— З якім творчым багажом, настроем, планамі на будучае калектыў сустракае 105-гадовы юбілей?
— Яшчэ дзясятак гадоў таму, мусіць, мы і самі не думалі, што будзе сёння складаць наша рэдакцыя. Дзесяць гадоў назад у нас з'явіўся Выдавецкі дом «Гомельская праўда». Паспяхова працуем на рынку паліграфічных і выдавецкіх паслуг. Першымі з абласных газет краіны запусцілі свой інтэрнэт-сайт, сёння гэта зарэгістраванае СМІ і папулярны партал «Праўда Гомель». У сеціве таксама прадстаўлены ўласнымі каналамі ў месенджарах і групах у сацыяльных сетках. Найбольш актуальныя тэмы жыцця краіны і рэгіёна знаходзяць адлюстраванне на анлайн-рэсурсе «Праўда Блог». Сярод падраздзяленняў рэдакцыі — «Праўда Радыё». Амаль за шэсць гадоў работы яно з радыёхвалі Гомеля прыйшло ў іншыя рэгіёны, ахапіла вяшчаннем практычна ўсю тэрыторыю вобласці. У апошні час актыўна асвойваем новую для нас дзейнасць — здымаем фільмы, прэзентацыйныя ролікі. Сёння ўсё ідзе да таго, каб гэты перспектыўны кірунак вылучыць у асобнае падраздзяленне рэдакцыі. Бо вынікі з пачатку года па такой дзейнасці нас радуюць, мы дадаём у гэтай тэме.
— Падзяліцеся, як удаецца не страчваць увагу сваёй аўдыторыі? У чым сакрэт поспеху «Гомельскай праўды»?
— Для нашай рэдакцыі важна не страціць свой твар, захаваць стыль, сфарміраваны газетай на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Мы ва ўсім арыентуемся на самыя высокія стандарты ў прафесіі. У гэтым, лічу, заключаецца сакрэт папулярнасці газеты. Стыль работы нашага калектыву — не замоўчваць тэмы і праблемы, нездарма наш дэвіз: «Для нас няма дробязяў. Важна ўсё!». Пры вызначэнні планаў работы не саступаем з прынцыпу: аўтар павінен хоць бы раз на год выступіць з жанрам журналісцкага расследавання. Гэта паказчык, на мой погляд, майстэрства, высокага прафесіяналізму. Калі не можаш тое зрабіць, напэўна, ты не ў сваёй камандзе.
Актуальная і цікавая для нас таксама аўтарская журналістыка. Аўтар павінен мець пазіцыю, развіты ўнутраны свет, быць мудрым і смелым. Уменне ў сваім стылі выступаць у гэтых жанрах было ва ўсе часы адметнай рысай рэдакцыі «Гомельскай праўды».
Сёння хочацца падзякаваць усім людзям, якія ў розныя гады працавалі ў нашай газеце. Сучасная «Гомельская праўда» — заслуга многіх пакаленняў прафесіяналаў сваёй справы. У нас цікавая і вялікая гісторыя, і мы павінны яе дастойна працягваць.
Інтэрв'ю падрыхтавана Выдавецкім домам «Звязда».