Што на Дзень беларускага пісьменства прадставяць выдавецтвы і кнігагандлёвыя прадпрыемствы
25.08.2023
Просмотры: 920
Дзень беларускага пісьменства штогод збірае разам усіх тых, хто любіць, шануе і беражліва захоўвае мудрасць слова на нашай зямлі. Сёлета свята пройдзе трыццаты раз, у Гарадку Віцебскай вобласці. Горадзе, што быў малой радзімай для шэрагу літаратараў, адным з якіх з'яўляецца Канстанцін Вераніцын, аўтар твора «Тарас на Парнасе». Напярэдадні маштабнага мерапрыемства журналісты выдавецкага дома «Звязда» даведаліся, як і што на ім рыхтуюцца прадставіць найбуйнейшыя выдавецтвы і кнігагандлёвыя прадпрыемствы краіны.
Кніжны гандаль і не толькі
— Юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства, безумоўна, — вялікая падзея ў тым ліку і для «Белкнігі», таму што гэта свята, цэнтрам і дамінантай якога з'яўляецца кніга, беларускае мастацкае слова. Таму «Белкніга» прыме самы актыўны ўдзел і ў самім асноўным свяце, якое адбудзецца ў Гарадку Віцебскай вобласці. Там, як заўсёды, будзе кніжны гандаль. Але мы прымаем удзел не толькі непасрэдна ў падзеях Дня беларускага пісьменства 2-3 верасня, але і цяпер, напярэдадні школьнага сезона, калі па краіне праводзяцца школьныя базары, выязны гандаль і розныя выставачныя мерапрыемствы. Экспазіцыі створаны з акцэнтам на Дзень беларускага пісьменства, — распавядае генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч. — Мастацкая, гістарычная, краязнаўчая і іншая літаратура — усё там прадстаўляецца. Зразумела, падрыхтаваны адпаведныя праграмы, плакаты. Свята знаходзіць шырокае адлюстраванне ў нашай дзейнасці. У Гарадку ў нас будзе самы шырокі выбар літаратуры. Зразумела, з акцэнтам на беларускую літаратуру. Усё тое, што выпусцілі нашы дзяржаўныя выдавецтвы, будзе прадстаўлена ў нас. Знайсці зможаце кнігі самай рознай тэматыкі. Паколькі распачынаецца школьны сезон, хочацца парадаваць як жыхароў гарадка, так і гасцей свята кнігамі для вучэбнага працэсу (навучальнымі дапаможнікамі, прадметнымі сшыткамі, самымі рознымі атласамі, контурнымі картамі) — усё тое можна будзе знайсці на стэндзе «Белкнігі». Там прапануем і канцылярыю, і тавары з беларускай сімволікай. Акцэнт зробім на прадукцыю нашага паліграфкамбіната імя Якуба Коласа. Актыўна супрацоўнічаем з беларускімі выдавецтвамі, і магу адзначыць, што за першае паўгоддзе рэалізацыя літаратуры ад іх у «Белкнізе» павялічылася больш чым на сорак працэнтаў. Распаўсюджванне беларускай і сацыяльна значнай літаратуры — наш прыярытэт, і сваё адлюстраванне ён знойдзе і ў Дні беларускага пісьменства, на паліцах нашых кніжных крам, на выязным гандлі і розных тэматычных выставах.
А калі больш дэтальна разглядаць навінкі і выгадныя прапановы ад найбуйнейшых беларускіх выдавецтваў, то кожнае з іх актыўна працуе, можна сказаць, над апошнімі штрыхамі, каб на свяце сустрэць сваіх наведвальнікаў і парадаваць добрымі прапановамі.
Напрыклад, як распавяла загадчык аддзела рэалізацыі выдавецкага дома «Звязда» Святлана Ганцарэвіч, праграма на Дні беларускага пісьменства будзе насычанай і цікавай для наведвальнікаў самых розных узростаў і інтарэсаў:
— На фестывалі кнігі ў нас пройдзе выстаўка-продаж кніг. Наведвальнікам мы прэзентуем выданне «Ад Віцебска да Полацка» Уладзіміра Ліхадзедава з серыі «У пошуках страчанага», альманах «Дзвіна. Віцебшчына літаратурная» Тамары Красновай-Гусачэнкі. Акрамя гэтага, у нас запланаваны прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі такіх аўтараў, як Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Дзмітрый Нікалаеў, Міхаіл Пазнякоў, Віктар Шніп, Жанна Міус, Ірына Карнаухава, Таццяна Дземідовіч.
У другі дзень чакаем гасцей каля нашага стэнда. Аўтограф-сесіі і прэзентацыі кніг там пройдуць ужо з удзелам такіх аўтараў, як Валянціна Быстрымовіч, Уладзімір Мазго, Іна Фралова, Віктар Кажура. Акрамя гэтага, любы наведвальнік нашага стэнда зможа паўдзельнічаць у віктарыне, дзе за правільныя адказы атрымаць памятныя сувеніры ад нашага выдавецтва.
Згадваючы «Тараса на Парнасе»
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» таксама рыхтуе шмат сюрпрызаў і цікавых спатканняў з кнігай для яе прыхільнікаў. Тут магчыма ўсё: і знайсці паэзію па душы, і адкрыць для сябе нанова класіку, а то і ўвогуле павандраваць у часе.

— Кожны год да Дня беларускага пісьменства ў серыі «Беларусь літаратурная» мы выдаём зборнік твораў, які з'яўляецца своеасаблівай анталогіяй літаратуры таго раёна, дзе адбываецца свята. Сёлета Дзень беларускага пісьменства праходзіць у Гарадку і святкуецца 30-годдзе мерапрыемства. У серыі «Беларусь літаратурная» за гэтыя гады выйшла шмат кніг, і сёлета мы выдалі зборнік «Пад небам высокім Радзімы», куды ўвайшлі выбраныя творы з папярэдніх выпускаў. Адзначу, што серыя «Беларусь літаратурная» заснавана ў 2003 годзе, таму і гэтае выданне ў пэўным сэнсе юбілейнае. У зборніку «Пад небам высокім Радзімы» прадстаўлена паэзія пачынаючы з 1994 года, калі ўпершыню святкаваўся Дзень беларускага пісьменства. Свята ў Полацку праходзіла тры разы, і тройчы яно прадстаўлена ў выданні. Кожнаму раздзелу папярэднічае невялікая інфармацыя пра Дзень беларускага пісьменства: чым быў адметны ён у тым ці іншым горадзе, якія прайшлі з гэтай нагоды знакавыя падзеі для горада, раёна і нашай краіны. Там можна знайсці і вершы-прысвячэнні гораду, друкуюцца творы землякоў. Да прыкладу, калі Полацк, то знойдзем творы Навума Гальпяровіча, Валянціны Лукшы і іншых палачан. Сімвалічна кніга мае трыццаць раздзелаў. І канчаецца наша выданне прадстаўленнем Гарадка. А горад гэты вядомы тым, што на Гарадоччыне ў вёсцы Астраўляны нарадзіўся Канстанцін Вераніцын, аўтар знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе». Яшчэ ў зборніку змешчаны тры каляровыя ўклейкі, па якіх можна прасачыць святкаванне Дня беларускага пісьменства і яго знакавыя мерапрыемствы ў розныя гады, — распавёў намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — Зразумела, да свята мы выдалі кнігу «Тарас на Парнасе». Выданне адметнае тым, што там змешчаны твор па-беларуску і ў перакладзе на рускую мову (Міхаіла Лазінскага), а таксама фрагменты з кнігі Генадзя Кісялёва «Пошукі забытага імя», якая распавядае пра даследаванне тэмы аўтарства гэтага твора. А трэці раздзел выдання мы прысвяцілі Гарадоцкаму краязнаўчаму музею.
Прадставіць выдавецтва на Дні беларускага пісьменства таксама распачатую ў гэтым годзе серыю «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». У ёй ужо выйшлі кнігі Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Грачанікава, Навума Гальпяровіча, Генадзя Пашкова, а ў хуткім часе з'явіцца кніга Максіма Танка. Плануюць прэзентаваць на свяце і абноўленую серыю «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». У ёй выйшлі кнігі, прысвечаныя Максіму Багдановічу, Янку Купалу, а якраз напярэдадні свята выходзіць кніжка пра Якуба Коласа. Над гэтым выданнем, як і над кнігай пра Янку Купалу, працавала доктар філалагічных навук Наталля Якавенка. На Дні беларускага пісьменства выдавецтва прадставіць таксама серыю «Народная бібліятэка», дзе выйшла каля 10 кніжак. Сярод іх — творы Янкі Маўра, Вячаслава Адамчыка, Аляксея Дударава, Георгія Марчука і іншых вядомых пісьменнікаў. Акрамя гэтага, прэзентуюць серыю «Мір класікі» , у якой выходзяць творы беларускіх аўтараў (Шамякін, Мележ, Караткевіч і іншыя) у перакладзе на рускую мову, а таксама творы класікаў рускай літаратуры. Можна будзе знайсці і кнігі для юных чытачоў, што выйшлі ў серыях «Жывая класіка дзецям», «Я люблю чытаць» і іншых. Тых, хто любіць зборнікі з падборам твораў па пэўнай тэме, зацікавіць серыя «100 вершаў». Вядома, не абыдзецца і без сустрэч з пісьменнікамі, таму, як звычайна, будзе магчымасць трапіць на прэзентацыі кніг і знайсці сваю.
Рака памяці і шлях да зорак...
А калі вы прыхільнік літаратуры, скажам, па краязнаўстве, цікавіцеся тэмай Вялікай Айчыннай вайны, масава-палітычнымі выданнямі, то такія кнігі вас будуць чакаць на стэндзе выдавецтва «Беларусь», у асартыменце якога на сёння парадку 600 найменняў у прайс-лісце. Тут прапаноўваюць самую разнастайную літаратуру, каб задаволіць густы шырокага кола чытачоў.

— Штогод да Дня Беларускага пісьменства выдавецтва «Беларусь» рыхтуе кнігу, прысвечаную рэгіёну, у якім праходзіць свята. І сёлета такім выданнем стаў фотаальбом «Гарадоцкі край», які ўтрымлівае інфармацыю пра галоўныя славутасці раёна на трох мовах з ілюстрацыямі. Кніга «Рака памяці» — таксама прысвячэнне Віцебскаму рэгіёну. У яе аснове — дарожны нарыс, напісаны па слядах унікальнай экспедыцыі беларускіх і расійскіх журналістаў ад вытоку ракі Заходняя Дзвіна да Віцебска. Увогуле, выдавецтва «Беларусь» выпускае ад масава-палітычных выданняў, да дзіцячай і вучэбнай літаратуры, фотаальбомы, якія распавядаюць пра Беларусь. У Гарадку мы прадставім выданні па краязнаўстве, кніжныя навінкі масава-палітычнай літаратуры, якая цяпер карыстаецца вялікім попытам, — распавядае загадчык аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская. — За апошні год у нас таксама ўбачылі свет кнігі, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, такія як «Свяшчэнная памяць Вялікай Перамогі», «Без тэрміну даўніны». Вядома, прадставім дзве кнігі «Генацыд беларускага народа». Будуць у наяўнасці кнігі з серый «Славутыя мастакі Беларусі», «Падарожжа па родным краі» і іншыя. Таму пастараемся па максімуме прадставіць той асартымент, які мае наша выдавецтва. Акцэнт зробім на тэмы, якія заўсёды актуальныя, а ў сённяшніх рэаліях набываюць асаблівую цікавасць і каштоўнасць. Таксама не пакінем без увагі і нашых юных чытачоў. У нас ёсць шырокі асартымент дзіцячай літаратуры, прычым добра ілюстраванай, беларускамоўнай. Яшчэ мы плануем сустрэчы, прэзентацыі з удзелам аўтараў дзіцячых кніг. Так, будзе ў нас Жанна Міус з прэзентацыяй сваіх кніг. І запрашаем на сустрэчу з Наталляй Адарчэнка — гэта дзяўчына, якая перамагла ў конкурсе «ЛітАп» і напісала кнігу «Малінка ў горадзе», якую мы выдалі. І ў Гарадку аўтар прадставіць сваю кнігу, правядзе аўтограф-сесію. Вядома, не абыдзецца без віктарын, конкурсаў і каштоўных падарункаў.
Колькасць прапаноў ад выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» таксама па-добраму ўражвае. Тут напярэдадні новага навучальнага года выйшла шмат кніг, вучэбных дапаможнікаў. Напрыклад, вучэбны дапаможнік «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку» не толькі абнавілася зместам, але і здабыла новы элемент дапоўненай рэальнасці — аўдыягід. А з дапамогай дадатку «AІV — дапоўненая рэальнасць» карцінкі ў 3D-мадэлі ажываюць.

— Да новага навучальнага года наша выдавецтва выпусціла навукова-папулярнае выданне «Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучаснасць». Гэтая кніга ўнікальная канцэпцыяй і ўяўляе сабой зборнік матэрыялаў пра розныя аспекты адукацыі і асветніцтва на тэрыторыі беларускіх зямель, пачынаючы з часоў Полацкага княства і да сённяшніх дзён. Кніга аздоблена шматлікімі ілюстрацыямі і звяртае на сябе ўвагу высокім мастацкім афармленнем і сучасным дызайнам, — дзеліцца начальнік аддзела маркетынгу выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Дзмітрый Кашавар. — Сумесна з Беларускім фондам міру і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі наша выдавецтва працавала над выпускам кнігі «Школы свету ў Беларусі». У ёй сабраны вопыт работы 115 навучальных устаноў, якія маюць статус «Школа свету». Дадзенае выданне нацэлена на садзейнічанне выхаванню дзяцей і моладзі на прынцыпах міру, згоды і ўзаемаразумення з усімі, хто жыве на нашай зямлі. А ў гонар 105-годдзя пагранічнай службы нашай краіны выдавецтва сумесна з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь падрыхтавала і выпусціла зборнік мастацка-дакументальных навел «Лёсам павенчаныя з мяжой». Там сабраны жыццёвыя гісторыі тых, хто ў любое надвор'е і пры любых абставінах, нярэдка рызыкуючы жыццём, вырашае адказныя задачы па ахове і абароне дзяржаўнай граніцы. А выданне «Шлях да зорак. Беларусы ў космасе» пашырыць веды дзяцей аб гісторыі асваення космасу, пазнаёміць сваіх чытачоў з дасягненнямі беларускай навукі ў развіцці касмічнай галіны. Тым, хто цікавіцца беларускай культурай, будуць карысныя кнігі «Беларускія народныя рамёствы» і «Святочны калейдаскоп. Беларускія народныя традыцыі». Гэтыя кнігі маюць QR-коды з выхадам на аўдыяверсіі тэкстаў, агучаныя прафесійнымі артыстамі. Для малодшых школьнікаў цікавымі застаюцца кнігі з серыі «Планета жывёл», з якіх можна даведацца пра жывёльны свет Беларусі і замежных краін. І ў хуткім часе серыю чакае папаўненне новымі выданнямі адпаведнай тэматыкі. Упэўнены, тыя, хто ведае нашы кнігі, абавязкова завітае на сустрэчу з імі і на Дні беларускага пісьменства.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».