У цэнтры стадыёна ўстаноўлена кампазіцыя Нацыянальнай бібліятэкі, на якую спраекцыянаваны самыя яркія моманты спаборніцтваў. Цырымонія пачалася з выканання гімна Беларусі.
На арэне пачаўся парад сцягоў, атлетаў і ўшанаванне валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў. Беларускі гурт Aura выканаў кампазіцыю «Bright Year, Bright You!».

Удзельнікі гульняў зрабілі круг пашаны перад трыбунамі і занялі месца ў цэнтры арэны разам з валанцёрамі. Пляцоўка ў цэнтры стадыёна, як паведамлялася, на час цырымоніі стала танцпляцоўкай. Сцяг Беларусі на «Дынама» пранесла двухразовая чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў у Мінску Марына Літвінчук.
У гонар 8 тыс. валанцёраў, якія дапамагалі ў правядзенні гульняў, на стадыёне «Дынама» таксама быў дадзены салют.
Падчас спаборніцтваў на II Еўрапейскіх гульнях з 21 па 30 чэрвеня разыграна 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Медальны залік выйгралі спартсмены з Расіі, якія заваявалі 109 медалёў, 44 з якіх залатыя. Беларускія атлеты (221 удзельнік) паказалі адзін з лепшых вынікаў у гісторыі выступаў на буйных міжнародных стартах — 69 медалёў, з іх 24 залатыя.



(крыніца - "Звязда". Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ)