У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга з рэпрадукцыямі старых паштовак «Адзінства непераможнага народа»
15.09.2022
Прагляды: 21
У Выдавецкім доме «Звязда» у пярэдадзень 17 верасня пабачыла свет кніга з рэпрадукцыямі старых паштовак «Адзінства непераможнага народа».
Вядомы ў краіне калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выдаў альбом старых паштовак, іншых фатаграфічных ілюстрацый, якія даволі аб’ектыўна выкладаюць жыццё ў Заходняй Беларусі з 1920 па 1939 гады, паказваюць, як ішло вызваленне з-пад гнёту панскай Польшчы беларускіх земляў.
Кніга ўжо была прэзентавана ў Добрушы на Дні беларускага пісьменства.
Калекцыянер, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў з’яўляецца аўтарам многіх філакартычных альбомаў, якія праз рэпрадукцыі старых паштовак прадстаўляюць гісторыю нашай краіны, памежных з ёю старонак. Шэраг кніг звязаны з імёнамі славутых гістарычных дзеячаў, асветнікаў. З дапамогай такога характару філакартычных выданняў можна вывучаць гісторыю. Альбомы серыі «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» запатрабаваны ў агульнаадукацыйнай школе, сярод студэнтаў і выкладчыкаў гуманітарных факультэтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь.