Новыя праекты да Года малой радзімы

Новыя праекты да Года малой радзімы

5 лістапада 2019 года ў 17.00 ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13) адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі Уладзіслава Цыдзіка “Бачу Беларусь такой” і прэзентацыя зборніка паэзіі і прозы сучасных беларускіх аўтараў “Мая Радзіма”. Зборнік пабачыў свет у Выдавецкім доме “Звязда” ў 2019 годдзе.

Гэта мерапрыемства аб’яднана тэмай любові да роднай зямлі, да вытокаў, адкуль бярэ пачатак магутнае дрэва нашай Бацькаўшчыны, да святых крыніц, ад якіх бруіцца светлая, чыстая беларуская душа.

Кніга “Мая Радзіма” – працяг вялікага творчага праекта, які ўжо 4 гады ладзяць члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах (укладальнік, аўтар) і Уладзіслаў Цыдзік (фотамастак).

У 2017 годзе выйшаў у свет дэбютны фотапаэтычны альбом “Зачараваны Беларуссю”, дзе пад адной вокладкай аб’яднаны фотаздымкі Уладзіслава Цыдзіка і паэтычныя чатырохрадкоўі розных беларускіх аўтараў, спецыяльна напісаныя да кожнага фотаздымка.

У 2018 годзе пабачыў свет новы фотапаэтычны альбом “Бачу Беларусь такой”. У кнігу ўвайшлі здымкі, а таксама вершы 65 беларускіх паэтаў, прысвечаныя малой радзіме.

Прэзентацыя выданняў адбылася на розных пляцоўках Беларусі і за мяжой. Асаблівасць прэзентацый у тым, што падчас кожнай з іх адбываецца адкрыццё фотавыстаўкі Уладзіслава Цыдзіка. Гармонія фотаработ і прыгожага мастацкага слова мае вялікае псіхалагічнае ўздзеянне. Беларусь паўстае ў шмат’яўных вобразах. Яна велічная, прасторная, пяшчотная, родная, свая…

Зборнік “Мая Радзіма”– кніжная навінка 2019 года. Разнастайнае па жанрах выданне складзена з вершаў, апавяданняў, эссэ, нарысаў 26 аўтараў. Гэаграфія апетых мясцін шырокая: Полацк Навума Гальпяровіча, Казловічы, што на Случчыне, Алеся Марціновіча, Давыд-Гарадок Георгія Марчука, Зэльва Уладзіміра Мазго і г.д.

Пра што пісалі аўтары? Пра звычайныя з’явы паўсядзённага жыцця, якія праз талент і арыгінальнае светаўспрыманне кожнага пісьменніка складаюць дзівосны малюнак незвычайна прыгожай нашай Радзімы.

Кніга шчодра ілюстравана каляровымі і чорна-белымі здымкамі беларускай прыроды, людзей, помнікаў гісторыі і культуры, прадметаў побыту беларусаў. Фатаграфіі Уладзіслава Цыдзіка і Яўгена Пясецкага не толькі дапаўняюць змест зборніка, але і паказваюць прыгажосць і багацце нашай цудоўнай Айчыны.

Удзел у адкрыцці фотавыстаўкі “Бачу Беларусь такой” і прэзентацыі кнігі “Мая Радзіма” прымуць аўтары зборніка, вядомыя дзеячы, артысты, прадстаўнікі Выдавецкага дома “Звязда”, у якім гэтыя выданні і выйшлі ў свет.

Сардэчна запрашаем!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
508
Источник:
Поделиться в соц.сетях