«Шапка» першай старонкі, першай газетнай паласы фармата А4 (а ўсяго старонак — дзве): «1942 год павінен быць годам поўнага разгрома ворага! Смерць нямецкім акупантам!» Рэдакцыйны артыкул — «Шырэй партызанскую барацьбу!» У цэнтры — «Блізкі час аслаблення», зварот сакратара ЦК КП (б) Б. Ніжэй — інармацыя «Устанаўленне новага баявога ордэна — ордэна Айчыннай вайны». Справа — «Весткі з франтоў Айчыннай вайны».
На другой старонцы — слова Якуба Коласа «Зара вызвалення займаецца над Беларуссю» «Беларусь, родная Совецкая зямля! Ты зноў чуеш громы грознай навальніцы. Зноў садрыгаюцца лясы і прасторы тваіх палёў ад гуду гармат, ад грукату танкаў і рэву самалётаў. Вялікія бітвы началіся і кончацца на табе, беларуская зямля. Але не з цёмнага фашысцкага захаду, а з ясных усходніх далячынь грыміць сёння пераможнае водгулле вайны і плыве, усё далей і далей на захад, як голас прадвесня, як весць свайго вызвалення...»
Яшчэ ў нумары — пад рубрыкай «Партызанскія навіны» артыкул «2000 супроць... аднаго». Пра тое, як карацельны атрад фашыстаў колькасцю каля 2000 немцаў рушыў у паход на партызан. «Але храбрасць нямецкіх ваяк выявілася перад лесам. Яны нават свой нос пабаяліся туды пасунуць. Пастралялі, пагрукалі па хмызьняку і... вярнуліся назад. <...> Каб не ўдарыць тварам у гразь, яны арыштавалі ні чым непавіннага лясніка С. Ня дзіва, што пасля гэткіх «аперацыяў» у ваенных паведамленнях фашысцкіх брахуноў вымушаны з’яўляцца поўныя пахвальбы словы аб знішчэнні «дужэйшых партызанскіх груп і аддзелаў»...
Другі падарунак-напамін Зміцера Цехановіча пра цяжкія гады — арыгінальны нумар рудзенскай падпольнай, партызанскай газеты «Большэвіцкі сцяг» (экзэмпляр захоўваўся ў сям’і нашчадкаў пісьменніка і журналіста-«звяздоўца» Макара Паслядовіча) за ліпень 1943 г.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».