
— Безумоўна. І збор твораў Уладзіміра Караткевіча, і збор твораў Янкі Брыля. Але мы зрабілі акцэнт не толькі на шматтомных выданнях таго ці іншага беларускага пісьменніка, але і на аднатомніках і двухтомніках выбраных твораў. У нас з'явілася адразу некалькі праектаў, прысвечаных менавіта такому фармату. Гэта праект «Народная бібліятэка», дзякуючы якому мы выдаём творы класікаў і сучасных аўтараў па выніках апытанняў чытачоў. Мы пачалі серыю з Максіма Багдановіча, потым выдалі Купалу, Коласа, Караткевіча, Быкава, Маўра, а сёлета — Георгія Марчука, Вячаслава Адамчыка і том Аляксея Дударава, які, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Гэты праект набыў вядомасць, вельмі запатрабаваны. Том Максіма Багдановіча вытрымаў два выданні, і думаем пра тое, каб перавыдаць яго яшчэ раз. Акрамя таго, у нас з'явілася яшчэ адна новая серыя, якая выходзіць на рускай мове, — «Мир классики». Мы выдалі ў ёй том Івана Мележа і том Уладзіміра Караткевіча.
— Якая мэта гэтай серыі?
— Беларуская літаратура ў перакладзе на рускую апошнія дзесяцігоддзі выходзіць вельмі рэдка, і калі мы бываем на замежных кніжных выставах, бачым, што, на жаль, беларуская літаратура там прадстаўлена даволі бедна, як правіла, кніжкамі ў перакладзе на рускую мову, якія выходзілі яшчэ ў савецкі час. Мала таго што тыя кніжкі ўжо страцілі таварны выгляд, за гэты час у нас з'явіліся новыя пісьменнікі, якія напісалі творы, вартыя таго, каб пра іх ведалі. І мы спрабуем гэтую нішу запоўніць. Мяркуючы па першых кніжках серыі, яны запатрабаваныя як у замежжы, так і ў Беларусі.
— «Мастацкая літаратура» традыцыйна добра выступае на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». У гэтым годзе вашы выданні ўдзельнічаюць?
— Удзельнічаем, але якія нашы праекты перамогуць, не ведаем, гэта будзе вядома падчас выставы. Аднак калі гаварыць пра афармленне нашых кніг, мне вельмі прыемна, што ў выдавецтве працуюць мастакі, дызайнеры розных узростаў, якія здольныя здзейсніць увесь багаты спектр сучаснай кніжнай ілюстрацыі. Дзякуючы гэтаму мы можам задаволіць густы самых розных чытачоў.
— У якіх прэзентацыях возьмеце ўдзел асабіста?
— Кожны дзень буду на той ці іншай імпрэзе. Скажам, калі згадаць кніжку Яўгеніі Янішчыц у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі», то я быў укладальнікам, таму, безумоўна, буду ўдзельнічаць у яе прэзентацыі. Запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».