

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя была створана музеем у супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам «Звязда». Экспанаты выставы адлюстроўваюць 1920-30-ыя гады адразу з некалькіх бакоў. Напрыклад, можна прачытаць вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, убачыць уласныя рэчы творцаў — гальштукі, камізэльку і кашулі. Адлюстравана і творчасць паэтак, якія друкаваліся ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя: Наталлі Вішнеўскай, Зінаіды Бандарынай, Яўгеніі Пфляўмбаўм. Таксама дэманструюцца і фондавыя анкеты літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў, што ўражвае як сама выстава, так і гісторыя часопіса «Полымя»:

— Традыцыя выдання тоўстых часопісаў у Беларусі, нягледзячы ні на якія складанасці, захавалася. Сёння самае частае пытанне ад журналістаў, асабліва электронных сродкаў масавай інфармацыі, звязана з фарматам мастацкіх тэкстаў: што прасцей — выкладаць іх у анлайн-прастору, або захоўваць у папяровым варыянце, няхай і невялікімі накладамі. Для мяне шмат важней прысутнасць мастацкага слова на паперы, таму што ёсць магчымасць адрэдагаваць, захаваць навідавоку. Хацелася б, каб з гэтым разуменнем часопіс жыў і надалей развіваўся.

Алесь Карлюкевіч падкрэсліў, што «Полымя» ў розныя часы было выданнем, якое фарміравала асобы, прычым у дастаткова маладым узросце:
— Хацелася б, каб моладзь ішла ў часопіс: бачыла яго сваім і арыентавалася на традыцыі, а разам з тым генерыравала новыя палымянскія старонкі.


У экспазіцыю ўвайшлі ўсе юбілейныя нумары, а таксама ўзнагароды часопіса. Ёсць і насычаны амажамі на творы беларускай літаратуры верш «Прайсці праз «Полымя», які напісаў паэт, галоўны рэдактар «Полымя» Віктар Шніп. Куратары нават прыдумалі невялікі інтэрактыў для наведвальнікаў выставы: трэба прачытаць верш і падлічыць, колькі назваў вядомых твораў, якія ў свой час друкаваліся ў «Полымі», вы знайшлі ў ім.

— Хачу падзякваць Музею гісторыі беларускай літаратуры за цудоўную імпрэзу, за выставу, якая будзе працаваць яшчэ доўгі час. Сто гадоў — гэта не толькі гісторыя беларускай літаратуры, але гэта і гісторыя нашай краіны. Усе значныя творы нашай літаратуры прайшлі праз «Полымя», — распавёў Віктар Шніп.

Наведаць выставу і пазнаёміцца з літаратурнай эпохай міжваеннага перыяду можна будзе да 25 лютага 2023 года.



Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».