Бузоўскі: Пра ўвагу да пісьменніцкага слова сведчаць 30 гадоў падтрымкі
01.09.2023
Прагляды: 288
Горад Гарадок Віцебскай вобласці гатовы сустракаць вялікае свята. Галоўная сцэна, дзе пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, тэматычныя пляцоўкі, што збяруць найбольш зацікаўленых, кніжны кірмаш, які, несумненна, парадуе аматара чытання, — толькі невялікая частка чарговага Дня беларускага пісьменства.

— Акцэнт XXX Дня беларускага пісьменства — на юбілейныя даты, — расказвае намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі. — 30 гадоў — тэрмін, які дазваляе рэзюмаваць зробленае. Гэта быў час сур’ёзнай работы прафесіяналаў самых розных галін — пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, кнігараспаўсюджвальнікаў. І тут немагчыма не зрабіць выснову, што ў нас, у Рэспубліцы Беларусь, увага да кнігі надзвычайная. Яе ўдзяляе і Кіраўнік дзяржавы. Прававыя, нарматыўныя дакументы ў гэтай сферы, якія вызначаюць у тым ліку і святкаванне Дня беларускага пісьменства, сведчаць пра вялікую зацікаўленасць, неабыякавасць да развіцця галіны з боку ўлады. Пра ўвагу да пісьменніцкага слова сведчаць 30 гадоў падтрымкі, ацэненай на самых розных узроўнях, на міжнароднай арэне. Так, удзельнікі Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу — а гэта дыпламаты, пісьменнікі, выдаўцы — падкрэсліваюць унікальнасць стаўлення да кнігі ў нашай краіне. Гэта не пафас, а рэальныя ацэнкі.
Яшчэ адна ключавая дата, якой будзе ўдзяляцца ўвага падчас правядзення разнастайных тэматычных мерапрыемстваў, — 80-годдзе вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэма акупацыі і вызвалення Гарадоччыны, Перамогі будзе адлюстравана, напрыклад, у канцэртных нумарах урачыстых адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства, у праграмах розных пляцовак, у тым ліку цэнтральнай. Па ацэнках намесніка Міністра інфармацыі, будзе прэзентавана вялікая колькасць праектаў, падтрыманых і рэалізаваных айчыннымі выдавецтвамі.
— В
іцебская зямля славутая выдатнымі дзеячамі культуры, мастацтва і літаратуры, — нагадвае Ігар Бузоўскі. —
Менавіта ўраджэнцы гэтых мясцін далі імпульс да развіцця беларускага кнігадрукавання. Гэтыя асобы, іх дзейнасць таксама знойдуць адлюстраванне ў розных праектах. Не забудуцца пра іх і падчас цырымоній адкрыцця і закрыцця свята. Між тым асобная тэма — 140-годдзе Янкі Маўра. Святкаванне яго юбілею само сабой разумеецца. Між тым гэта не проста чарговае згадванне класіка — адбудзецца прэзентацыя тома выбраных твораў «Мастацкай літаратуры».
Крышачку апярэдзіла Дзень беларускага пісьменства асобная ініцыятыва — рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», цёпла сустрэты і падтрыманы дзятвой і моладдзю — аматарамі чытання і дэкламацыі вершаў. Ігар Бузоўскі звяртае ўвагу на руплівую падрыхтоўку ўдзельнікаў — ад выбару твора да прэзентацыі праекта на телебачанні. Між тым асобнай гаворкі заслугоўвае тэматыка, да якой звяртаюцца аматары паэзіі. Перамога, Вялікая Айчынная вайна, любоў да роднай зямлі і слова — ключавыя матывы твораў, якія зацікавілі канкурсантаў. Падвядзенне вынікаў творчага спаборніцтва ўжо адбылося — яркія нумары фіналістаў можна будзе ацаніць у тым ліку падчас урачыстага адкрыцця свята ў Гарадку.
— Не магу пакінуць па-за ўвагай наш Фестываль кнігі і прэсы, да арганізацыі якога прычыніўся вялізны калектыў, — адзначае намеснік Міністра. — Увазе наведвальнікаў будзе прапанаваны зрэз актуальнай рэспубліканскай прэсы, а таксама кнігі сучасных празаікаў, паэтаў, драматургаў, публіцыстаў кожнай з абласцей краіны — рэгіянальныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі прадставяць свае напрацоўкі. Хочацца, каб выданні, якія пабачылі свет цягам апошніх гадоў, не проста зацікавілі, а паслужылі асновай для сувязі пісьменнікаў з наведвальнікамі. Чытачы змогуць атрымаць адказы наконт таго, якая работа вядзецца ў рэгіёнах. Спадзяюся, падрыхтаваныя абласнымі аддзяленнямі праекты парадуюць усіх, хто з імі пазнаёміцца.
Дарэчы, пачатак Фестывалю кнігі і прэсы дасць праект «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» калекцыянера, гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава. Аўтар супрацоўнічае з рознымі дзяржаўнымі структурамі, арганізацыямі і пры падтрымцы Мінінфарма рэалізоўвае свае задумы. Апроч іншых цікавостак, якія суправаджаюць «Бацькаўшчыну», ахвотным будуць прапаноўваць стужкі з беларускім арнаментам. Мяркуецца, што «Стужка часу Бацькаўшчыны» стане сімвалам праекта.
Што тычыцца асновы праграмы, то напярэдадні традыцыйна ладзіцца рэспубліканская навуковаасветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Яе ўдзельнікамі за 30 гадоў стала 415 чалавек. 30 жніўня экспедыцыі быў дадзены старт. 1 верасня ж праходзіць круглы стол «Роля кнігі ў жыцці грамадства: мінулае і сучаснасць».
— Асаблівасць сёлетняй сустрэчы заключаецца ў тым, што адначасова з Днём беларускага пісьменства праходзіць Маскоўскі міжнародны кніжны кірмаш, дзе Беларусь выступае ганаровым госцем. Наш стэнд там — цэнтральны, у рамках яго работы мы і праводзім круглы стол. Такім чынам аб’ядноўваем, кансалідуем пляцоўкі Беларусі і Расіі. Хочацца, каб самыя розныя людзі, а не толькі пісьменнікі і выдаўцы, паразважалі пра тое, што кніга значыла раней і што такое кніга сёння. Ці змяніла сваю ролю? Што выдаецца апошнім часам? Наколькі новыя творы актуальныя? Наколькі неабходныя і важныя для асобнага чытача і для цэлай краіны?
2 верасня адбудуцца «Гарадоцкія чытанні» (навукова-практычная канферэнцыя).
— Гэта знакавая падзея. Хоць часта мы крытыкуем традыцыйную канферэнцыю — з-за невялікай аўдыторыі. Хацелася б, каб навуковыя чытанні набылі больш шырокі розгалас. Магчыма, гэта справа будучыні, — разважае Ігар Бузоўскі. — Цікавыя падзеі і факты, невядомыя ці малавядомыя шырокаму колу чытачоў, — прадмет навуковых даследаванняў. Спрыянне Акадэміі навук дапамагае мясцовым пісьменнікам, краязнаўцам, музейшчыкам, бібліятэкарам выкарыстоўваць новыя звесткі ў адмысловых праектах.
Ключавой падзеяй свята Ігар Бузоўскі называе
ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Так, намеснік Міністра інфармацыі падзяліўся наступным фактам: адзін з пераможцаў праекта LitUp стаў фіналістам галоўнай прэміі па літаратуры ў Беларусі. Што да астатніх цікавостак…
Завітвайце на Дзень беларускага пісьменства ў Гарадок!
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».