Выдавецкі дом «Звязда» запрашае на фестываль дзіцячай кнігі ў Коласаўскі музей 2 сакавіка
01.02.2023
Просмотры: 236
2 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пройдзе фестываль дзіцячай кнігі «Ідзі зіма, ідзі ў дарогу». Яго арганізатары — Выдавецкі дом «Звязда», Саюз пісьменнікаў Беларусі, Коласаўскі музей і Мінская гарадская цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк.
Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца кніжныя выдавецтвы, аўтары кніг, адрасаваных юнаму чытачу, мастакі-ілюстратары. Аўтограф-сесіі, прэзентацыі на пляцоўках музея правядуць Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Павел Гушынец, Аляксей Шаўцоў, Віктар Шніп, Іна Фралова, Алена Стэльмах, Галіна Пшонік і іншыя паэты і празаікі.
— Летась, у чэрвені, мы правялі фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды», — расказвае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. — Усім удзельнікам, гасцям музея такі творчы праект прыйшоўся даспадобы. Вось зараз і не дачакаліся чэрвеня — вырашылі раней правесці сустрэчу юных чытачоў і пісьменнікаў. Але пры гэтым у свой каляндар пазначылі на чэрвень і фестываль «Міхасёвы прыгоды». Лічу, што чым болей такіх свят будзем ладзіць, тым большай будзе ўвага да кнігі, да чытання. У справе выхавання школьнікаў гэта сёння адна з самых актуальных, на мой погляд, тэмаў.