Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая з’яўляецца неад’емнай часткай Дня беларускага пісьменства, сёлета пачнецца 1 верасня і пройдзе праз Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Салігорскі, Уздзенскі раёны. Агульная працягласць маршруту – 780 км.
Па словах кіраўніка экспедыцыі Аляксандра Лапата-Загорскага, яе дэвіз – выказванне Серафіма Раданежскага: «Адзінствам і любоўю ўратуемся» – асабліва актуальны сёлета, у Год народнага адзінства. Усталяванне згоды, узаемаразумення і ўзаемапавагі – адна з асноўных тэм выступленняў удзельнікаў на шматлікіх духоўна-асветніцкіх сустрэчах, якія праводзіліся на папярэдніх маршрутах і запланаваны ў раёнах, што будуць наведаны «Дарогай да святыняў – 2021».
Пачнецца Экспедыцыя традыцыйным малебнам аб вандроўніках у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. У паломнікаў – нязгасная лампада з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворная Загор'е-Сталавіцкая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы.