Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Галоўная / Навiны

“Дарога да святыняў” сёлета пройдзе праз Лунінецкі раён трэці раз

12.08.2021
Прагляды: 921

Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальным святам нашай краіны. Упершыню яго адзначылі ў 1994 годзе. Сёлета свята пройдзе 5 верасня ў г.Капыль на Міншчыне.

Па традыцыі яму папярэднічае навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. У ходзе экспедыцыі святары, навукоўцы, творчая інтэлігенцыя па ўсім шляху пранясуць Загор’е-Сталавіцкую цудатворную ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы, наведаюць гістарычныя мясціны Беларусі, сустрэнуцца з жыхарамі, расказваючы ім пра вытокі беларускай культуры і мовы, адслужаць малебны, перадаючы Благадатны агонь на свечкі прыхаджан.

Двойчы такая экспедыцыя пралягала праз Лунінецкі раён – у 2004 і 2011 гадах. Сёлета раёну пашчасціла трэці раз. У чацвер, 2 верасня, навукова-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў” будуць сустракаць на мяжы Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў. Напярэдадні гэтай даты ў Лунінецкім раёне пабывалі кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук, галоўны захавальнік Загор’е-Сталавіцкай цудатворнай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы Аляксандр Лапата-Загорскі; протаіерэй, настаяцель храма Свц. Міколы Цудатворца в.Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, айцец Аляксандр (Пачопка) і вядучы спецыяліст аддзела дзяржаўных і культурна-масавых мерапрыемстваў Палаца Рэспублікі, спявак Аляксей Хлястоў. Іх вітаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч.

– У ходзе экспедыцыі плануем наведаць аграгардкі Лунін, Кажан-Гарадок і некаторыя суседнія вёскі, – расказаў Аляксандр Лапата-Загорскі. – Абавязкова пабываем у храмах гэтых населеных пунктаў, сустрэнемся з жыхарамі. Вельмі хацелася б зазірнуць у Бастынь, дзе ў мінулы раз вельмі цёпла сутракалі нашу экспедыцыю, яшчэ раз дакрануцца да незвычайных па прыгажосці і сіле мясцін беларускага Палесся, паглядзець, якім стаў пасаджаны намі Сад малітвы.

У час візіту госці наведалі населеныя пункты, па якіх пройдзе навукова-асветніцкая экспедыцыя, засталіся задаволенымі ўбачаным і выказалі спадзяванне, што Дарога да святыняў дапаможа данесці да беларусаў слова аб міры, які павінен панаваць не толькі ў грамадстве, але і ў людскіх сэрцах.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах сайта газеты“Лунінецкія навіны.