8 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя першага фундаментальнага даследавання Буквара і кнігі для моладзі з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» Алеся Сушы.

Буквар у навуковым асяроддзі нашай краіны лічыцца з’явай сусветнай велічыні і гонарам айчыннай культуры, бо ўпершыню, больш за 400 гадоў таму, гэта кніга была выпушчана менавіта беларускай друкарняй. Буквар адразу ж стаў самым вядомым айчынным падручнікам, а само гэта слова загучала на многіх мовах ў розных краінах свету. На жаль, для саміх беларусаў гісторыя гэтага феномена заставалася амаль невядомай.
Аўтарам фундаментальнага даследавання з’яўляецца вядомы кнігазнаўца і культуролаг, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Менавіта ён у 2012 годзе перавыдаў найбольш старажытны айчынны Буквар з тых, што сёння захоўваюцца ў Беларусі, а ў 2016–2018 гг. вярнуў з забыцця самую першую ў свеце кнігу з назвай Буквар, якая захавалася ў адзіным экзэмпляры ў Лондане.
Разам з фундаментальнай навуковай працай «Беларускі Буквар» Алесь Суша таксама падрыхтаваў папулярную і багата ілюстраваную кнігу для моладзі «Вынаходства Буквара ў Беларусі», якая таксама нядаўна выпушчана выдавецтвам «Беларусь» у серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя».
Прэзентацыя абодвух выданняў адбудзецца 8 лютага а 16-й гадзіне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (галерэя «Лабірынт», 3 паверх). Уваход вольны.