Газеце «Жыццё Палесся» –100!

Газеце «Жыццё Палесся» –100!

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў павіншаваў калектыў установы «Рэдакцыя газеты «Жыццё Палесся» са 100-гадовым юбілеем з дня выхаду першага нумара газеты.

За 100 гадоў выданне некалькі разоў мяняла назвы: «Чырвонае Палессе», «Калгаснік Мазыршчыны», «Бальшавік Палесся», «Зара» – і прайшло нялёгкі шлях трансфармацыі, набыўшы адметныя рысы, унікальнасць і непаўторнаць, але захавала традыцыйныя пастулаты журналістыкі.

Міністр адзначыў, што ў «Жыцця Палесся» заўсёды быў зладжаны творчы журналісцкі склад, у тым ліку і пазаштатных аўтараў. У розны час тут працавалі вядомыя беларускія пісьменнікі: Іван Навуменка, Усевалад Краўчанка, Дзмітрый Сергіевіч, Леанід Прокша.

«Адметна і вельмі паказальна, што на працягу 30 гадоў газету ўзначальвае выдатнік друку Беларусі, член саюза журналістаў, лаўрэат прэміі «Залатое пяро» Ларыса Пятроўна Чорная.

І ў тым, што выданне менавіта такое – у многім яе заслуга. Сведчаннем заслужанага аўтарытэту і прызнання «Жыцця Палесся» ў медыяпросторы – шматлікія ўзнагароды за творчасць і прафесіяналізм», – падкрэсліваецца ў віншаванні.

Эканамічная, сацыяльная, палітычная і духоўная сферы сучаснага жыцця грамадства аб’ектыўна і аператыўна асвятляюцца на старонках выдання. Адданыя чытачы з цікавасцю і любоўю чакаюць кожны нумар на працягу многіх гадоў, каб даведацца пра жыццё нашай краіны і рэгіёна.

Уладзімір Пярцоў пажадаў калегам, каб няпросты працэс выпуску газеты прыносіў ім толькі асалоду і задавальненне, каб творчы запал не згасаў, а таксама плёну на інфармацыйнай ніве, натхнення, адзінства, дабрабыту і добрага здароўя.

Апублікавана:
Праглядаў:
80