
Калі гаварыць пра кнігі, выдадзеныя ў «Звяздзе», то нядаўна мы прэзентавалі раман расійскага пісьменніка Мікалая Чаркашына «Брэсцкая брама». Трэба адзначыць, што чытачы праявілі вялікую цікавасць да кнігі, і гэта, безумоўна, уплывае на продаж кнігі. Вельмі часта на пляцоўку «Светачы» і іншых кнігарняў «Белкнігі» прыходзяць дзіцячыя пісьменнікі. Сёння мы назіраем усплеск дзіцячай літаратуры, і таму можна выбраць кнігу на любы густ. Увага да кнігі залежыць і ад таго, як кніга выстаўлена на паліцах кнігарняў. Вельмі прыемна, што супрацоўнікі ААТ «Белкніга» гэта ўлічваюць, падбіраюць кнігі беларускіх выдавецтваў і адзначаюць лепшыя па афармленні кнігі, адрасаваныя юным чытачам. Таму што бацькі прыходзяць у кнігарні з дзецьмі, а маленькіх чытачоў кнігі прыцягваюць часам вокладкай. Высокую актыўнасць праяўляюць такія пісьменнікі, як Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Ірына Карнавухава, Іна Фралова, Алена Стэльмах, Сяргей Трахімёнак.
Ёсць планы праехаць больш шырока па рэгіёнах. Мы збіраемся зрабіць нашы сустрэчы метадычнымі — калі прыйдуць і кнігагандляры, і арганізатары кніжнага гандлю, каб выказаць свае заўвагі і ўяўленні пра тое, якія кнігі павінны быць на паліцах у кнігарнях. Вельмі каштоўна, што ў нашай краіне захоўваецца цэнтралізаваная сетка кнігарняў, таму што ў шэрагу краін на постсавецкай прасторы яшчэ напачатку ХХ стагоддзя гэта сетка цалкам перайшла ў прыватныя рукі альбо наогул развалілася.
Як адзначыў Уладзімір Матусевіч, у кніжным абароце прыкладна 70% займае беларуская кніга, выдадзеная айчыннымі выдавецтвамі. Натуральна, што большую частку складае навучальная і навучальна-метадычная літаратура, якая выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе (гэта больш за 45% у агульным аб’ёме кніжнай прадукцыі). Астатняе прыходзіцца на іншыя сегменты: мастацкую літаратуру, дзіцячую, даведачную, дзелавую... Вельмі шырока ў нашым кнігагандлі прадстаўлена расійская літаратура, таму што ў нас агульная інфармацыйная і моўная прастора. Але і беларускія кнігі прадаюцца за мяжой. Ёсць партнёры з расійскага боку і пэўны экспарт у Расійскую Федэрацыю. Акрамя таго, праходзяць профільныя кніжныя выставы-кірмашы і мерапрыемствы па лініі Саюза пісьменнікаў, калі таксама ажыццяўляецца рэалізацыя беларускай кніжнай прадукцыі. Найбольшую цікавасць з таго, што ідзе па лініі ААТ «Белкніга», выклікае літаратура пра нашу краіну, яе традыцыі, гістарычная, у тым ліку прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, — тое, што ў цяперашні час актуалізавана ў медыйным полі. Напрыклад, кніга «Генацыд беларускага народа» (выдавецтва «Беларусь») сярод усіх ненавучальных кніг, прададзеных праз прадпрыемства «Белкніга», мела найбольшую рэалізацыю.

— Кнігі ў Беларусі набываюць не толькі асобныя чытачы, але і бібліятэкі. Паводле досведу «Выдавецкага дома «Звязда», гэта адбываецца даволі сістэматызавана. У бюджэце адзначаецца, на якую суму павінны быць запланаваны сродкі на набыццё кніг для школьных бібліятэк і публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (а гэта бібліятэкі і ў раённых цэнтрах, і ў пасёлках гарадскога тыпу, аграгарадках) — гэта сур’ёзныя лічбы, — адзначае дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — Трэба ўлічваць і той факт, што кнігі сёння нятанныя. Бібліятэкі ў меншай ступені маюць справу з кнігарнямі «Белкнігі», а працуюць непасрэдна з сеткай дзяржаўных выдавецтваў.
— Попыт на беларускую літаратуру насамрэч ёсць, калі паглядзець на топ продажу ААТ «Белкніга», — тлумачыць Уладзімір Матусевіч. — На першых месцах, вядома, навучальная літаратура, бо ёсць запыт з боку навучальнага працэсу. Але сярод кніг мастацкай літаратуры на першых пазіцыях менавіта беларускія аўтары. У абсалютным топе Караткевіч: «Дзікае паляванне караля Стаха» (найбольшая колькасць па продажу за мінулы год), «Каласы пад сярпом тваім», іншыя яго творы. Далей ідуць класікі — Іван Шамякін, Іван Мележ (таксама можна прасачыць сувязь з адукацыйным працэсам), «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра.
— Літаратуру для падлеткаў выдаўцам хацелася б бачыць больш на ўзроўні прапаноў ад аўтараў, — дадаў Алесь Карлюкевіч. — Гаворка пра ўзровень кніг, падобных творам савецкіх пісьменнікаў Альберта Ліханава, Анатоля Алексіна, Анатоля Рыбакова і беларускіх класікаў Янкі Маўра, Міхася Лынькова, Уладзіміра Дубоўкі, вядомых у свой час Івана Сяркова, Міхася Герчыка, Эдуарда Скобелева. У Выдавецкім доме «Звязда» некалькі гадоў працуюць над серыяй «Пераходны ўзрост», якая скіраваная на падлеткаў, пастаянна ідзе пошук аўтараў для гэтай серыі.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць не губляць сувязь з маладой і нават дзіцячай чытацкай аўдыторыяй. Дзеля гэтага ствараўся анлайн-праект «Чытанка», які рэалізуюць сумесна ААТ «Белкніга», Саюз пісьменнікаў Беларусі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. ААТ «Белкніга» — гэта найперш сетка кнігарняў, арыентаваная на рэалізацыю папяровых выданняў, але анлайн-гандаль дэманструе рост у два разы за мінулы год у параўнанні з папярэднім годам. Гэтая праца будзе ўдасканальвацца ў тым ліку і ў частцы больш хуткай дастаўкі кніг чытачу праз супрацоўніцтва з прадпрыемствам «Белпошта». Уся дзейнасць кнігагандляроў і выдаўцоў так ці інакш скіравана на вырашэнне задачы па прапагандзе чытання. А сучасны пакупнік фарміруе сваю думку і сваё ўяўленне пра кнігу ў вельмі шырокай залежнасці ад інфармацыі пра яе. Напрыклад, нядаўна выйшаў раман Ганны Чыж-Літаш «Сто і адно спатканне», наклад у больш чым 1000 экзэмпляраў разышоўся за тры месяцы. Кніга стала хітом продажу не ў малой ступені з-за таго, што аўтарка вельмі актыўна працуе ў сацыяльных сетках. А калі гэта дае плён, то чаму не карыстацца? Ніхто не адмяняе і традыцыйныя спосабы рэкламы кнігі. Акцыі, прэзентацыі кніг будуць ладзіцца больш сістэмна па розных кірунках: праца з дзецьмі, з моладдзю і г. д. Прадугледжана сістэма зніжак для пэўных катэгорый грамадзян — ад шматдзетных сем’яў да пенсіянераў. Ёсць у ААТ «Белкніга» супрацоўніцтва з партнёрамі, напрыклад, арганізацыямі фізічнай культуры і спорту: чалавек зрабіў пакупку ў кнігарні — можа атрымаць зніжку на наведванне спартыўнай залы. Мэта адна — клопат пра чалавека.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».