
Сёлета на конкурс «БрамаМар» было даслана каля трох з паловай соцень твораў з розных куточкаў Беларусі. Сярод адзначаных — Марат Крупко з гімназіі № 1 горада Салігорска, Антаніна Куклік з Барсукоўскай сярэдняй школы, Паліна Корнева з гімназіі № 2 г.Барысава, Віталь Мінкоўскі з гімназіі-інтэрната г. Мядзеля, Ангеліна Ветлава з Маркаўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёну, Ангеліна Жук з сярэдняй школы № 2 г.Стоўбцы і шмат іншых юных талентаў. Зразумела, атрымалі адзнакі і «мясцовыя» студэнты-журфакаўцы.

Многія з лаўрэатаў прыехалі з бацькамі і настаўнікамі. Людміла Саянкова адзначыла, што колькасць удзельнікаў конкурса расце кожны год, і ёй, як загадчыцы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, прыемна, што і намінацыя крытыкі пашыраецца — у гэтым годзе знайшлося два дзясяткі прэтэндэнтаў на такой вельмі сур’ёзнай пляцоўцы.
Сябры журы адзначылі, што ў гэтым годзе аказалася шмат прац на беларускай мове, што вельмі прыемна, бо сведчыць пра тое, што цікавасць да роднай культуры ўзрастае. Зразумела, увагу ўдзельнікі аддалі тэме Вялікай Айчыннай вайны і гістарычнай памяці.
— Любы твор пішацца і сэрцам, і розумам, — звярнулася да літаратараў-пачаткоўцаў дэкан факультэта журналістыкі Вольга Самусевіч. — І калі ў чалавека ёсць глыбіня душы, калі яму ёсць што сказаць, ёсць думкі, пачуцці, то абавязкова ён будзе пачуты, і яго твор знойдзе водгук у іншых людзей. Будзьце адкрытыя гэтаму свету, адкрытыя людзям, гаварыце, калі ёсць што сказаць.
Лаўрэаты атрымалі дыпломы і падарункі ад Выдавецкага дома «Звязда», а з іх творамі можна будзе ў будучым пазнанёміцца на старонках беларускіх літаратурных выданняў.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».