
Сярод шматлiкiх узнагарод заслужанага дзеяча культуры Беларусi Уладзiмiра Лiпскага — Дзяржаўная прэмiя Беларусi, мiжнародная прэмiя iмя Альберта Швейцара, Расiйская лiтаратурная прэмiя iмя Аляксандра Грына, прэмiя Мiжнароднай асацыяцыi дзiцячых фондаў, лiтаратурныя прэмii Янкi Маўра i Васiля Вiткi.— Але Мiнск Вы ўсё-ткi пабачылi… Вы неяк расказвалi, што Ваш бацька прадаў цяля за пяцьдзясят рублёў i адправiў Вас вучыцца.
— Так... У тэхнiкум харчовай прамысловасцi. Нi я, нi мае аднавяскоўцы не разумелi, што гэта за тэхнiкум, але я ехаў у Мiнск! Уся вёска праводзiла мяне. А ў канцы вёсачкi мама адарвалася ад натоўпу, яна невялiкая была ростам, худзенькая, рукi працягнула ка мне: «Сынок, ты ж не згубiся там хаця ў Мiнску!» Усё жыццё памятаю. Тут вось партрэт яе вiсiць у маiм кабiнеце… I я дакладваю ёй увесь час, што не згубiўся.
— Шкада, у гэтым годзе з-за эпiдэмii каранавiрусу не ўдасца вам сабраць род Лiпскiх, як Вы робiце.
— Я гэты вiрус назваў «Казюра». У маёй аповесцi-казцы ёсць такi герой — Казюра, якi шкодзiць дзецям. Так, Казюра адмянiў маё святкаванне, а я — не, я толькi перанёс! Значыць, пакуль застаюся маладым.
— Вы i плаваннем займаецеся, наколькi ведаю…
— Нават чэмпiён Беларусi! Пяць год таму запрасiла федэрацыя па плаваннi на спаборнiцтвы ў Брэст, i я ў сваёй узроставай катэгорыi праплыў пяцьдзясят метраў вольным стылем за адну хвiлiну адну сотую секунды i стаў чэмпiёнам. Узяты мной бар’ер яшчэ нiхто не пераадолеў. Плаваю ўвесь час, толькi гэты… Казюра мяне трохi прыпынiў, пакуль прапускаю басейн.
— Як працуе Беларускi дзiцячы фонд, якi Вы ўзначальваеце?
— Па-ранейшаму актыўна. Нездарма ж некалькi год таму фонд атрымаў прэмiю Прэзiдэнта «За духоўнае адраджэнне». Згадаю з апошняга нашу акцыю «Я бачу». Мы праехалi па школах трох абласцей — Гомельскай, Брэсцкай i Вiцебскай, абследавалi зрок дзяцей, усяго ахапiлi 50 тысяч школьнiкаў. Мне дапамагае, што я член Нацыянальнай камiсii па правах дзiцяцi. Падтрымлiваем i сувязь з Мiжнароднай асацыяцыяй дзiцячых фондаў, я член прэзiдыума гэтай арганiзацыi, якую ўзначальвае вядомы расiйскi пiсьменнiк Альберт Лiханаў.
— Як атрымалася, што Iван Шамякiн запрасiў Вас на працу ў Саюз пiсьменнiкаў?
— У ЦК камсамола мне даручылi быць куратарам маладзёжнага i дзiцячага друку, i я пачаў цесна супрацоўнiчаць з лiтаратарамi. I сам паступова выходзiў на той шлях, на якi хацеў яшчэ са школы. Надрукаваўся ў «Вясёлцы», выйшла першая кнiжка для дзяцей. Тады i запрасiў Iван Шамякiн на пасаду адказнага сакратара саюза. Там тады працавалi Танк, Шамякiн, Сачанка, Вярцiнскi, Чыгрынаў, Макаль, Гамолка… Я яшчэ напiшу пра нашы сустрэчы, размовы, паездкi. А пасля Шамякiн рэкамендаваў мяне на пасаду галоўнага рэдактара «Вясёлкi», дзе знаходжуся вось ужо 41 год. Толькi што выйшаў красавiцкi нумар з чарговым выпускам майго праекта «Я тут жыву», дзе расказаў пра родныя Шоўкавiчы — «Сем цудаў маёй вёскi».
— Карацей, нягледзячы нi на што, новых праектаў шмат?
— Яшчэ як! Стараемся, каб i часопiс «Буся», якi я стварыў для самых маленькiх, пашыраў аўдыторыю, выхоўваў любоў да роднага слова. Падрыхтаваў дзённiкавыя запiсы пад назвай «Усякi дзень — апошнi». У гэтым годзе ў мяне яшчэ адна важная падзея — у вераснi ў нас з жонкай Нiнай 60 гадоў, як мы разам. Брыльянтавае вяселле!
— I як пачаўся гэты шчаслiвы шлюб?
— У тэхнiкуме быў рэдактарам насценнай газеты. Сiмпатычная студэнтка з другога аддзялення прынесла заметку. Я разоў пяць прасiў перапiсаць гэтую заметку — баяўся ўпусцiць аўтарку. Усё ўдалося: сын, дачка, трое ўнукаў…. Сын — архiтэктар, як мастак аформiў некалькi маiх кнiжак. Дачка — бiёлаг. Пра ўсiх дзяцей i ўнукаў у мяне ёсць кнiжкi, яны — мае героi, якiя навучылi мяне быць дзiцячым пiсьменнiкам. Канешне, мы ўсе ў трывозе ад сённяшняй сiтуацыi… Але я веру, што пазiтыўны настрой — самыя галоўныя лекi.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”.