

Дзяржынск (Койданава). Царква (пач. ХХ ст.)
А з Вялікімі Навасёлкамі звязаны лёс беларускага пісьменніка, мовазнаўцы, мастака, скульптара Каруся Каганца (1868 — 1918), які нарадзіўся ў Табольску ў сям'і сасланага ў Сібір удзельніка паўстання 1863—1864 гг. У 1874 годзе сям'я вярнулася ў Беларусь. Жылі ў вёсцы Засулле на Стаўбцоўшчыне і ў вёсцы Прымагілле каля Койданава. Зарабляючы на хлеб чым заўгодна, Карусь Каганец жыў клопатамі асветніка, літаратара. Многія творы пісьменніка засталіся ў рукапісах. Пры жыцці ўбачыў свет асобным выданнем вадэвіль К. Каганца «Модны шляхцюк» (у Санкт-Пецярбургу ў 1910 годзе). Памёр літаратар зусім нечакана, падчас наведвання сваякоў. Пахаваны ў Навасёлках. Сапраўднае імя пісьменніка — Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі. З гэтага роду — і славуты французскі паэт Гіём Апалінэр (1880 — 1918)...

Дзяржынск (Койданава). Вакзал 1918 г.
Віцкаўшчына — крыху далей ад Дзяржынска. Уваходзіць у склад Фаніпальскага сельсавета. Тут нарадзіўся гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, мемуарыст Мікалай Улашчык (1906 — 1986). Аўтар многіх прац па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, доктар гістарычных навук, чалавек пакручастага лёсу, які надзвычай шмат паспеў зрабіць насуперак розным драматычным выпрабаванням лёсу, у канцы свайго жыцця ён стварыў унікальную, у многім узорную кнігу для беларускага краязнаўства — «Была такая вёска» (па-беларуску асобнай кнігай яна ўбачыла свет у 1989 годзе; на рускай мове надрукавана, таксама асобным выданнем, у Маскве ў 2003 годзе). Амаль чатыры дзесяцігоддзі з жыцця роднага паселішча пададзены ў гісторыка-этнаграфічным нарысе настолькі красамоўна, што бачацца вартымі ўвагі кожнага беларуса, родам з любога паселішча нашай Айчыны!..
З дзяржынска-койданаўскім маёнткам Дзягільня звязаны паэт, этнограф, мемуарыст, падарожнік Адольф Янушкевіч (1803 — 1857). Нарадзіўся ў Нясвіжы. У Віленскім універсітэце быў блізкі да філарэтаў. У маладосці падарожнічаў па Еўропе. Быў знаёмы з Адамам Міцкевічам. У славутай паэме «Дзяды» Міцкевіча Янушкевіч — прататып персанажа Адольф. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гг. Быў арыштаваны і сасланы ў Сібір. У ссылцы падарожнічаў па Сібіры, Кыргызстане, Казахстане. Вярнуўся ў Беларусь у 1856 годзе, жыў у радавым маёнтку Дзягільня. Памёр 19 чэрвеня 1957 года. Пахаваны на фамільных могілках. Падарожныя запісы ці пісьмы з ссылкі Адольфа Янушкевіча сабраў яго брат Яўстафій: у 1861 годзе ў Парыжы было здзейснена выданне ў дзвюх кнігах «Жыцця Адольфа Янушкевіча і яго лістоў з кыргызскіх стэпаў». У Астане (Нур-Султане), Алматы і Усць-Каменагорску імем нашага земляка названы вуліцы. А ў нас, у Беларусі, росшукам матэрыялаў, звестак пра Адольфа Янушкевіча займаецца пісьменніца Алена Стэльмах, якая, будзем спадзявацца, выдасць і кнігу пра славутага земляка.

Дзяржынск (Койданава). Базар 1918 г.
Такое сузор'е закаханых у гісторыю землякоў у межах невялікай койданаўска-дзяржынскай прасторы не можа не ўражваць. Памяць пра лёсы яркіх асоб падштурхоўвае да распрацоўкі надзвычай цікавых турыстычна-экскурсійных маршрутаў. А ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы, дзе многія дзесяцігоддзі вядзецца руплівая работа на ніве гістарычнага і літаратурнага краязнаўства, можа быць пачатак, пункт адліку любога з задуманых маршрутаў, любога з паходаў мясцінамі Каруся Каганца, Мікалая Улашчыка, Міколы Ермаловіча, Адольфа Янушкевіча... Дарэчы, у дзяржынскай кніжніцы захоўваецца асобным фондам кнігазбор гісторыка, журналіста, краязнаўца Анатоля Валахановіча (1939 — 2016). Ён хоць і нарадзіўся ў Мінску, самым цесным чынам звязаны з горадам і раёнам. Тут настаўнічаў у пачатку свайго дарослага жыцця. Шмат зрабіў дзеля стварэння гісторыка-дакументальнай хронікі Дзяржынскага раёна «Памяць». Выдаў асобны кніжны нарыс пра Дзяржынск.
Кастусь Ладуцька
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».