Літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» працягвае ісці ў нагу з часам. Напярэдадні 65-годдзя выдання рэдакцыя стварае электронны праект «Маладосць-Unlimited» — «Маладосць» без межаў».
Праект рэалізуецца на аснове архіваў часопіса «Маладосць», у якіх за дзесяцігоддзі існавання назапашана шмат цікавага, але даволі рэдка ўжываемага. Ініцыятыва выдання ў свеце не новая. Як прызнае калектыў рэдакцыі, ідэя праекта ўзнікла пасля азнаямлення з вопытам газеты «The New York Times» па стварэнні дадаткаў да смартфонаў. Хутка выйдуць у свет электронныя часопісы, назвы якіх гавораць самі за сябе: «Maladost-arch», «Maladost-fan», «Maladost-fiction», «Maladost-non-fiction», «Maladost-translate», «Maladost-history», «Maladost-smile».