Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства
04.09.2023
Просмотры: 1000
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства:
«Шаноўныя сябры! Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства — святам нацыянальнай культуры, друкаванага слова і беларускай духоўнасці, якое сёлета адзначае 30-годдзе. За гэты час яго сталіцамі былі многія славутыя культурныя і асветныя цэнтры Беларусі, сярод якіх Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Пінск, Заслаўе, Шклоў. З імі звязаны імёны лепшых айчынных творцаў сусветнага маштабу — Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Пятра Мсціслаўца, Спірыдона Собаля, Сімяона Полацкага. Сімвалічна, што юбілей прыйшоўся на Год міру і стваральнай працы і святкуецца на гасціннай Віцебшчыне, дзе нараджалася беларуская дзяржаўнасць і знаходзіцца старажытнейшы цэнтр кнігадрукавання. Родная мова, веды і традыцыі продкаў заўсёды яднаюць людзей, натхняюць іх на плённую працу, дазваляюць пераадольваць цяжкасці і перашкоды, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа, апорай у выхаванні патрыятызму і любві да Бацькаўшчыны. Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям свята здароўя, шчасця, жыццёвай мудрасці і творчага плёну на карысць Радзімы. Аляксандр Лукашэнка»