
— Ёсць цудоўны выраз: «Час абраў нас!» Тады я дакладна разумеў, што час абраў нас, і ад нашых учынкаў, ад учынкаў сотняў і тысяч асобных людзей залежыць будучыня дзяржавы. Канешне, быў пэўны страх аказацца неэфектыўным, падабраць не тыя словы, каб растлумачыць людзям, што адбываецца на самай справе, і натхніць іх на работу. Для нас усіх гэта было ўпершыню. Але ж праўда заўсёды была на нашым баку, і гэтыя 500 дзён, якія прайшлі з выбараў, паказалі, хто спрабаваў перавярнуць краіну, навошта ён гэта рабіў і хто за гэта плаціў. Гэта ўсё потым напішуць у падручніках па гісторыі. І наша гісторыя ўнікальная: Беларусь аказалася той адзінай краінай, дзе каляровая рэвалюцыя не адбылася. Вельмі каштоўна, калі на чале дзяржавы ёсць чалавек, моц якога ты адчуваеш і на якога можаш абаперціся. Вядомы выраз: «Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца» ў дачыненні да кіраўніка нашай краіны мае вельмі глыбокі сэнс.
— У выніку інфармацыйнага супрацьстаяння ў 2020 годзе тэлеканал АНТ пацярпеў больш за іншыя беларускія тэлеканалы і ў выніку апынуўся ў пэўнай эканамічнай блакадзе. Наколькі ў 2021 годзе атрымалася пераадолець негатыўныя наступствы?
— Сапраўды, эканамічны ўдар быў моцным. Самае цынічнае ў гэтай сітуацыі тое, што нават некаторыя дзяржаўныя кампаніі і прадпрыемствы не падтрымалі нас у той складаны час. Прыпынілі размяшчэнне рэкламы на АНТ і тыя замежныя кампаніі, якім наша дзяржава дала магчымасць развіваць свой бізнес у Беларусі. Яны ўсе вядомыя: гэта і банкі, і сотавыя аператары, і буйныя гандлёвыя сеткі.
Але ж, нягледзячы на ўсё гэта, мы не апусцілі рукі, а працягвалі працаваць і вельмі эфектыўна. Мы нарасцілі колькасць гледачоў, долю тэлеаглядаў, у нас выраслі рэйтынгі і з’явіліся новыя імёны. Самае галоўнае, мы не прыбралі з эфіру ніводнай палітычнай праграмы. Наадварот, павялічылі іх колькасць і якасць. Рэклама — гэта, перш за ўсё, эканоміка. Можна размясціць рэкламу дзе заўгодна, але, калі яна не прыносіць прыбытку, гэта ўжо неэфектыўны бізнес. АНТ — вядучы тэлеканал краіны і не рэкламавацца на ім з пункту гледжання ахопу і рэйтынгаў, па меншай меры, глупства.

— Што прадпрымалася дзеля выхаду з крызіснай сітуацыі?
— Самае галоўнае правіла ў любой крызіснай сітуацыі — абмежаванне выдаткаў і пошук новых крыніц прыбытку. Па сутнасці, мы нічым не адрозніваемся ад тых прадпрыемстваў, якія патрапілі пад санкцыі. Наш тэлеканал быў дальнабачным і падрыхтаваўся да выбараў. Была створана фінансавая падушка бяспекі, а зараз мы знайшлі новыя крыніцы даходу. У нас з’явіліся новыя рэкламадаўцы з ліку беларускіх прадпрыемстваў, пачалі вяртацца старыя партнёры і галоўнае, што мы адчулі цвёрдую дзяржаўную падтрымку і цяпер не сумняваемся ў будучыні.
— У інтэрнет-прасторы падаецца інфармацыя аб тым, што з тэлеканала АНТ у 2020 годзе па палітычных матывах звольнілася больш за ўсё супрацоўнікаў. Ці так гэта на самай справе?
— У сувязi з падзеямi 2020 года нас стала менш на 50 чалавек. Гэта роўна 1/8 частка супрацоўнікаў. Нядаўна я прааналізаваў статыстыку звальненняў на АНТ за амаль 20 гадоў існавання тэлеканала. Самае цікавае тое, што ў сярэднім за год з АНТ звальнялася 20-30 чалавек. Звычайная прафесійная ратацыя. Падчас фінансавых катаклізмаў гэта лічба яшчэ павялiчвалася. Адбылася ратацыя не на колькасным, а на якасным узроўні. Ад нас пайшлі людзі, якія не былі гатовыя працаваць у адпаведнасці з дзяржаўнымі інтарэсамі. Дзякуй ім за шчырасць. Мяне перыядычна крытыкуюць за тое, што я даволі жорстка адстойваю пазіцыю дзяржавы, але на гэты конт у мяне ёсць вельмі яскравы прыклад. Прапануйце супрацоўніку на польскім тэлеканале, які фінансіруецца дзяржавай, публічна ўсхваляць Беларусь ці выступіць з крытыкай Маравецкага з Дудай. Што будзе з гэтым супрацоўнікам? Прыклады ўжо былі.
— Якой стала каманда АНТ у мінулым годзе? І для якога гледача вы працягваеце працаваць?
— Нашу каманду можна параўнаць з кветкай, якая жыла ў цяплічных умовах, а пасля небяспечных кліматычных змяненняў, яна спачатку скурчылася, а потым набрала сілы і выстаяла. У 2021 годзе наша каманда стала больш прафесійнай, куленепрабіваемай. Пасля таго жаху і булінгу, які ўсе мы адчулі на сабе, другі раз гэта не пройдзе. Мы сталі больш спакойнымі і псіхалагічна ўстойлівымі. З пункту гледжання телевізійнага прадукту мы сталі працаваць лепей, больш прафесіянальна. І сёння мы працуем на сваю пастаянную аўдыторыю, у тым ліку, і на тых, хто яшчэ сумняваецца. На мой погляд, місія АНТ заключаецца ў тым, каб даць аргументы i людзям, якія сумняваюцца, дзеля таго, каб яны даверыліся дзяржаўнаму курсу.
— Куды рухаецца сучаснае тэлебачанне і што можаце сказаць тым, хто «не глядзіць» тэлевізар?
— За 10 гадоў работы медыяменеджэрам я чуў шмат меркаванняў на гэты конт. Многія, хто не вельмі глыбока ў тэме, лічаць, што тэлебачанне сёння памірае. У любым выпадку тэлебачанне будзе эвалюцыянаваць. І тут вельмі важна адрозніваць тэлебачанне як тэлевізар і тэлебачанне як з’яву. Гэта не адное і тое ж. Мы — прафесійныя стваральнікі тэлевізійнага кантэнту, які не здольны ствараць непрафесіяналы ці адзіночкі. Яны, безумоўна, могуць стрэліць у самым пачатку, але ці змогуць яны ствараць высокаякасны кантэнт на пастаяннай аснове? Тэлебачанне здольна працаваць на сістэмнай аснове, ствараючы прафесійны кантэнт. А вось дзе і пры дапамозе якіх інструментаў гэты кантэнт будзе размяшчацца і распаўсюджвацца, як будзе ажыццяўляцца інтэрактыў паміж стваральнікам кантэнту і яго спажыўцом? Вось тут і знаходзіцца ключ да поспеху. Самае галоўнае, чым сёння тэлебачанне, друкаваныя СМІ і радыё адрозніваюцца ад модных сацыяльных сетак, мэсэнджэраў і ютуб-каналаў, дык гэта тое, што мы можам на некалькі хвілін спазніцца з пункту гледжання аператыўнасці, але пры гэтым мы застанемся дакладнымі. На тэлебачанні праўда па вызначэнні. Калі вы не хочаце дакладнай інфармацыіі, вы можаце не глядзець тэлебачанне. Застаецца вызначыцца, што вам бліжэй.
— Нядаўна ў «Вікіпедыі» пра вас размясцілі цікавы артыкул. Што ў ім праўда, а што фэйк?
— На самай справе, 90 % фактаў, якія змешчаны ў гэтым артыкуле, хоць і ангажыраваныя, але праўдзівыя. Яны падаюцца са спасылкамі на пэўныя артыкулы, сярод якіх большасць мае асабістыя інтэрв’ю. Але ж аўтар артыкула, відавочна, не служыў у арміі. «Маркаў, які праслужыў 13 гадоў ва ўзброеных сілах, даслужыўся да намесніка камандзіра ўзводу». Насамрэч, гэта сяржанцкая пасада. Зразумела, што аўтар не разумее, як пабудавана ваенная служба. Сапраўды, я быў намеснікам камандзіра ўзводу, на першым курсе ваеннага вучылішча ў званні малодшага сяржанта. Гэта праўда. Але пасля 13 гадоў ваеннай службы я быў у званні маёра юстыцыі і на той момант я быў старэйшым дазнавальнікам Ваеннай Акадэміі. У артыкуле няма ні слова пра тое, што я два гады праслужыў на палігоне у Капусціным яры, начальнікам станцыі аптычных сродкаў. Тады я ўпершыню пазнаёміўся з кінакамерай. Толькі яна была тры метры вышынёй і выкарыстоўвалася для адсочвання траекторыі палёту эксперыментальных ракет ЗРК. Пазней, мне здавалася, што гэта знаёмства было вызначана лёсам.


— Чаму вы вучыцеся ў сваіх суразмоўцаў?
— У кожнага свайму. Госці ўсе розныя. Адзін моцны, як крэмень, другі творчы, трэці вельмі любіць сваю сям’ю. Самае галоўнае, што я хачу ў іх вучыцца. Яны для мяне цікавыя. Як толькі цябе перастае цікавіць чалавек, які да цябе прыходзіць, трэба завяршаць з гэтай прафесіяй.
— Марат Сяргеевіч, што для вас зараз больш важна: шлях ці вынік?
— Перш за ўсё, для мяне як журналіста, як кіраўніка прадпрыемства, вынік мае значэнне. Я не хачу займацца працэсам дзеля працэсу. Калі я ў 2017 годзе прыйшоў на АНТ, для мяне быў вельмі важны менавіта вынік. Спачатку мы зрабілі адну новую студыю, потым другую, трэцюю. Сфарміравалі каманду. Пачалі працаваць па-новаму, выпускаць новыя праграмы. Гэта быў вынік. Чым добра працаваць на тэлебачанні, дык гэта тым, што ты бачыш вынік кожны дзень. І для цябе якасць выніка мае вялікае значэнне.
Калі разважаць пра гэта па-за межамі прафесіі ў кантэксце жыцця, то тут трэба дакладна разумець, што для нас усіх вынік адзін. Да гэтага ўсе мы прыйдзем. І тут, канешне, вельмі важны працэс. У многіх з нас ёсць праблема, у якой мы не хочам сабе прызнацца. Па прычыне высокай занятасці, мы пастаянна рыхтуемся жыць. Рыхтуемся замест таго, каб жыць у моманце і атрымліваць ад яго асалоду. У дадзеным выпадку вынік, гэта тое, што мы хацелі б адтэрмінаваць. Калі мы навучымся жыць у моманце, мы станем шчаслівымі людзьмі. Я вельмі спадзяюся, што такія людзі існуюць.
— Які ваш асабісты план на 2022 год?
— Працаваць. Бо ад работы аперацыйным менеджэрам на АНТ я нікуды не дзенуся і ў гэтым годзе. Я хачу, каб наша прадпрыемства зноў моцна стала на ногі і ў 2022 годзе зрабіла якасны рывок. Але ёсць у мяне і вялікае жаданне навучыцца жыць сённяшнім днём, менавіта жыць, а не рыхтавацца.
— Што пажадаеце беларусам у гэтым годзе?
— Як правіла, калі мы штосьці жадаем іншым, перш за ўсё, гэта мы жадаем сабе. З-за кавіду мы навучыліся цаніць здароўе. Гэта самае галоўнае. Ад клопату пра здароўе мы нікуды не дзенемся. Здаровая нацыя — гэта не толькі здароўе фізічнае, а таксама псіхалагічнае і эмацыянальнае. На жаль, многія нашыя праблемы ўзніклі ад таго, што камусьці не хапіла менавіта псіхалагічнага здароўя. Жадаю ўсім нам цвярозасці і выразнасці крытычнага мыслення. Каб усе мы цанілі тое, што ў нас ёсць. Толькі дзякуючы гэтаму, мы можам атрымаць больш!
Інтэрв'ю Выдавецкага дома «Звязда».