Стартуе маладзёжны конкурс арыгінальных праграм для тэлебачання, радыё і інтэрнэт-платформ «Цівіяр»
04.04.2022
Просмотры: 1094
У гэтым годзе мерапрыемства прымеркавана да 55-годдзя кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Белдзяржуніверсітэта. Мэта праекта заключаецца ў пошуку арыгінальных канцэпцый для тэлебачання, радыё і анлайн-платформ, а таксама ў знаёмстве моладзі з прафесіяй журналіста і раскрыцці яе творчага патэнцыялу.
Да ўдзелу запрашаюцца студэнты вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцы 9-11 класаў гімназій, ліцэяў і школ.
Прыём заявак пройдзе
з 5 красавіка па 15 мая. Канкурсантам трэба запоўніць заяўку, апісаць ідэю праекта, прыкласці прыкладны сцэнарый і адправіць у выглядзе файла на электронную пошту:
audiovizfj@gmail.com.
Работы ацэняць у дзвюх
намінацыях: «Праект для тэлебачання/YouTube» і «Радыёпраект/Падкаст». Аўтараў найлепшых ідэй запросяць для іх прэзентацыі перад прафесійным журы.
Другі этап запланаваны ў чэрвені. Журы ацэньваюць арыгінальнасць і змястоўнасць праектаў, іх сацыяльную значнасць і перспектыву рэалізацыі.
Па выніках публічнай абароны будуць вызначаны па тры пераможцы ў кожнай намінацыі. Яны атрымаюць памятныя падарункі і запрашэнне на стажыроўку ў Белтэлерадыёкампанію. Акрамя таго, для ўсіх фіналістаў прадугледжаны адукацыйныя мерапрыемствы: экскурсіі, творчыя сустрэчы з журналістамі, рэжысёрамі і блогерамі, квэсты і гульні.
Арганізатарам конкурсу выступае факультэт журналістыкі БДУ сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй.
Упершыню конкурс маладзёжных праектаў «Цівіяр» прайшоў у 2021 годзе. Яго ўдзельнікамі сталі студэнты БДУ, ГрДУ імя Я. Купалы, БрДУ імя А. С. Пушкіна, БДТУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, а таксама старшакласнікі з Баранавіч, Бабруйска, Мазыра, Камянца, Івацэвічаў і інш. Перамогу атрымалі чатыры праекты студэнтаў БДУ. Усяго было разгледжана каля 50 ідэй для праграм для тэлебачання і радыё.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».