


Коратка згадваючы з даўніны ўсе гэтыя хрэстаматыйна вядомыя гістарычныя факты, часам задумваешся, што Стоўбцам проста наканавана было стаць вялікім прамысловым цэнтрам. Але ж гісторыя развярнулася зусім іначай... І Стоўбцы, і іх ваколіцы зрабіліся асяроддзем асветніцтва, цэнтрам, які пеставаў мастацкія, літаратурныя таленты. Такія мясціны называюць культурнымі гнёздамі.

Касцёл і рынкавая плошча (пачатак ХХ ст.)
На Стаўбцоўшчыне нарадзіліся, жылі, стваралі таленавітыя ўзоры літаратуры майстры прыгожага пісьменства Вінцэсь Каратынскі, Адам Плуг, Уладзсілаў Сыракомля... Тут, у Акінчыцах, нарадзіўся пясняр Якуб Колас. Прайдзіцеся сцежкамі Рубяжэвіч, Новага Свержаня, зазірніце ў Жукаў Барок — вас чакаюць надзвычай цікавыя сустрэчы і адкрыцці. У Жукавым Барку, невялікім вясковым паселішчы, жыла сям'я бедных шляхцюкоў Пякевічаў... Сын арандатара Антона Пяткевіча Антоній Антонавіч стаў паэтам і перакладчыкам Адамам Плугам. Пісаў па-польску і па-беларуску. У Жукавым Барку Адам пазнаёміўся з Уладзіславам Сыракомлем. І першы свой верш — «Гара Замчышча» — прысвяціў якраз яму. Лёс Адама Плуга самым цесным чынам звязаны з Украінай. Але гэта ўжо асобная тэма. Мо калі і нам старыя паштоўкі дапамогуць прайсці адрасамі беларускага літаратара праз Кіеў, Журын, Падолле, Оўруч, Вінніцу, Жытомір... Між іншым, у 1891 — 1903 гадах наш зямляк быў галоўным рэдактарам першых тамоў «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі»... Вядомы творца як і перакладчык Віктора Гюго і Аляксандра Пушкіна на польскую мову. Памёр Адам Плуг у 1903 годзе ва ўзросце 80 гадоў. Вернемся ў Жукаў Барок (ва ўрочышчы Залучча У. Сыракомлю пастаўлены памятны знак). Блукаючы гэтымі мясцінамі, мы проста вымушаны згадаць і Сыракомлю, які быў тут арандатарам, і ўраджэнца вёскі, нямецкага філосафа Саламона Маймона (апісвае радзіму ў сваёй аўтабіяграфіі), і філосафа ды псіхолага Юзэфу Кодзіс...

Ветразнік на Нёмане (пачатак ХХ ст.)
Не мінайце ў сваіх вандроўках па Стаўбцоўшчыне Новы Свержань, Рубяжэвічы, Мікалаеўшчыну... Вялікія і малыя паселішчы — з памяццю пра Якуба Коласа, яго адрасы, з памяццю пра блізкіх народнаму песняру людзей. А збіраючыся на Стаўбцоўшчыну, зазірніце ў творы і нашых сучаснікаў — паэта і празаіка Казіміра Камейшы (ён нарадзіўся ў Малых Навіках паблізу Рубяжэвіч), паэта Яўгена Хвалея, празаіка і публіцыста Генрыха Далідовіча (лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ён сваім раманам «Заходнікі» шмат што выклаў менавіта з жыцця гэтай старонкі, гэтага краю, зрабіўшы твор яшчэ і выразным мастацкім дакументам часу), паэта і празаіка Алеся Камароўскага, Сымона Белага (родны пляменнік Якуба Коласа, ён напісаў цёплую кнігу «На бацькоўскай зямлі», а яшчэ ў рукапісе засталася яго кніга «Коласаў радавод»), празаіка Юрыя Пяткевіча... Асабліва раім вам пачытаць краязнаўчыя кнігі публіцыста Сяргея Галоўкі (на вялікі жаль, ён рана пайшоў з жыцця: зваліў маладога яшчэ чалавека ковід) «Стаўбцоўшчына: нататкі пра людзей і гісторыю». Выдадзеная ў мінскім выдавецтве «Беларусь» у серыі «Падарожжа па родным краі», яна раскажа пра многія памяткі мастацкай і літаратурнай Стаўбцоўшчыны, якіх вы не знойдзеце ў энцыклапедыях і даведніках. А пакуль запрашаем у віртуальнае падарожжа па Стоўбцах ды ваколіцах разам са старымі паштоўкамі...
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».