Праект «Дарога да Святыняў» — з тых, што ствараліся сапраўднымі энтузіястамі ў складаны час (пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя) і з часам перараслі ў з’яву не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага значэння. Традыцыя працягваецца ў сёлетнім падарожжы па Беларусі. Як паведаміў кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, даследчык літаратуры Алесь Лапата-Загорскі, удзельнікі прайшлі дарогамі Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Лунінецкага, Салігорскага, Слуцкага, Уздзенскага і Капыльскага раёнаў. Ва ўсіх храмах на шляху экспедыцыі, якая звычайна пераадольвае не адну сотню кіламетраў, адбыліся богаслужэнні: усе ахвотныя запалілі свае свечкі ад прынесенай лампады з Жыватворным Агнём са Святой Зямлі. На афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы падлічылі, што агульная працягласць маршруту, які прайшоў да сталіцы Дня беларускага пісьменства 2021 года, склала 780 км.
Падарожжа — традыцыйная частка святкавання айчыннага Дня пісьменства. Ужо дваццаць восьмы год напярэдадні кніжных сустрэч яно праходзіць праз многія гарады і вёскі Беларусі. На гэтым шляху адбываюцца незабыўныя сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, якім удзельнікі экспедыцыі (святары, навукоўцы, літаратары) расказваюць пра гістарычнае мінулае наведаных мясцін. Вяскоўцы і гараджане выступаюць на гэтых сустрэчах з цікавымі ўспамінамі пра мінулае сваёй малой радзімы, прыгадваюць імёны землякоў з ранейшых пакаленняў.
Сёлета ж усё пачалося ў першы дзень верасня, калі ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора (пасля благаславення ў дарогу, якое прагучала ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна) міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» выправілася ў чарговы шлях з цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай Пакрову Прасвятой Багародзіцы і нязгаснай лампадай, у якой гарыць Жыватворны Агонь ад Гроба Гасподняга. Дарэчы, выгляд аднаго з галоўных атрыбутаў вандроўкі — лампады — у 2021 годзе значна змяніўся. Яе вырабілі вядомыя мастакі ў маскоўскіх майстэрнях Рускай праваслаўнай царквы. Дастаўлена яна ў Беларусь спецыяльна для экспедыцыі «Дарога да святыняў». Паводле слоў Алеся Лапата-Загорскага, нязменны дэвіз экспедыцыі — выказванне Сергія Раданежскага «Яднаннем і любоўю ўратуемся» — асабліва актуальны сёлета, у Год народнага адзінства.
Гэтым разам у маршруце ўдзельнікаў — Кажан-Гарадок (Лунінецкі раён), Грэск (Слуцкі раён), Гоцк (Салігорскі раён). Завяршылася экспедыцыя 5 верасня ў Капылі святочным богаслужэннем у храме Ушэсця Гасподняга, дзе ўсе ахвотныя запалілі свечкі ад нязгаснай лампады з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга.
Хрэсны ход па вуліцах Камянца. 2005 г.
Мар'іна Горка. 2019 г.
Пра міжнародную навукова-асветніцкую экспедыцыю разважае пастаянны ўдзельнік Іван Чарота, перакладчык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар. Спачатку ён ездзіў рэгулярна, але ў сувязі з некаторымі мерапрыемствамі Дня беларускага пісьменства, дзе быў далучаны да розных, у тым ліку арганізацыйных спраў, удзельнічаць не заўсёды атрымлівалася. Сёлета Іван Чарота не абмінуў праект увагай:
— Кажучы пра зыходныя мэты экспедыцыі, хочацца перш за ўсё адзначыць, што яны асветныя. У гэтай канцэпцыі асветніцтва ёсць два важныя складнікі. Найперш само паняцце «Дарогі да святыняў»: чыя ж гэта дарога, куды яна вядзе і, Купалава пытанне, хто па ёй ідзе? Ідзе інтэлігенцыя — да храма, да хрысціянства, да веры. Да святла і асветы. Усім вядома, што экспедыцыя адбываецца з непагаснай лампадай, у якой гарыць Жыватворны агонь ад Гроба Гасподняга, і інтэлігенцыя, якая штогод крочыць па дарогах Беларусі, таксама далучаецца да гэтага святла і асветы. Па-другое, невыпадкова вандроўка прымеркавана да Дня пісьменства і адначасова да Дня ведаў. У невялікіх гарадах і вёсках, у глыбінцы Беларусі з’яўляюцца акадэмікі, прафесары, артысты. Усе яны нясуць асвету і далучаюць да культуры. Удзельнічаць у экспедыцыі заўсёды было цікава, не ў апошнюю чаргу таму, што ўдалося аб’ездзіць фактычна ўсю Беларусь. Асаблівыя пачуцці выклікала наведванне далёкіх вясковых храмаў і знаёмства, як правіла, са сталымі людзьмі, якія захавалі ў сабе веру і выхоўваюць у ёй дзяцей, унукаў, праўнукаў… Бачыць і адчуваць гэта неверагодна кранальна.
Што да фармату экспедыцыі, то Дарога да святыняў павінна мяняцца, перакананы Іван Чарота. Адбывацца гэта павінна ў сувязі з запытамі людзей. Напрыклад, сёлета ўсё выдатна супала, і вандроўка пачалася ў Дзень ведаў. Аднак бывалі выпадкі, калі ўдзельнікі крочылі па Беларусі раней гэтай даты, то-бок да пачатку вучэбнага года, што не дазваляла наведваць установы адукацыі. Да таго ж 5 дзён — гэта даволі складана для ўсіх, асабліва для арганізатараў, адзначае прафесар і дадае, што склад удзельнікаў павінен таксама змяняцца: неабходна запрашаць новых людзей, праз розныя сродкі прапаноўваць больш шырокую інфармацыю. Літаратуразнаўца ўпэўнены, што можна знайсці нямала ахвотных паўдзельнічаць у экспедыцыі і прынесці карысць.
Перадача кніг ад удзельнікаў экспедыцыі жыхарам пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна. 2019 г.
З цягам часу вандроўка сталела і так ці інакш відазмянялася, набывала новыя і новыя традыцыі. Адной з іх стала пасадка дрэў у месцах наведвання з сімвалічнай назвай — Малітоўны сад, які павінен стаць памяццю пра падзею.
Увогуле, адна з галоўных задач падарожжа — каб кожны населены пункт адчуў атмасферу Дня беларускага пісьменства. Удзельнікі — святары Беларускай праваслаўнай царквы, вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва — наведваюць храмы, навучальныя ўстановы, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, дамы састарэлых, бібліятэкі і музеі, дзе праводзяць духоўна-асветніцкія, метадычныя, літаратурныя і музычныя сустрэчы. Канферэнцыі і гэтыя сустрэчы мабільных груп з навучэнцамі, вернікамі, зацікаўленымі — усё напрацоўвалася гадамі. Як успамінае Алесь Лапата-Загорскі, вышынямі такога алгарытму сталі выступленні ў Светлагорску ў 2016 годзе, калі экспедыцыя разбілася на 13 груп у школах, потым сышлася яшчэ ў 6 месцах, дзе сабралася больш дарослая аўдыторыя, а пасля адбылася агульнагарадская канферэнцыя. Такім чынам, у выніку зладжанай праграмы ўвесь горад быў задзейнічаны ў святочных мерапрыемствах.
Пасадка саду ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Полацк. 2003 г.
У розныя гады ў праекце ўдзельнічала вялікая колькасць прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у тым ліку пісьменнікі Анэля Тулупава, Браніслаў Спрынчан, Васіль Жуковіч, Валянціна Коўтун, Алесь Махнач, Генадзь Пашкоў, Алесь Петрашкевіч, Уладзімір Ліпскі, Анатоль Бутэвіч. Доўгі час арганізоўвала і кіравала экспедыцыяй паэтэса Ніна Загорская. Далучаліся да вандроўкі і народная артыстка Марыя Захарэвіч, археолаг і прафесар Пётр Лысенка, мовазнаўца і акадэмік Аляксандр Падлужны. Кожны год без выключэнняў у вандроўцы «Дарога да святыняў» удзельнічае Яўген Пясецкі, фотамастак, журналіст і паэт, які за амаль тры дзесяцігоддзі існавання праекта стаў яго сапраўдным летапісцам. Аб гэтым сведчыць яго своеасаблівы дзённік-справаздача на старонках газеты «Звязда» і на сайце, а таксама фотаархіў экспедыцыі, які час ад часу прэзентуецца аўтарам.
За ўвесь час экспедыцыя адолела амаль 35 тысяч кіламетраў, а пешымі хрэснымі хадамі — каля 660 кіламетраў. З непагаснай лампадай духоўнасці прайшлі 3 мільёны 131 тысяча вернікаў, а ўсяго ў мерапрыемствах экспедыцыі паўдзельнічала 5 мільёнаў 198 тысяч чалавек. Жыватворным Агнём асвечана 655 храмаў, капліц і манастыроў. Але гэта толькі лічбы, якія з цягам часу будуць змяняцца. А нязменнае адно — імкненне людзей да веры, да ратававання яднаннем і любоўю.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».