Завяршаецца збор твораў на конкурс «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя»
Завяршаецца збор твораў на конкурс «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», які арганізаваны рэдакцыяй часопіса «Маладосць» сумесна з кафедрай гісторыі беларускай літаратуры БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Больш за чатыры дзясяткі ўдзельнікаў ад школьнага да пенсійнага ўзросту, літаратары-прафесіяналы і даследчыкі-аматары. Дзякуючы ім у літаратурнай прасторы краіны з’явяцца новыя біяграфічныя творы, прысвечаныя чатырнаццаці беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя.
“Віншуем Вас з завяршэннем важнага і яркага перыяду ў Вашай даследчыцкай і творчай дзейнасці і дзякуем за ўдзел у праекце, які мае важныя і яркія мэты”. Ліст, які пачынаецца гэтымі словамі, атрымала першая дзясятка канкурсантаў — тыя, хто паставіў ужо апошнюю кропку, перачытаў, тое-сёе падправіў, зноў перачытаў, перарабіў канцоўку або пачатак, паздымаў недзе клічнікі, а недзе дадаў шматкроп’яў — іншымі словамі, зрабіў усё, што ад яго залежала, каб з чыстым сумленнем чакаць рашэння журы. А члены журы ўжо чакаюць першы дзень лістапада і зашыфраваныя файлы, хвалюючыся не менш, чым самі канкурсанты, “хварэючы” за іх удачу.
Конкурс «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» прымеркаваны да Году малой радзімы і прысвечаны 65-годдзю часопіса «Маладосць». Пераможцамі стануць аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Кожны пераможца атрымае Дыплом і матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Выдавецкага дома «Звязда» і іншых фундатараў конкурсу. Мяркуецца, што лепшыя конкурсныя творы будуць апублікаваны ў часопісе “Маладосць”.