Настройки
Настройки шрифта
PT Sans
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Министерство информации Республики Беларусь
Главная / Новости

Тры кіты выдавецтва «Мастацкая літаратура»

18.05.2023
Просмотры: 738
З 2021 года ў склад падведамнага Мінінфарму выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўвайшлі дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы «Маладосць», «Полымя» і «Нёман». Што змянілася ў рэдакцыйнай палітыцы, чым выданні жывуць сёння, расказалі іх галоўныя рэдактары.

5_19_volga_racevich.jpg

Вольга Рацэвіч, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»:

— Сёння часопіс «Маладосць» — гэта каляровае, стылёвае і цікавае выданне, у якім заўсёды рады таленавітай, адданай роднаму слову моладзі. Мы знялі ўзроставы цэнз для сваіх аўтараў, а таксама вярнуліся да традыцыйнага напаўнення часопіса, і цяпер на яго старонках артыкулы вядомых даследчыкаў, архівістаў, журналістаў суседнічаюць з інтэрв’ю з маладымі мастакамі, спробамі пяра і прафесійнай прозай.

З мінулага года пачалі рубрыку «Старонка родная» і здзівіліся, як актыўна маладыя аўтары сталі пісаць нам пра малую радзіму — вёскі, гарады… Відавочна, тэма гістарычнай памяці маладым блізкая. Не так і рэдка моладзь у сваіх творах разважае пра жыццё і смерць.

5_19_maladost-04-2023.jpg

Калі казаць пра жанравую разнастайнасць паэзіі, то аўтары ўсё больш адыходзяць ад класічных форм і выбіраюць свабодную форму верша. Шмат тых, хто піша ў так званай «тэхніцы патоку свядомасці» (без выкарыстання вялікіх літар і знакаў прыпынку). Некаторыя, наадварот, звяртаюцца да цвёрдых форм: санета, трыялета, лімерыка, запазычанага ў японцаў хайку. Маладыя празаікі ў сваю чаргу аддаюць перавагу апавяданню, радзей — аповесці і зусім рэдка — раману. Як вынік самакапання ды самааналізу ўсё часцей узнікаюць рэфлексіі, імпрэсіі, мініяцюры, эсэ, заснаваныя на ўражанні ад той ці іншай з’явы. Міфалагічныя казкі, фантастычныя нарысы, дакументальна-мастацкія біяграфіі — усё гэта ёсць у «Маладосці».

Красавіцкі нумар прымеркаваны да 70-годдзя часопіса, мы прэзентуем яго на сустрэчах з аўтарамі і чытачамі. Стараліся зрабіць яго па-святочнаму асаблівым: адказалі на правакацыйныя пытанні паэта, празаіка, дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся Бадака; узялі інтэрв’ю ў Галіны Разанавай — удавы паэта Алеся Разанава; а яшчэ пагаварылі з паэтэсай Раісай Баравіковай пра каханне, зорнае неба ды будучыя кнігі. Да таго ж вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Таццяна Кекелева падрыхтавала эксклюзіўны матэрыял — лісты за 1953—1958 гады супрацоўнікаў часопіса «Маладосць» аўтарам.

На далейшую перспектыву, як і заўсёды, плануем напаўняць часопіс цікавымі матэрыяламі, адкрываць новыя імёны, спрыяць і дапамагаць маладым. А ў канцы года будзем падводзіць вынікі конкурсу ад часопіса «Маладосць» — на найлепшы празаічны твор для юнацтва і моладзі. Узрост удзельнікаў неабмежаваны, а аб’ём тэксту не павінен перавышаць чатыры аўтарскія аркушы. Творы лаўрэатаў конкурсу складуць зборнік прозы, які пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Віктар Шніп, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»:

5_19_shnip.jpg

— Часопісу «Полымя» сто гадоў, і мы па меры магчымасцяў імкнемся захоўваць даўнія традыцыі гэтага паважанага выдання. Так, на працягу дзесяцігоддзяў аснову зместу нашага часопіса нязменна складае сучасны літаратурны працэс — проза і паэзія. Зразумела, час ідзе, змяняюцца аўтары, супрацоўнікі, змяняюцца галоўныя рэдактары, абнаўляецца канцэпцыя, але асноўнае застаецца: галоўная наша магістраль — гэта беларуская сучасная літаратура і яе найлепшыя творцы і творы. 

Тым не менш за сто гадоў на старонках часопіса шмат што змянілася. З’явіліся новыя жанры і фарматы, а некаторыя, наадварот, сышлі ў нябыт. Так, апошнія гадоў пятнаццаць актыўна развіваецца кірунак навуковых публікацый. У нашым выпадку гэта ВАКаўскія артыкулы, якія дазваляюць літаратуразнаўцам абараняць дысертацыі, пацвярджаць навуковыя званні. Фармат для часопіса адносна новы, раней такога не было.

5_19_polyma-04-23.jpg

Асаблівую папулярнасць набыў фармат круглых сталоў. На другое паўгоддзе на старонках выдання ўжо запланаваны два. Першы з іх — «Глыбінка ці глыбіня?», у якім удзельнічаюць старшыні абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кожны па-свойму бачыць поспехі, праблемы і перспектывы ў літаратурнай сферы. Пасля мяркуецца круглы стол «Чым жывеш, бібліятэка?», у якім возьмуць удзел пісьменнікі і супрацоўнікі бібліятэк Беларусі. Праблемы, узнятыя выступоўцамі, можна вырашаць супольнымі намаганнямі бібліятэкараў і літаратараў. Тэма вельмі важная, бо цяпер кнігі даходзяць да чытачоў часцей не праз кнігарні.

Асноўная задача, якую ставяць перад сабой рэдактары «Полымя», — друкаваць найлепшае з таго, што напісалі нашы пісьменнікі. Калі рэцэнзіі, то самыя грунтоўныя, калі аповесці, значыць першага гатунку. Галоўнае — трымаць тыя ўзровень і аўтарытэт, якія заўсёды былі ў часопіса. На жаль, ні Іван Шамякін, ні Васіль Быкаў, ні Уладзімір Караткевіч, ні Міхась Стральцоў нам новых твораў не дадуць, а напісанае сучаснымі аўтарамі далёка не заўсёды прачытваецца так жыва, як ранейшае. Але такі час, і мы павінны гэта разумець. Усё праходзіць, напісанае застаецца.

Што тычыцца тэм, якія цікавяць аўтараў… Магу прыгадаць раман-версію Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго…», публікацыя якога запланавана на другое паўгоддзе 2023-га. Гэты твор пра наш час, пра 20-я гады XXI стагоддзя. У сваю чаргу Віктар Праўдзін у рамане «Непераможаны злом», запланаваным на канец года, апавядае пра тое, што было сто гадоў таму, але звязана з сучаснасцю. Паэзія ж заўсёды нечаканая. Вершы ў падборках розныя. Аўтары, зразумела, стараюцца выказваць і боль нашых чытачоў, і быць голасам людзей, якія жывуць на нашай зямлі, якія перажываюць за тое, што адбываецца ў свеце, што робіцца ў нас.

Наталія Касцючэнка, галоўны рэдактар часопіса «Нёман»:

5_19_b_n._kascyuchenka.jpg

— На працягу 77 гадоў існавання часопіса «Нёман» яго канцэпцыя амаль не змянілася. Галоўнай задачай было і застаецца фарміраванне дастойнага кантэнту, арыентаванага на духоўна-маральнае развіццё грамадства. Пры адборы для публікацыі аддаецца перавага высакаякасным літаратурным і публіцыстычным творам як вядомых, так і малавядомых аўтараў, якія адстойваюць агульначалавечыя каштоўнасці, ідэалы гуманізму і міру. Уважлівае, чулае стаўленне да сучаснага чытача, да яго інтарэсаў і запатрабаванняў таксама з’яўляецца адной з галоўных задач, якую ставіць перад сабой рэдакцыя часопіса.

5_19_neman-04-23.jpg

У другім паўгоддзі плануем прапанаваць чытачу раман Георгія Марчука «Год дэманаў» аб няпростых адносінах у творчым асяродку навуковай інтэлігенцыі, а таксама раман Зінаіды Дудзюк «Год 1812», героі якога праходзяць дарогамі вайны супраць напалеонаўскай агрэсіі. Чакае чытача і сустрэча з героямі аповесці Зіновія Прыгодзіча «Цяпло позняй восені» аб драме непадзеленага кахання. Алесь Камароўскі ў сваёй аповесці «Пенальці» раскажа пра станаўленне беларускага футбола. З прозай выступяць таксама Фёдар Конеў, Віктар Казько, Людміла Рублеўская, Мікола Намеснікаў, Алена Чыжэўская, Анатоль Мельнікаў і іншыя, паэзіяй — Анатоль Аўруцін, Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Фёдар Гурыновіч, Таццяна Лейка, Міхась Пазнякоў, Лізавета Палеес, Віктар Шніп і інш.

Чытачоў могуць зацікавіць круглыя сталы «Рэдактары аб надзённым» з удзелам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся Бадака і рэдактараў часопісаў «Полымя», «Нёман», «Маладосць», а таксама «Дерзай сказать», дзе пісьменнікі будуць гаварыць пра тое, пра што нельга маўчаць сёння.

Тэмы, што хвалююць чытача, самыя разнастайныя, але перавага аддаецца творам псіхалагічным, філасофскім, якія найбольш глыбока і праўдзіва адлюстроўваюць сучаснасць, уздымаюць вострыя праблемы сённяшняга дня. Адметнасцю выдання з’яўляецца вялікая разнастайнасць літаратурных і публіцыстычных жанраў. Раманы — як сучаснай тэматыкі, так і гістарычныя, — аповесці, апавяданні, эсэ, лірычныя мініяцюры, мемуарная літаратура, дзённікі, паэмы і вершы, нарысы і артыкулы, круглыя сталы і інтэрв’ю, рэцэнзіі на новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў…

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».