чытаючы пра сучаснікаў, пазнавалі сябе. А намеснік начальніка кіравання крэатыву і інавацый ТАА «Еўрагандаль» Сяргей Шымановіч падзяліўся вынікамі ад рэалізацыі задумы: апошнім часам у крамах сеткі было прададзена больш як паўмільёна кніг. Напярэдадні кожнаму пакупніку выдавалася пэўная колькасць фішак, з улікам якіх можна было купіць кнігу амаль па сабекошце. Добрыя вынікі паказаў і ажыццёўлены дырэкцыяй сеткі праект, калі кнігу аб’ядналі з гаджэтамі: праз спецыяльныя праграмы ў мабільніку дзеці маглі разглядаць ілюстрацыі да тэкстаў, што заахвочвала хутчэй азнаёміцца і з самім тэкстам.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы: сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, хаця і чытаюць менш, чым іх бацькі, але ўсё роўна ў большасці адукаваныя і развітыя, бо маюць шмат крыніц інфармацыі і разумеюць, як імі карыстацца.

Опубликовано:
Просмотров:
1 325